Пра родную мову разважаюць настаўнікі Наталля Ярмак і Аксана Кіндзер

15:41 / 21.02.2022
Жыццё сёння – суцэльнае свята: кожны дзень інтэрнэт паведамляе нагоду для віншаванняў: то дзень сяброў, то пацалункаў, то  батарэйкі…

Ды ёсць у календары свята, пра якое памятаюць не ўсе – а хочацца, каб яно стала асаблівым для кожнага беларуса. І каб адзначалася не адзін дзень, а круглы год. Я пра Міжнародны дзень роднай мовы, які прыпадае на 21 лютага. Ці многія ўспомнілі пра яго і хоць бы ў гэты дзень загаварылі па-беларуску?

Пра родную мову, яе лёс і перспектывы мы пагутарылі з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры: Наталляй Ярмак, якая працуе ў Міхалішкаўскай школе 22-гі год, і яе калегай Аксанай Кіндзер, якая выкладае свой прадмет у СШ №2 5-ы год.



Наталля Ярмак



Аксана Кіндзер

– Чаму з мноства прафесій вы выбралі настаўніцкую? І чаму менавіта беларускую мову і літаратуру?

Наталля Ярмак: 

– У нашай сям’і выхоўвалася шасцёра дзяцей, я – самая малодшая. Тры старэйшыя сястры – настаўніцы, дзве з іх – беларускай мовы і літаратуры. Розніца паміж намі вялікая, 12 і 15 гадоў адпаведна: яны ўжо вучыліся ў горадзе, калі я «пяшком пад стол хадзіла». Мне вельмі хацелася быць такімі, як яны: прыгожай і разумнай. Сёстры прыязджалі дахаты, прывозілі цікавыя кнігі па літаратуры – я садзіла ў радок сваіх лялек і «вучыла» іх. 

Да таго ж наша мама, Алена Іванаўна Сямашка, калі я ў школьныя гады часам спрабавала загаварыць «па-гарадскому», строга асаджвала: «Не крыві сваю мову, гавары па-людску!» «Па-людску» азначала – па-беларуску, так, як усе ў вёсцы.

Ды і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганарата Іванаўна Чарняўская, якая была нашым класным кіраўніком, паўплывала на выбар прафесіі.

Напачатку я па прыкладу яшчэ адной нашай сястры пайшла ў Лідскае педвучылішча на настаўніцу пачатковых класаў. Але, як толькі закончыла, паступіла на завочнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта на філалагічны факультэт: вырашыла спраўдзіць дзіцячую мару ў поўным аб’ёме. Пачатковы клас вяла толькі 4 гады, а затым увесь час – беларускую мову і літаратуру.

Аксана Кіндзер:

– Калі вучылася ў Варнянскай школе, беларускую мову і літаратуру ў нас выкладала класны кіраўнік Ганна Мечыславаўна Пацэль. Гэта вельмі цікавы чалавек, яна разу­мела моладзь, у яе былі выдатныя ўрокі, вельмі карысныя і цікавыя – мы глядзелі на сваю настаўніцу з захапленнем і замілаваннем. Ганна Мечыславаўна была для мяне прыкладам ва ўсім! І ў адзінаццатым класе я вырашыла, што хачу быць настаўнікам, і менавіта беларускай мовы і літаратуры.

– Як вы лічыце, беларускім філолагам цяпер цяжэй працаваць, чым іх калегам, якія выкладаюць рускую мову і літаратуру ці, скажам, замежную мову?

Наталля Ярмак: 

– Цяжка сказаць… Сёння ўсім настаўнікам няпроста, беларускія філолагі не выключэнне. У нас проста свае, асаблівыя цяжкасці. Двухмоўе, пры якім перавага аддаецца рускай мове, зрабіла сваю справу. Прыкра, калі дзеці пра спрадвечныя беларускія словы часам пытаюць: што гэта азначае?

Аксана Кіндзер:

– Так, беларусазнаўцам цяжэй, і чым далей, тым больш. Яшчэ гадоў 10 таму, калі я была школьніцай, мы з сяброўкамі вырашылі, што будзем размаўляць толькі на роднай мове – і адчулі, якая яна мілагучная, прыгожая. Хацелася, каб, слухаючы нас, і іншыя гэта разумелі.

