За будучыню дзяцей і ўнукаў прагаласаваў стогадовы Антон Курцэвіч
Антону Францавічу Курцэвічу сёлета спаўняецца 100 “пашпартных” гадоў – на самой справе яму ўжо 102. Але дзядуля яшчэ на сваіх нагах і пры сваім розуме – як кажуць, дай бог кожнаму.
Усё жыццё ён пражыў у Мядзельскім раёне. Цяпер, яго дачка, жыхарка Астраўца Галіна Войшка, забрала бацьку на зіму да сябе. Таму Антон Францавіч прыпісаны да ўчастка для галасавання №1, што размяшчаецца ў СШ №1. Хоць і недалёка, але дайсці цяжка, таму па просьбе Галіны Антонаўны члены камісіі Аляксандр Коўзан і Дзмітрый Пешка прыйшлі да пажылога чалавека дахаты – на шчасце, Выбарчы кодэкс прадастаўляе магчымасць галасавання на даму для хворых і нямоглых.
– Я аддаю свой голас за будучыню дзяцей і ўнукаў, – сказаў, апускаючы бюлетэнь у урну, стогадовы Антон Курцэвіч.
Голас чалавека, які пражыў доўгае і цяжкае жыццё, як і тысячы іншых жыхароў Астравеччыны, будзе ўлічаны пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны.
#референдум #конституция
Ніна АЛЯКСЕЕВА.