Зазірнулі ў Смілгі на новы комплекс
14:43 / 13.01.2022
Сучаснае даільнае абсталяванне, хэдлокі і іншае – падрабязнасці ў нашым рэпартажы.
Наша газета неаднойчы расказвала пра праект КСУП «Гудагай» па будаўніцтве новага малочна-таварнага комплексу ў Смілгах.
Праз дарогу ад старой фермы ў гэтым населеным пункце літаральна за 2 гады вырасла сучасная малочная фабрыка з мноствам розных будынкаў – пачынаючы ад прахадной і заканчваючы прафілакторыем.
Напярэдадні 2022 года адкрылася першая чарга комплексу, цяпер тут доіцца амаль 400 кароў.
Карэспандэнт «АП» пабываў на МТК «Смілгі», даведаўся, чым ён будзе адрознівацца ад іншых комплексаў, якія ноўхаў тут укараняюць, а таксама пазнаёміўся з працаўнікамі.
Нагадаю, што КСУП «Гудагай» паспяхова спецыялізуецца на вытворчасці малака. У гэтай гаспадарцы дзейнічае найбольш у раёне малочна-таварных комплексаў: «Смілгі» сталі чацвёртымі пасля «Маляў», «Германішак» і «Кярнян» – апошнія напрыканцы 2021-га арандаваны ў КСУП «Варняны».
Комплекс у Смілгах – самы сучасны ў раёне. Ён разлічаны на ўтрыманне каля 1 500 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 600 дойных кароў. Першую партыю рагуль «запусцілі» ў даільную залу 6 снежня. Па словах начальніка МТК «Смілгі» Наталлі Гурштын, першы тыдзень працаўнікам давялося папацець, пакуль прывучылі жывёлу да аўтаматызаванай дойкі.
Ноўхаў МТК «Смілгі» – даільны комплекс з убудаванай унутр кожнага даільнага апарата сістэмай апрацоўкі вымені «Апола». Такой могуць пахваліцца толькі 2 малочна-таварныя комплексы ў Беларусі.
– Былая ферма «Смілгі» так і засталася малочнай. На наш комплекс 386 фуражных кароў паступова перавозілі з ферм у Ліпнішках і Палушах, а мы іх прывучалі да апаратаў. Ужо сфарміраваны 3 групы: першацёлкі, навацельныя і высокапрадуктыўныя каровы. Апошнія, каля 50 галоў, – асаблівы гонар, некаторыя даюць звыш 30, а то і 35 кілаграмаў малака. Гэтыя групы доім 3 разы на дзень. Сярэднясутачны надой ад каровы ў студзені складае амаль 20 кілаграмаў малака, а яго рэалізацыя – 6 600 тон, – уводзіць у курс справы Наталля Францаўна. – Цалкам пакуль занятае адно жывёлагадоўчае памяшканне, другое – на трэць.
У залежнасці ад прадуктыўнасці кароў, для кожнай групы сфарміраваны рацыён. З лета побач з комплексам закладзены здробненай травой і кукурузай тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання кармоў. Прыгатаванне «абедаў» для рагуль камп’ютарызаванае, за гэта адказвае кормараздатчык вытворчасці фірмы «Біяком Тэхналогія». Неаспрэчная вартасць гэтай самаходнай машыны ў тым, што яна дастаткова хутка здрабняе і змешвае ўсе кампаненты – у выніку ўтвараецца мяккая аднародная рацыённая сумесь.
Большасць працаўнікоў на комплексе немясцовыя – у асноўным з Ліпнішак і Палушаў. Пазменна ў даільнай зале працуюць 4 аператары машыннага даення, на раздоі – ён адбываецца ў іншай абсталяванай даільнай зале, дарэчы, адзінай падобнай на Астравеччыне, – працуюць дзве даяркі.
– Мая правая рука – памочнік начальніка комплексу Зоя Доўкша. Ёсць 2 ветурачы: па гінекалогіі – Андрэй Скерла і мастытах – Аксана Высоцкая; заатэхнік-селекцыянер Ала Франк, – працягвае жанчына. – Працуюць таксама 6 жывёлаводаў, 4 вартаўнікі, 2 аператары па абслугоўванні малочнага абсталявання, прыбіральшчыца.
Па меркаванні гаспадыні комплексу, галоўныя кропкі росту малака – фарміраванне малочнага статка высокапрадуктыўнымі рагулямі, добрая кармавая база і догляд за жывёлай. У Смілгах, як на астаніх комплексах, плануецца ўкараненне закрытага цыклу – гэта значыць, што ўсе малочныя каровы тут будуць сваёй гадоўлі. Здаровыя цялушкі – залог так званага вялікага малака, а значыць – і эканомікі гаспадаркі. Здароўе каровы, на думку спецыялістаў жывёлагадоўлі, закладваецца ў першыя 3 месяцы жыцця цяляці.
– Магчыма, звярнулі ўвагу: непадалёк ад заезду на комплекс заканчваецца будаўніцтва прафілакторыя для самых маленькіх, – працягвае жанчына. – Базавыя прынцыпы гадоўлі можна пералічыць на пальцах. Самае галоўнае – выпаіць малога малозівам у першыя хвіліны жыцця.
Цікаўлюся ў начальніка комплексу планамі на будучыню.