Цяпер жа і дзяцей, і дарослых беларуская мова не вельмі цікавіць: усе стасуюцца на рускай, па-руску перапісваюцца ў мэсэнджарах, кнігі, калі і чытаюць, то толькі па-руску. Родная мова ў Беларусі імкліва набывае статус замежнай, часта ад вучняў можна пачуць, што ім прасцей вучыць англійскую, чым беларускую. Прык­ра…

– Ці даводзілася чуць ад вучняў: «Навошта вучыць беларускую мову? Усё роўна яна мне ў жыцці не спатрэбіцца». І што вы адказваеце ў такіх выпадках? 

Наталля Ярмак: 

– Мне так ні разу не сказалі. Як бы ні было, выпускнікі нашай школы, здаючы экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне, выбіраюць беларускую мову, на маёй памяці толькі двойчы аддавалі перавагу рускай. 

А калі недзе ў размове ўзнікае такое пытанне, то задаю сустрэчнае: а вы хто? Беларусы? То чаму пытаеце, навошта вам беларуская мова? Вы чулі калі-небудзь, каб літоўцы гаварылі на англійскай ці палякі – на нямецкай? Яны шануюць сваю мову, яна – аснова іх нацыянальнай самасвядомасці. То чаму беларусам гэта не патрэбна?

Аксана Кіндзер:

– Так, такія пытанні час ад часу гучаць. Я лічу, што кожны мае права выбару. Прымушаць некага гаварыць па-беларуску няма сэнсу. Нават калі «пераламаеш», некаторы час будзе рабіць, як загадана, а потым усё роўна – па-свойму. Абавязкова павінна з’явіцца свядомае жаданне гаварыць па-беларуску.

Але гэта не тычыцца ўрокаў беларускай мовы і літаратуры – там усе павінны размаўляць на беларускай мове. Ці хоць бы спрабаваць…

– Якую кнігу вы параілі б пачытаць, каб зразумець, што, гаворачы словамі Францішка Багушэвіча, «мова наша такая ж людская», адчуць гонар за тое, што мы – беларусы?

Наталля Ярмак: 

– Найперш, безумоўна, Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Увогуле, пераканана: для таго, каб адчуць гонар за тое, што ты  беларус, трэба чытаць Караткевіча – гэта сапраўдны патрыёт, чалавек, цалкам адданы радзіме. На вывучэнне «Каласоў…» у школе адводзіцца толькі пара гадзін, вядома ж, твор за гэты час не прачытаеш і не разбярэш, таму выдзяляю главы і раздзелы, якія паказваюць сутнасць беларуса праз асобу галоўнага героя Алеся Загорскага. І мне хочацца верыць, што кожны, хто прачытае гэты твор, зразумее: мы моцныя сваімі каранямі і калі не зразумеем, хто мы ёсць, то, напэўна, не зможам звацца беларусамі.

Аксана Кіндзер:

– Кніг я параіла б дзве: «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча.Прычым у першую чаргу – «Замак…», захапляючы дэтэктыў, якія так любіць моладзь, а ўжо потым – «Каласы…», дзе можна і з гісторыяй пазнаёміцца, і на прыкладзе галоўных герояў зразумець, як паводзяць сябе людзі ў розных сітуацыях.

– Калі б у вас былі неабмежаваныя магчымасці, што вы зрабілі б, каб вярнуць беларускай мове гонар і славу?

Наталля Ярмак: 

– Зрабіла б яе адзінай дзяржаўнай,  каб ва ўсіх структурах размаўлялі і вялі дакументацыю на беларускай мове. А так мы, настаўнікі, б’ёмся як рыба аб лёд. Часта адчуваючы марнасць сваіх намаганняў. Так, бываючы ў Мінску ці Гродна на курсах, чуеш, як маладыя людзі гавораць на беларускай мове, але гэта, мне здаецца, хутчэй даніна модзе, чым свядомы выбар. А хочацца, каб гэта быў не імгненны павеў, а ішло ад душы, і не толькі ў гэты час і ў гэтым месцы, а заўсёды і паўсюль.

Аксана Кіндзер:

– На сотню, тысячу, мільён адсоткаў пераканана, што трэба дадаць гадзін на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры. Няправільна, што ў 11 класе на працягу года на родную мову выдзяляецца толькі адна гадзіна. Ну хоць бы 3! Бо выхаванне беларускасці пачынаецца менавіта са школы. 


Текст: Нина Рыбик