Рэчы з гісторыяй: вышываны абрус

11:05 / 28.01.2022
Прачытала пра сямейную рэліквію – бабуліну сарочку, пра якую пісала Ніна Рыбік у «Астравецкай праўдзе» за 12 лістапада, развярэдзіла душу – і захацелася расказаць пра сваю рэч з гісторыяй, хоць і не такую старадаўнюю, але вельмі дарагую майму сэрцу.

У маладосці я любіла займацца рука­дзеллем. Прыбяжыш з работы, вячэру згатуеш – і хочацца хоць на паўгадзінкі ўзяць у рукі пруткі ці кручок. Сёння і сама дзівуюся: як на ўсё хапала часу? Мусіць, таму ён знаходзіўся, што занятак любімы, па душы. А яшчэ нервы супакойваў лепш чым якія лекі: пакалупаешся – глядзіш, і забылася на непрыемнасці, што здарыліся днём. 

I вышываць любiла – і гладдзю, і крыжыкам. Кладзеш рознакаляровыя шывочкі адзін да аднаго – а потым любуешся, і сама не верыш: няўжо гэта ў мяне так лоўка атрымалася?

А захапленне гэтае ж не толькі прыгожае, але і карыснае! Як нарадзiлася дачушка, то ўвесь час у абноўках фарсіла, і кожная рэч – эксклюзіў, адзіны экзэмпляр, мамай звязаны ці вышыты. Хадзiла мая дзяўчынка, як лялечка: світарочкi, камiзэлькi, касцюмчыкi, шапачкi – нi ў каго такiх адзёжак не было. Знаёмыя i незнаёмыя пыталiся, дзе я дачку так прыгожа і стыльна апранаю ў час усеагульнага дэфіцыту, сёй-той прасіў і яго дзіцяці нешта звязаць ці вышыць – так яшчэ і нейкую капейчыну да сваёй невялікай зарплаты зарабляла.



Цяпер я ўжо практычна не займаюся ні вязаннем, ні вышываннем – пра час маладосці і захапленняў засталіся толькі ўспаміны. Дочкіны дзіцячыя ўборы параздавала ці параспускала, перавязала на шкарпэткі. 

Але адна рэч ацалела да гэтага часу. І яна сапраўды – з гісторыяй. 

Я хадзіла цяжарнай. Тады яшчэ не было такога медыцынскага абсталявання, каб даведацца, хто народзіцца – хлопчык ці дзяўчынка. Але ў мяне было адчуванне, што дачушка ў маім улонні падрастае – вельмі ж мне хацелася гэтага! Я загадзя ўсё падрыхтавала для дзяўчынкi – пялюшкі, паўзункі, распашонкі. 

І надумала зрабiць нешта памятнае да яе нараджэння. Вырашыла вышыць абрус – дала сабе слова, што хрэсьбіны будзем спраўляць за сталом, засланым маім вышываным абрусам! Калі пайшла ў дародавы адпачынак, два месяцы сядзела, галавы не падымаючы, за вышыўкай. Памятаю, дачушка штурхаецца, нібыта і ёй не церпіцца пагля­дзець, чым мамка займаецца, а я шывок да шывочка кладу на белую тканіну – і расцвітаюць на ёй прыгожыя кветкі, сплятаюцца ў вянкі… А я ўяўляю, мару, што і дзяўчынка мая будзе такой жа прыгажунькай.

Я паспела! Вышыла апошні лісцік, з палёгкай уздыхнула, палюбавалася сваёй работай – і… Неўзабаве з’явілася на свет, як я і марыла, доўгачаканая дачушка. Летась ёй споўнілася 50 га­доў! Каб не «ковід», яна прыехала б да мяне з Вільнюса – і мы абавязкова заслалі б святочны стол абрусам, што я вышывала да яе нараджэння.

А так – пачакаюць: і свята, і абрус… 

Думаю: трэба ёй перадаць гэтую вышыванку, для яе ж старалася паўвека назад, хай будзе дачцэ памяць. 

Рэгiна ДРЭМА.



Текст: Главный администратор