Пра армейскія будні ўспамінаюць астраўчане
09:03 / 23.02.2022
І кожны раз напярэдадні 23 лютага нашы браты, бацькі, дзяды – тыя, хто прайшоў школу сапраўднага мужчыны, – успамінаюць гады салдацкага жыцця – для многіх больш цікавыя і дарагія…
Анатоль Садоўскі, 1984-86 гг., г. Лепель (Беларусь) «Трое ботаў стаптаў за 2 гады»

Спачатку з аднакласнікам Юрам Бабойцем нас адправілі ў Гродна – парадавала: удваіх спакайней і прасцей. Дарэчы, да гэтага часу з ім стасуемся. Ды і бацькі разам да нас прыязджалі – усё ж 250 кіламетраў. Адведвалі, падкормлівалі. (Смяецца.)
Армейскі рэжым – гэта не ў мамкі дома, асабліва першыя паўгода. Вучаць цябе, салагу, усяму – а ты павінен выконваць і падпарадкоўвацца. Там забываеш выраз «раблю, як хачу» – пачынаеш жыць па ўставе. Хоць я не мамкін сынок, на вуліцах вырас, аднак цяжкавата давялося. А потым прывык, і нават спадабалася.
І мазолі крывавыя былі – як ва ўсіх, пакуль парцянкі не навучыўся матаць. А як жа: пад’ём за 45 секунд! Ускочыў – і пабег. Вяртаешся з прабежкі ўжо з мазолем. Лячы – і вучыся матаць парцянкі. (Смяецца.) Трое ботаў стаптаў за 2 гады.
Служылі разам беларусы, узбекі, украінцы, і чачэнец быў. У вольную хвілінку за ягадамі ў суседні лес хадзілі, на рэчку купацца – праз плот пералазілі…
Адпачынак мой прыпаў на час, калі рвануў Чарнобыль. Пашчасціла, можна сказаць: не адазвалі з дому, калі з часці адпраўлялі калону машын на дапамогу. Мабыць, палічылі непатрэбным – ажыятажу ж па першым часе не было…
Ды і не адправілі б мяне: вадзіцель-акумулятаршчык – гэта значыць, я – павінен быў увесь час знаходзіцца на сваім месцы і нават падчас вайны апошнім пакінуць часць: тэхніка стаяла на «нз», неабходна было для яе ў любую хвіліну выдаць зараджаныя акумулятары, каб магла выехаць.
Больш за ўсё запомнілася, як ездзілі на баявую стральбу на палігон «Капусцін Яр» у астраханскі стэп. Там бачыў, як узлятаюць ракеты, – неперадавальна! Глядзіш – і захапляешся, а як падумаеш, куды гэта магутнасць можа прызямліцца і якія будуць наступствы, – то не дай бог! Месяц на вучэннях былі. Жылі ў палатках – быў люты, мароз –300С, снегу па вушы – тая яшчэ загартоўка. Але нічога, перажылі.
Маці дадому мяне не чакала – не папярэдзіў, што дэмабілізаваўся. Проста прыехаў і адкрыў знаёмыя дзверы. А яна заплакала…
Сяргей Касцючэнка, 1978-80 гг., г. Петразаводск (Карэлія) «Пісаў заяву на Чачню»