– Выйсці на добрыя аб’ёмы і якасць малака. Напрыклад, на комплексах у Малях і Германішках за дзень здаюць па 16 тон. А валавы надой ад каровы за год дасягае 10 тысяч. Калі мы выйдзем на такія лічбы, не ведаю, але будзем старацца і рабіць усё ад нас магчымае, – сказала Наталля Гурштын.
…Як кажуць, гэтыя слоўцы – ды богу ў вушы! Хочацца верыць, што новы комплекс не падвядзе КСУП «Гудагай».
Ірына Мацкель амаль 20 гадоў доіць кароў у гудагайскай гаспадарцы
На новым кормараздатчыку працуе Яўген Грымбоўскі
Данута Пешка, даярка
Чысціню на комплексе наводзіць Анастасія Чалко
Каментарый спецыяліста
Віктар Алёкса, галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай»:
– МТК «Смілгі» – першы комплекс на Астравеччыне і трэці ў рэспубліцы, дзе ёсць унікальная даільная ўстаноўка «Апола» вытворчасці кампаніі «Геа». Яе мы набывалі ў Дзятлаўскай сельгастэхніцы. У чым яе прынцыповыя адрозненні ад папярэдняга аналага «Вествалія»? У гэтым устройстве аб’яднаны тэхналогія аўтаматычнай апрацоўкі саскоў напрыканцы дойкі прама ў даільным стакане і аўтаматычная прамыўка і дэзынфекцыя апарата пасля зняцця. Неаспрэчныя «плюсы» гэтага даільнага комплексу: паслядоўнае і аптымальнае акунанне саскоў у даільным апараце да яго зняцця, значна зніжаецца рызыка ўзнікнення мастыта, у тым ліку схаванага, а гэта ў сваю чаргу спрыяе паляпшэнню якасці малака.
Для параўнання: на іншых комплексах даільныя стаканы дэзынфіцыруюцца толькі пасля дойкі. Дзякуючы даільнаму комплексу «Апола» гэта адбываецца пасля даення кожнай каровы.
Выкарыстанне ў кароўніках гумовых дыванкоў таксама, спадзяёмся, станоўча паўплывае на здароўе жывёлы: па-першае, іх дастаткова проста дэзынфіцыраваць, па-другое, яны штодзень ачышчаюцца спецыяльнымі скрабкамі. Паілкі ў кароўніку з падагрэвам. Усё створана для камфорту рагуль і іх здароўя, каб яны давалі малако гатунку экстра. Па папярэдніх дадзеных, выхад комплексу на поўную магутнасць плануецца не раней за май гэтага года.
Аператар машыннага даення
– Да «Смілгоў» таксама працавала даяркай, але на гэтым комплексе іншая сістэма, – расказвае Людміла Грыбкова (на фота). Раздоем першацёлак, хворых кароў займаемся ў даільнай зале, разлічанай на 6 галоў. Яшчэ ў радзільным памяшканні ёсць спецыяльныя прыстасаванні – хэдлокі, з іх дапамогай галава каровы бязбольна фіксуецца, і ветурач на месцы можа зрабіць пэўную ветэрынарную маніпуляцыю.
Аператар машыннага даення
Ганна Сцефановіч (на фота справа) – адна з самых вопытных і прафесійных даярак у раёне: адна з першых надаіла 8 тысяч малака ад каровы на ферме; партрэт жанчыны заносілі на раённую Дошку гонару; пераможца раённага жывёлагадоўчага спаборніцтва па выніках 2021 года сярод даярак малочна-таварных ферм з вынікам 6 830 кілаграмаў малака (+253 кг).
– Дойны статак, у тым ліку і маю групу, перавезлі сюды. А куды я без сваіх каровак? – гаворыць Ганна Сцефановіч. – Праўда, цяпер з дзяўчатамі будзем працаваць на агульны вынік: надой ад кожнай галавы залежыць ад нас.
Начальнік комплексу
Усё жыццё Наталлі Гурштын (на фота) звязана з жывёлагадоўляй. Пасля вучобы ў Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме маладога заатэхніка накіравалі ў калгас «Шлях Леніна» (Слабодка).
– Родам я з Вавяран. Мама была таваразнаўцам, бацька – аграномам. Як і большасць аднагодак, я глядзела прыземлена на жыццё, зорак з неба не хапала, – жанчына ўсміхаецца. – Спрабавала паступіць на бухгалтара ў Ашмяны, не атрымалася. Вырашыла: стану заатэхнікам. Пачынала з памочніка загадчыка малочна-таварнай фермы ў Германішках; праз некаторы час выйшла замуж і ў 2000 годзе пайшла ў дэкрэтны адпачынак.
У 2006 годзе, калі дзеці падраслі, Наталля выйшла на работу – жанчыну прызначылі заатэхнікам-селекцыянерам па гаспадарцы. А з моманту работы комплексу ў Смілгах яна яго ўзначальвае.
– Улік і сарціроўка жывёлы, работа з дакументацыяй, падмена падчас працоўнага адпачынку Віктара Іванавіча (галоўнага заатэхніка КСУП «Гудагай». – Заўв. аўт.), загадчыц ферм – спецыфіка работы заатэхніка-селекцыянера. Як начальніку комплексу, даводзіцца быць і псіхолагам – але калектыў у нас падабраўся добры, – працягвае Наталля. – Не шкадую, што некалі не паступіла на бухгалтара. Усё жыццё ў гаспадарцы, жывёлу люблю з дзяцінства.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.