Чароўную казку на акенцах стварылі ў Альхоўскай школе

14:29 / 29.12.2021

Зіма – чароўная казка, якая складаецца з трох частак і 90 старонак з бясконцай колькасцю чараўніцтва.

Частка 1 – «Снежань» – пра тое, як прыдумаць чараўніцтва самому.

Частка 2 – «Студзень» – пра тое, як адчуваць чараўніцтва.

Частка 3 – «Люты» – аб тым, што чараўніцтва жыве ў нас.




І самае галоўнае, што ты сам чараўнік, казачнік і аўтар гэтай зімовай кнігі.

Крыху прыадчыню заслону над маёй працай па першай часцы зімовай казкі.

Снежань – гэта пераднавагодні і калядны час, калі дарослыя становяцца чараўнікамі і ўмеюць ўласнаручна тварыць цуды.

Падрыхтоўка да Новага года вельмі цікавая. Усе мы ўпрыгожваем свае дамы, вешаем гірлянды і сняжынкі на вокны, ўбіраем ёлку.

Але асабліва чароўным становіцца ў гэты час наш клас. Выцінанка – самы лёгкі спосаб пасяліць казку на акенцы і стварыць утульную навагоднюю атмасферу, а таксама парадаваць вучняў і выклікаць усмешкі мінакоў.

Навагодняя выцінанка ўпрыгожвае вокны майго класа ўжо гадоў 10. Пачыналася ўсё з простых шаблонаў і немудрагелістых сюжэтаў. Кожны год я стараюся прыдумаць нешта новае, незвычайнае. Ускладняюцца шаблоны, а нешта застаецца простым. У свой час нас наведвалі Снежная птушка, Дзед Мароз, які з вядра засыпаў усё навакол сняжынкамі, Дзед Мароз, які лез праз комін з падарункамі. А ў гэтым годзе сюжэт прысвечаны тэме «Ліст Дзядулю Марозу»: Сінічка і Снегавік нясуць лісты Дзеду Марозу. Яны спяшаюцца прынесці пошту галоўнаму чараўніку; хатка Дзядулі Мароза, ёлка і Снегавік, які падмятае дарогу да доміка; галоўны чараўнік, які ўважліва чытае дзіцячыя лісты.

Мае вучні ў захапленні ад гэтай казкі. І нават ужо паспелі нашаптаць Снегавічку свае жаданні, якія абавязкова будуць дастаўлены Дзядулю Марозу.

Валянціна Міхайлава, Альхоўская СШ.

Текст: Главный администратор