Па сцяжынцы да школьнага парога Каценавічскай пачатковай школы прайшлася яе былая настаўніца Ірына Рылькова
Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
Жыццё Ірыны Аляксандраўны Рыльковай з 1948 года прысвечана Астравеччыне. Лёс звязаў настаўніцу пачатковых класаў з трыма школамі: пачатковымі ў Чэрнішках і Каценавічах, васьмігадовай у Дайноўцы. Пра выбар прафесіі і жыццёвы лёс Ірына Аляксандраўна расказвае ў нашым матэрыяле.
З гісторыі Каценавіч і школы
Паводле кнігі “Памяць. Астравецкі раён”, новая сядзіба ў Каценавічах закладзена ў 1810 годзе. Гэта быў драўляны дом з ганкам, які меў дзве пары калон.
У доме пастаўлены 4 прыгожыя кафляныя печы. З двух бакоў газона з пад’язным кругам стаялі свіран і афіцына. Парк спланаваны па тыпу эканамічнага саду і прадстаўлены адным баскетам. Захавалася паўночная ліпавая алея. Да параднага двара вяла ўязная вязавая алея. З гаспадарчых пабудоў захаваўся невялікі драўляны свіран з навесам.
Афіцыйна пацверджаных звестак пра Каценавічскую школу адшукаць не атрымалася. З расповеду Ірыны Аляксандраўны вядома, што ў час вайны сядзіба пуставала. Пасля вызвалення ў ёй адкрылі школу.
Як стала настаўніцай
– Скончыла шэсць класаў – і пачалася вайна. Я яе добра помню, падлеткам ужо была. Аднойчы разам з цёткай трапілі пад бамбёжку – немцы кідалі бутэлькі з запальваючай сумесю. Адна з іх у мяне трапіла – валёнак загарэўся. Паднялася я і давай снегам агонь засыпаць. Добра, што зіма была, – так бы згарэла. А цётку параніла – ёй асколак трапіў у плячо. Аперацыю зрабілі, дасталі яго – добра пажыла пасля гэтага, – расказвае Ірына Аляксандраўна.
Пасля вайны дзяўчына пайшла ў 7 клас. Школа была за тры кіламетры ад дома, у суседняй вёсцы. Але малая штодня спяшалася на заняткі.
– Пераросткам была – у вайну не вучыліся. Выдатніцай не была, але адзнакі добрыя атрымлівала, – гаворыць жанчына.
А пасля заканчэння 7 класа дзяўчыне прапанавалі пайсці брыгадзірам у калгас. Ірына ўзрадавалася – гэта ж ёй такі давер аказалі! Але маці хутка астудзіла яе пыл: «Не пушчу! Ідзі далей вучыцца».
– Маці мая непісьменная была, нават распісацца не ўмела, а вось бацька яшчэ пры цары гімназію скончыў. І я вырашыла ехаць у Мінск, каб паступаць у гандлёвы тэхнікум, – усміхаецца Ірына Аляксандраўна. – Знайшла кватэру, а гаспадыня за яе 200 рублёў просіць. А дзе ж іх узяць, калі ў мяне стыпендыя толькі 120! А яшчэ ж жыць, есці трэба. Чым бацькі маглі дапамагчы? Нічым! Бедната, галеча, пасля вайны нічога не засталося, толькі голыя сцены. І я вярнулася дамоў.
– Падумалі мы, памеркавалі – і вырашыла я ў Лепель у педвучылішча падацца. Ісці давялося пешшу – 70 кіламетраў у адзін бок. Знайшла педвучылішча, зайшла да дырэктара, расказала пра сваё жаданне быць настаўніцай. А ён строга так: «Экзамены трэба здаваць. Можа, вы зусім безграматныя – адкуль я ведаю?» А ў мяне ж дакументы ёсць аб заканчэнні 7 класаў, – спрабую апраўдацца.
Экзамены Ірынка здала добра, залічылі яе на 1 курс і месца ў інтэрнаце далі – радасці і шчасця дзяўчыны не было канца.
