Даты. Сёлета спаўняецца і адзначаецца
11:04 / 07.02.2022
55 гадоў (1967) з моманту стварэння ў Астраўцы народнага тэатра.
На яго рахунку шмат розных пастановак, пачынаючы ад купалаўскай «Паўлінкі» і макаёнкаўскага «Трыбунала» і заканчваючы спектаклем па п’есе мясцовага аўтара Ніны Рыбік «Калядны вечар».
Званне народнага прысвоена ў 1983 годзе.
50 гадоў (1972) як утвораны Астравецкі сельсавет. У склад яго ўваходзілі бліжэйшыя да райцэнтра вёскі, якія пасля скасавання гэтай адміністрацыйнай адзінкі адышлі да Гудагайскага сельсавета.
15 гадоў (2007) з моманту адкрыцця ў Камаях мемарыяльнай дошкі, прысвечанай ураджэнцу Астравеччыны, святару, паэту, публіцысту, шчыраму патрыёту Казіміру Сваяку.
40 гадоў (1982) з дня выхаду кнігі Адама Мальдзіса «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры 18 стагоддзя».
![](/upload/sotbit.htmleditoraddition/c0e/frqs0526qomi0nihiyfxckrh6iy5xhfa/1.jpg)
120 гадоў з дня нараджэння Адама Вайцяхоўскага (1902 – 15.07.1973), святара клюшчанскага і гудагайскага касцёлаў.
Ксёндз Адам Вайцяхоўскі нарадзіўся ў Вільні. Рэалізаваў сябе ў многіх сферах – у памяці людзей ён застаўся як таленавіты святар, высокаадукаваны чалавек, унікальны лекар, музыкант і пакутнік. Ксёндз, іграючы на раялі, развучваў з дзецьмі песні; створаны ім пры клюшчанскім касцёле духавы аркестр іграў на святах, суправаджаў пілігрымкі ў Вільню. У Клюшчанах пры касцёле існавала багадзельня, дзе святар апекаваўся нямоглымі і адзінокімі. Ведаў некалькі замежных моў – і пры гэтым зёлкамі і малітвай вылечваў безнадзейна хворых людзей.
Ксёндз Адам Вайцяхоўскі памёр у 1973 годзе ў мястэчку Гудагай.
Падрыхтавалі Ніна РЫБІК, Рыта ДРЭМА.