Знаёмцеся: працаўніцы малочна-таварнага комплексу “Маркуны”
15:00 / 31.01.2022
Упэўнілася ў гэтым, назіраючы за хуткімі зладжанымі рухамі аператараў машыннага даення малочна-таварнага комплексу «Маркуны» КСУП «Міхалішкі» Ганны Янушэўскай, Надзеі Пазлевіч і спрытнасцю лабаранта Марыны Трыбоцкай. Працавітыя, загартаваныя, непатрабавальныя, як і большасць вясковых працаўнікоў, жанчыны расказалі пра сябе, работу і мары.
«Ласі» прывялі на комплекс
Аператар машыннага даення Ганна Янушэўская прывыкла працаваць і не наракаць на лёс. Яна ведае: галоўнае захацець – і ісці да гэтай мэты праз усе «не магу» і «не хачу».
– Пасля пакупкі доміка ў Сароччы пайшла працаваць на малочна-таварную ферму «Ласі»: да гэтага была на гаспадарцы, потым усю жывёлу збыла і ўладкавалася ў калгас, – пачынае аповед Ганна Раманаўна. – Да працы звыклая з маленства. Нарадзілася ў Будранах. Мама была даяркай, а тата вартаўніком на ферме ў Трашчанах – ад яе ўжо і знаку не засталося.
Жанчына ўспамінае, што ў дзяцінстве часта не ставала часу на ўрокі – са старэйшымі прападалі на ферме. Ды і бацькам за працай і хатнімі клопатамі не было калі правяраць іх у шасці сыноў і дачок.
– Вучылася ў Спондаўскай сярэдняй школе. Марыла стаць прадаўцом – але, відаць, не лёс. У 1995 годзе выйшла замуж, нарадзіла дачушку, – коратка і сціпла раскрывае сваю біяграфію жанчына. – Сняжана ў мяне ўжо самастойная: працуе ў рымдзюнскім фельчарска-акушэрскім пункце. Прыязджае да мяне, калі выпадае вольная хвіліна.
Пяць гадоў Ганна Янушэўская адпрацавала на малочна-таварнай ферме ў Ласях. Пасля яе закрыцця ў 2019 годзе людзей перавялі на МТК «Маркуны».
– Тут мне больш падабаецца. Мы толькі доім: самае галоўнае – добра вымя апрацаваць да і пасля. На ферме і цялят даглядалі, і кармы падсувалі, і канцэнтраты каровам раздавалі, хоць лічыліся толькі даяркамі. Напэўна, нездарма ў свой час рашылі будаваць такія малочныя гіганты – за комплексамі будучыня. Галоўнае, каб кармы былі добрымі – тады і малако будзе, – разважае жанчына.
Даяркі ў Маркунах працуюць пазменна: іх прывозяць ці на ранішнюю, ці на вячэрнюю дойку.
– Сёння працуем у першую змену: на комплекс нас прывезлі каля 5 гадзін. Пасля 16.00 буду дома. Другая змена пачынаецца каля 17.00 і заканчваецца апоўначы, – расказвае даярка пра распарадак дня.
Ганну Янушэўскую засмучае, што вёска пакрысе дажывае свой век. У Сароччы жылымі засталіся толькі каля 10-ці хат.
– Як і ў кожнага чалавека, у мяне бывае дрэнны настрой, калі нічога не хочацца, – прызнаецца жанчын. – Тады наводжу парадкі, нават калі напярэдадні вымыла падлогу і выцерла пыл. Пачысцее дома – пасвятлее на душы. Хачу дачакацца ўнукаў, – пасля працяглага роздуму адказала на маё пытанне пра мары Ганна Янушэўская.
Мадонна з характарам
У жыцці варта разлічваць толькі на сябе, лічыць лабарант КСУП «Міхалішкі» Марына Трыбоцкая.
Вясковая мадонна з іскрынкамі ў вачах – першая асацыяцыя, якая ўзнікла пры знаёмстве з лабарантам комплексу.
– Родам я з Кісялёў. Вучылася ў Спондаўскай сярэдняй школе. У гаспадарцы працую з 2013 года. Светлая памяць былы старшыня «Міхалішак» Аляксандр Іванавіч Чаплінскі выдзеліў ад калгаса жыллё ў Страчанцы, куды я пераехала з дзвюма дачушкамі і бабуляй, – прыгадвае Марына Трыбоцкая. – Бабуля для мяне была ўсім: мяне выгадвала і Эвеліну з Карынай падгадаваць дапамагла. Мінула 4 гады, як яе не стала.
