Як праходзіць галасаванне на закрытым участку ў цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы
У дзень рэспубліканскага рэферэндуму на Астравеччыне працуе закрыты ўчастак для галасавання – ён размясціўся ў цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы.
Тут могуць прагаласаваць пацыенты стацыянару, а таксама тыя, хто лечыцца ад каронавіруса дома. Адзін з тых, хто ў нядзелю ляжаў у бальніцы, Уладзіслаў Янчэўскі.
– Збіраліся з жонкай схадзіць на ўчастак у нядзелю, а 23 лютага я трапіў у бальніцу, – расказвае мужчына. – Добра, што ёсць магчымасць прагаласаваць у бальніцы. Праект Канстытуцыі пачытаў, з усімі змяненнямі згодзен, таму аддаў свой голас за нашу будучыню і краіну!
Працэдура галасавання на закрытым участку нічым не адрозніваецца: галасуючы паказвае пашпарт, ставіць подпіс у спісе галасуючых грамадзян, атрымлівае бюлетэнь – і робіць свой выбар.
Старшыня закрытага ўчастка для галасавання №25 Андрэй Дэрвіс расказвае, што для хворых на каронавірус, якія лечацца амбулаторна, парадак наступны: чалавек тэлефануе на ўчастак па месцы жыхарства, які перадае атрыманую інфармацыю на закрыты ўчастак у ЦРКБ, – пасля чаго камісія выязджае да грамадзяніна на дом.
Пры такіх выездах захоўваюцца ўсе меры перасцярогі: члены камісіі знаходзяцца ў сродках індывідуальнай абароны, пасля галасавання ўрну апрацоўваюць дэзынфіцыруючымі сродкамі.
Дарэчы, напярэдадні рэферэндуму Міністэрства аховы здароўя і Цэнтрвыбаркам узгаднілі рэкамендацыі па санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемствах – увага прафілактыцы распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый і каронавіруса надаецца на ўсіх участках для галасавання.
#референдум #конституция