Мне ўсё роўна было, куды забяруць. Куды Радзіма накіруе, туды і паедзеш.
Шмат сярод нас было прыбалтаў, а з беларусаў – толькі я і Вася Сарочка са Слоніма, пазней прыйшоў яшчэ адзін з Віцебшчыны.
Провады справілі, як і ва ўсіх: шмат моладзі сабралася, бацькі, каханая абяцала чакаць. І чакала – першы год…
Лісты пісаў дадому часта, званіў ужо толькі перад дэмбелем, і то, калі ў горад змог выбрацца і на пошту забегчы. Кароценькія былі званкі – толькі каб голас родны пачуць…
Прырода прыгожая ў Карэліі, граніца з фінамі – рукой падаць, фільмы па іх тэлеканалах глядзелі. Зімой снегу шмат, маразы да –350С і вільготнасць вялікая – абмарозіцца прасцей простага. Саслужыўцы-азіяты пераносілі такое надвор’е цяжка.
Служба прайшла на баявым дзяжурстве на аэрадроме. Мы асвятлялі ўзлётна-пасадачную паласу, на якой трэніраваліся маладыя лётчыкі, давалі накірунак на пасадку. На запасныя аэрадромы, бывала, выязджалі.
Баявое дзяжурства – гэта не казарма: тут былі, як гаворыцца, самі па сабе. Працавалі, адпачывалі, раз на месяц выязджалі ў часць за прадуктамі: кансервамі, крупамі, бульбай. Дарэчы, бульба была высушая – каб прыгатаваць, трэба размачыць.
У казармах жа нам давалі падрыхтоўку па спецыяльнасці, што патрабавалася на аэрадроме, – аператар па машынах ПМ-90.
Самому сесці за штурвал самалёта? Не, не хацелася – усё ж баявая машына. А вось каля «спіртавоза» (спірт у самалётах прымяняўся па тэхнічных патрабаваннях, яго дастаўляў спецыяльны самалёт. – Заўв.аўт.) пакруціўся, крыло пагладзіў.
У адпачынак прыязджаў аднойчы – як адслужыў 1,5 гады. Дабіраўся з Петразаводска самалётам да Ленінграда, адтуль да Вільнюса, а «па месцы» да Гудагая ўжо на дызелі. З 15-ці дзён дома пабыў 8 – астатнія на дарогу сюды-туды патраціў.
У 89-м пайшлі наборы ў Чачню, але нас на баявым дзяжурстве гэта не датычылася, ды і служыць заставалася некалькі месяцаў – змену падрыхтаваць трэба было. Хоць многія з саслужыўцаў тады заяву пісалі, каб узялі, – і я таксама. Не, не рамантыкі хацелася. Можа, змяніць абстаноўку? Да таго ж пра тое, што там ды як, толкам мы нічога не ведалі…
Дні да дэмбелю не лічыў – моладзь лічыла. (Смяецца.) Была ў нас такая традыцыя.
Дадому вяртаўся разам з сябрам – спецыяльна чакаў яго дэмбеля. Ён служыў недалёка, кіламетраў 50, ад мяне.
А на парозе дома сустрэла мама – плакала ад радасці…
Іван Пляўга, 1985-87 гг., г. Вэспрэм (Венгрыя) «Захоўваю і форму, і значкі, і шынель»

Прызываўся з астравецкага ваенкамата – сам я варонскі. Восем дзён у каранціне ў Мар’інай Горцы – а куды далей, ніхто не ведаў.
Трапіў у Венгрыю. Служыў у Паўднёвай групе войскаў, якая базіравалася на граніцы НАТА з краінамі Варшаўскага дагавору.
Першыя паўгода быў у вучэбцы, потым нас перакінулі на заходнюю граніцу, там яшчэ указальнік стаяў «г.Вена – 67 кіламетраў».
Паўтара гады служыў ва ўзорна-паказальным узводзе(130-ты полк 2-гі батальён 1-я рота 1-шы паказальны узвод) – камандзірам танка і намеснікам камандзіра ўзвода. Да слова, у камандзірскім люку танка я адчуваў сябе ўтульна. (Смяецца.)
Армія тады была інтэрнацыянальная – толькі ў маім узводзе служылі грузіны, украінцы, казахі. Яна лічылася легендарнай і непераможнай, бо ўсе знаходзілі агульную мову…
Шмат запамінальных момантаў было. Так, давялося разок стральнуць з супрацьтанкавага кіруемага снарада, які на той час каштаваў як савецкі аўтамабіль – каля шасці тысяч рублей! Прамахнуцца, казалі нам, немагчыма – але здаралася: ці то ад хвалявання, ці то ад боязі сапсаваць такую дарагую рэч некаторыя не траплялі ў цэль. І тады экіпаж са спецыяльным танкавым бервяном тройчы бег да мішэні, нібы рэагуючы на «загад» кнопак на панэлі танка: «замер» – першы забег, «стрэл» – другі, «скіданне» – трэці. Я, на шчасце, не прамазаў…
У мясцінах, дзе я служыў, вельмі суровы клімат. У –250С такая сырасць і туман – нічога не відаць. Праз 15-20 хвілін знаходжання на дварэ на табе ўсё пачынае мерзнуць. Цяжка дыхаць: уздыхнуў – і закашляўся. Дадайце да гэтага фізічныя нагрузкі. Аголеныя рукі і ногі стараліся засцерагчы: нават драпіну ў такіх умовах загаіць было вельмі складана.
Са звыклай ежы бульбу бачылі рэдка, хлеб быў у асноўным кукурузны. Салдацкая каша з пярлоўкі ці грэчкі – самая частая страва. Усе марылі прыехаць дадому і наесціся ўдосталь хатняга.
Бацькі не ведалі, калі ў мяне дэмбель, але надчэквалі – за тэрмінам сачылі пільна. Ды і я раніцай яшчэ служыў, а вечарам прыйшла навіна: «Заўтра вы адбываеце на радзіму!»
Так і вярнуўся – неспадзявана. І з падарункамі для знаёмых дзяцей: цэлы чамадан гумак прывёз.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.