Марына Трыбоцкая адказвае за пярвічную праверку якасці малака ва ўсёй міхалішкаўскай гаспадарцы.
– Пробы адбіраю з малочна-таварных ферм «Страчанка», «Страча», «Супраненты», «Міхалішкі» і комплекса «Маркуны». У лабараторыі МТК правяраю іх на ўзровень тлушчу, утрыманне бялку, шчыльнасць і саматыку. Найлепшае па якасці малако – ў «Міхалішках» і «Страчы». Нават гатункам экстра здаюць, – расказвае пра сваю работу лабарант. – Прычын шмат. Галоўнае, канешне, – гэта строгае прытрымліванне тэхналогіі падчас даення. А яшчэ своечасовае выяўленне і лячэнне хворых кароў. Здаровая рагуля дасць добрае малако. Па дагаворы ў нас працуе ветурач з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Юзэф Станіслававіч Міхновіч – лічу, што ў гэтым ёсць і яго заслуга.
Марына прызнаецца, што ў яе няпросты характар. Калі нешта не падабаецца, яна пра гэта адразу ж скажа чалавеку.
– Ніколі не змагу зразумець людской подласці і крывадушша: калі ў вочы адно, за спінай – іншае. Старэйшая дачка ў мяне характарам пайшла. А Карына больш спакойная, прытульная, – працягвае Марына. – Лічу, што і на вёсцы можна жыць. Я і касіць, і дровы шчапаць умею, і цвік забіць магу. Дочкі растуць разумнымі, праўда, уседлівасці ім крыху не памяшала б. Шчасце залежыць не ад таго, дзе ты жывеш, а як. Галоўнае – быць Чалавекам.
Хто не рызыкуе – той не п’е малака
Думка пра тое, што мы жывём, як нам зручна, – не новая. Адпрацаваўшы больш за 20 гадоў на адным месцы, упэўнена, далёка не кожны чалавек надумае змяніць сферу дзейнасці… А Надзея Пазлевіч з вёскі Заборцы змагла – і не шкадуе.
– Даяркай у Маркунах працую крыху больш за год. Да гэтага 22 гады на кардоннай фарбрыцы ў Альхоўцы была з’ёмшчыкам-каладроўшчыкам. Зарплата невялікая – давялося шукаць іншую работу: так трапіла на малочна-таварны комплекс, – расказвае Надзея Міхайлаўна пра сваю дарогу ў жывёлагадоўлю.
Жанчына родам з Ясеня. Сям’я была на 13 душ: бацька, маці, бабуля і 10 дзяцей.
– Жылі ў звычайнай вясковай хаце. У пакоях стаялі палаці – нешта накшталт сучасных двух’ярусных ложкаў. Былі дружнымі. Бацькі працавалі ў Падольцах на ферме: мама даяркай была, тата – пастухом. У кожнага з дзяцей быў свой абавязак: я, напрыклад, замест маці хадзіла на ферму, а яны з бабуляй ежу гатавалі, – успамінае Надзея Пазлевіч. – Восем кароў трымалі, а кабанчыкаў – не злічыць! Сям’я вялікая… З дзяцінства засвоіла, як «Ойча наш», бацькоўскі наказ: не хочаш галадаць – трэба працаваць.
Вучыцца пасля школы не выпадала...
– Бабуля прыгожа вязала пруткамі і кручком, умела на машынцы шыць. Зімовымі вечарамі, калі спраў было менш, займаліся рукадзеллем: з непрытоеным захапленнем назірала, як яна з нітак рабіла прыгожыя рэчы, – працягвае Надзея Пазлевіч. – Я хацела стаць швачкай – не атрымалася. Выйшла замуж, нарадзіла трох дзяцей, працавала на фабрыцы.
Душой Надзея Пазлевіч адпачывае ў лесе, ды і за сезон на грыбах і ягадах можна добра падзарабіць, калі не ленавацца. А яшчэ жанчына знайшла аддушыну ў кветках: любіць павазіцца з вазонамі ў вольную хвіліну.
– Як і любую жанчыну, шчаслівай мяне робяць дзеці, другая палавіна. Нават, каб была магчымасць нешта змяніць, пакінула б усё, як і ёсць. Галоўнае – здароўе блізкіх і любімых людзей, – напрыканцы нашай гутаркі адзначыла Надзея Пазлевіч.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.