Каму да ўсяго ёсць справа?
12:12 / 29.01.2022
Аказваецца, што, па вялікім рахунку, радавацца трэба: унучка, закончыўшы школу з залатым медалём, паступіла ва ўніверсітэт.
Дык што ж тады так расстроіла маю знаёмую?
Аказваецца, суседка, даведаўшыся, што дзяўчына пайшла ў педагагічны, аблаяла шчаслівую бабулю: як можна было дазволіць дзіцяці калечыць жыццё?! І слабыя апраўданні, што ўнучка сама так вырашыла, бо хацела прадоўжыць сямейную дынастыю і стаць настаўнікам пачатковых класаў, як некалі дзядуля, затым – мама; што гэта яе мара дзяцінства, не ўспрымаліся суразмоўцай: маўляў, што дзеці разумеюць у такім узросце?! Трэба было настаяць – і адправіць у эканамічны ці юрыдычны, з яе здольнасцямі і баламі, а то прыдумалі – педагагічны…
…Вы заўважалі, колькі людзей у нас усё ведаюць, ва ўсім разбіраюцца – і не саромеюцца сваё веданне і разуменне жыцця не проста публічна выказваць, а ледзь не сілай навязваць іншым? Каму куды паступаць, ісці працаваць, калі і за каго выходзіць замуж ці з кім жаніцца, калі і колькі нараджаць дзяцей, будаваць дом і купляць кватэру – на ўсё ў іх ёсць меркаванне. І пры тым «усёведы» перакананы, што ваша ўласнае павінна супадаць з іх, а калі гэта не так, то яго патрэбна тэрмінова змяніць на «правільнае», гэта значыць, іхняе!
«Замуж выйшла? Не? А калі збіраешся?» – самыя папулярныя пытанні пры размове з маладой дзяўчынай. Можа, у той дзяўчыны сэрца плача ад няспраўджанага кахання, ці яна чакае свайго каханага, ці не сустрэла пакуль таго, з кім можна раздзяліць лёс, ці па нейкай прычыне не можа выходзіць замуж… Гэта ўсё няважна: людзі, якія ўсё ведаюць, вырашылі, што трэба, час прыйшоў – давай, ажыццяўляй, калі не хочаш, каб задзяўблі цябе гэтым пытаннем.
«Замужам? А дзеткі ёсць? Няма? То што ж так дрэнна стараецеся? Давайце, працуйце…» І думкі не ўзнікае, што пытанне тое – як соль на свежую рану… «Якая соль – я ж проста спытала, параіла…»
«Як здароўе?» – самае папулярнае пытанне ў пажылым ўзросце. І не ведаеш, ці то пераказваць змест медыцынскай картачкі, ці то дастаткова традыцыйнага «нармальна».
Дык добра яшчэ, калі аўтараў гэтых пытанняў «ні аб чым» задаволяць такі ж адказы «ні пра што».
Але часта здараецца, ім хочацца прадоўжыць тэму – і «дапамагчы». І пачынаецца! «У маёй суседкі сын нежанаты – такі харошы хлопец. Стопрацэнтна табе падыходзіць. Давай пазнаёмлю!» «Што, не атрымліваецца! А гэта вы спрабавалі? То трэба яшчэ з’ездзіць….» «Я вось чытала ў інтэрнэце, што ад тваёй хваробы трэба піць…»
Ну вось што рабіць з такімі «ўсёведамі», якія, не спытаўшы дазволу, лезуць у душу, нават не зняўшы брудныя чаравікі? Паслаць куды падалей многім не дазваляе выхаванне – ды і чалавек, здаецца, нядрэнны, можа, шчыра хоча дапамагчы… Паўсміхацца і паківаць у адказ, робячы выгляд, што не проста паслухаў, а яшчэ і пачуў? Дык ёсць жа небяспека, што заўтра зноў з’явіцца з новымі парадамі-прапановамі-патрабаваннямі-жаніхамі-рэцэптамі.
Адна мая знаёмая, якая доўга змагалася з цяжкай хваробай, калі зусім чужыя людзі пачыналі яе пытаць, як здароўе, адказвала пытаннем на пытанне: «Дзякуй. А ваша?» Некаторых гэта ставіла ў тупік.
Ёсць яшчэ адзін універсальны, хоць і грубаваты, але дакладны адказ: а вам справа?
Сапраўды, няўжо вам, чужому чалавеку, ёсць справа, куды паступіла суседская ўнучка, чаму не выходзіць замуж ці не нараджае дзіця дачка вашай знаёмай і з-за чаго імкліва пахудзела далёкая прыяцелька? Прызнайцеся: вам трэба гэта ведаць толькі для таго, каб папляткарыць?
Калі так, то не здзіўляйцеся і не абурайцеся, што і вы самі знаходзіцеся пад прыцэлам пільных і, як правіла, не вельмі добразычлівых вачэй, якія цікуюць за ўсім, што з вамі адбываецца. Не спадзявайцеся – не для таго, каб дапамагчы ці хоць паспачуваць, а ўсяго толькі каб абгаварыць.
Не судзіце – і не будзеце судзімы.
А калі і сапраўды хочаце дапамагчы, – то перш спытайце, ці патрэбна ваша дапамога. І зрабіце гэта без лішніх слоў і капання ў чужой душы.