Віталь Рыбак: патрыятызм павінны выхоўваць бацькі
16:13 / 28.01.2022
– Лічу правільным, што ў праекце абноўленай Канстытуцыі артыкул 54, дзе гаворка ідзе пра абавязак берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці, дапоўнены пунктам аб тым, што праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Асабліва важна выхоўваць патрыятызм у дзяцей і моладзі, бо асоба з уласным светапоглядам фарміруецца менавіта ў юным узросце. Не сакрэт, што маладое пакаленне цяпер больш за ўсё часу праводзіць час у камп’ютары і смартфонах. Што яны там чытаюць, глядзяць, слухаюць, што ўпітваюць і чаму вучацца – за гэтым павінны сачыць перш за ўсё бацькі і накіроўваць дзяцей у правільнае рэчышча. На жаль, дарослыя часта перакладваюць адказнасць за выхаванне дзяцей на выхавацеляў у дзіцячым садку, настаўнікаў у школе, выкладчыкаў ва ўніверсітэце ці каледжы – а бацькі нібыта ні пры чым. І «дзеці гаджэтаў» вырастаюць, не ведаючы нічога пра Курскую ці Сталінградскую бітву, пра трагедыю Хатыні, пра кожнага трэцяга беларуса, які загінуў у мінулай вайне. Ды што там – многія на пэўным сур’ёзе лічаць, што ў Другой сусветнай вайне перамаглі ЗША, а гераічнага подзвігу савецкага народа нібыта і не было…
Як бацька траіх дзяцей, лічу, што не школа, а найперш бацькі павінны выхоўваць у дзецях патрыятызм і любоў да Радзімы.
#конституция #референдум