Узнагароды, адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба – у Астраўцы адзначылі Дзень абаронцаў Айчыны

18:29 / 23.02.2022

Мужныя, смелыя, моцныя, верныя – у гэты дзень віншаванні, заслужаныя ўзнагароды і ўдзячныя ўсмешкі жанчын былі накіраваны нашым абаронцам. Урачыстае святкаванне і ўшанаванне лепшых прадстаўнікоў сілавых структур прайшло ў шматфункцыянальным культурным комплексе.

– Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам стойкасці, мужнасці і самаадданага служэння Айчыне, доблесці многіх пакаленняў, – віншуючы прысутных, сказаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін. – У гэты дзень мы аддаём глыбокую павагу ўсім, хто служыў на карысць Радзімы, і тым, хто толькі рыхтуецца ўступіць у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь; хто сёння служыць краіне; хто бярэ на сябе адказнасць за спакой і парадак на роднай зямлі. Гэта свята сапраўдных мужчын, якія і ў мірны дзень абараняюць ад усіх нягод свой дом, сям’ю, дзяцей. Подзвігі нашых доблесных папярэднікаў запісаны ў падручнікі гісторыі, іх імёнамі названы вуліцы. Наша армія забяспечвае грамадзянам найвышэйшую каштоўнасць – мірнае неба над галавой. Ад імя жыхароў Астравецкага раёна дзякую ўсім ваеннаслужачым. Вы захоўваеце канстытуцыйны парадак і цэласнаснасць краіны, засцерагаеце наша мірнае жыццё. Дзякуй за прафесіяналізм і вернасць Айчыне, за нашы спакой і бяспеку. 

Ігар Яраслававіч уручыў Падзячныя граматы і лісты Астравецкага райвыканкама начальніку пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №3 Астравецкага РАНС Івану Васечку, старшаму следчаму раённага аддзела Следчага камітэта Валерыю Арлоўскаму, начальніку аддзялення пагранічнага кантролю “Гудагай” Юрыю Базылевічу, інспектару дарожна-патрульнай службы Аляксандру Гродэлю, начальніку групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Рыгору Дземідовічу, следчаму райаддзела Следчага камітэта Аляксею Дзяшко, участковаму інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэю Клютчэню, начальніку караула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Яўгену Мілашу.

Ваенны камісар Астравецкага раёна Дзмітрый Багуслаўскі таксама павіншаваў прысутных з гэтым значным днём і ўручыў юбілейныя медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” начальніку райаддзела ўнутраных спраў Дзмітрыю Місюку, “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” – старшаму пракурору Яўгену Пятніцкаму, “За бездакорную службу ІІІ ступені” – начальніку аддзела кадраў гвардзейскага зенітнага ракетнага палка Вераніцы Дземідовіч.

Ад старшыні раённай арганізацыі “Беларускага фонда міру” Альдоны Сухадольскай генеральны дырэктар УП БелАЭС Міхаіл Філімонаў і начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Місюк атрымалі памятныя медалі гэтага грамадскага аб’яд нання.

Падчас святкавання былі і іншыя прыемнасці, напрыклад, урачыстае адкрыццё клуба “Еднасць” – 16-га ў рэспубліцы – на базе сярэдняй школы №3 г. Астраўца. А таксама музычныя і танцавальныя нумары ад дарослых і маленькіх артыстаў, празаічныя філасофскія замалёўкі – у гэты дзень усё было для іх – нашых мужных і верных абаронцаў. 

















Текст:
Фото: Алёна Ганулич