Раз на месяц дырэктар адпускаў сваіх студэнтак дадому. Даехаць не было на чым, заставалася толькі адно – пешшу ісці. І яна хадзіла. Боты, якія бацькі справілі для вучобы, шкадавала, ведала, што кожны год новыя не купяць. Ірына абувала лапці, сплеценыя татам, – і ішла ў Малыя Ульянавічы, потым гэтак жа вярталася ў Лепель.
– А на трэцім курсе чыгунку адрамантавалі, цягнік пачаў хадзіць – прасцей стала: і дабрацца лягчэй, і прадуктаў больш узяць можна. І бульбу, і мяса, і капусту бацькі давалі. А да гэтага толькі сухары прыносілі з дому – цяжка было, – расказвае Ірына Аляксандраўна.
Пасля заканчэння педвучылішча маладых спецыялістаў накіравалі ў Маладзечненскую вобласць.
– Загадчыкам тады быў Асмалоўскі. І ўсіх нас, хто прыехаў з Лепеля, забралі ў Астравецкі раён. Так у 1948 годзе я стала яго жыхаркай.

Другая Радзіма
Накіравалі Ірыну Аляксандраўну загадчыкам пачатковай школы ў Чэрнішкі.
– Прыязджаю ў вёску, заходжу ў школу – яна размяшчалася ў прыстасаваных для гэтага пакоях звычайнага дома – і бачу сваю знаёмую, якая таксама вучылася ў Лепелі ў педвучылішчы. Добра з ёй мы сябравалі і разам працавалі, – расказвае настаўнік.
– Дзяцей было шмат. Прычым многія прыходзілі з суседніх хутароў, – узгадвае Ірына Аляксандраўна. – Вучыліся не толькі беларусы, былі сярод маіх вучняў і літоўцы.
У Чэрнішках знайшла настаўнік і свой лёс. Тут яна пазнаёмілася з мясцовым хлопцам, а потым і вяселле згулялі.
– Хлопчык у нас нарадзіўся, але бяда здарылася – памёр ён у паўтара гадкі. Могілкі побач з нашай хатай былі. А з акна школьнага кабінета магілка майго сыночка відаць была, – гаворыць жанчына. – Як працаваць? Стаю і на магілку гляджу, схажу да яе – наплачуся. Не магла вытрываць. Таму і папрасілася перавесці мяне ў іншую школу.
Загадчыкам раённага аддзела адукацыі на той час быў Пётр Міхайлавіч Лугоўскі. Ён выслухаў просьбу настаўніка і прапанаваў месца ў Дайноўскай васьмігодцы.
– Там добры быў калектыў, больш настаўнікаў працавала, і дзяцей больш вучылася. Дырэктарам была Любоў Міхайлаўна Кісялёва, – гаворыць жанчына.
Здавалася, што гады і праўда сціраюць памяць пра бяду. У Дайноўцы сям’я пражыла 4 гады, а потым муж Ірыны Аляксандраўны захварэў – давялося зноў вярнуцца ў Чэрнішкі.
– У школе на той час ужо іншая настаўніца працавала. Мне засталося толькі паўстаўкі – а гэта 50 рублёў. А я адна з дзіцям – муж памёр. А ў Каценавічах Міхаіл Аляксеевіч Рылькоў адзін працаваў на 2 стаўкі – ён і прапанаваў мне перабрацца ў яго школу, – узгадвае Ірына Аляксандраўна.
Настаўнікі знаёмы былі даўно. Часта сустракаліся на педагагічных канферэнцыях.
– Рылькоў таксама з Віцебскай вобласці сюды прыехаў. Толькі з Талочынскага раёна. І жонку яго, Кацярыну Антонаўну, я таксама добра ведала. Добрая жанчына была, гаротная – у час вайны ў нямецкі лагер трапіла. А пасля вайны вярнулася, паступіла ў Аршанскае педвучылішча – і прыехала працаваць на Астравеччыну. У іх з Міхаілам Аляксеевічам нарадзілася двое дзяцей – дзяўчынка і хлопчык. І калі Кацярына Антонаўна памерла, ён прапанаваў мне сысціся з ім. Цяжка аднаму дзяцей гадаваць, – гаворыць Ірына Аляксандраўна.
У Каценавічы настаўнік пераехала ў 1961 годзе. Дзяцей у школе было каля 40 – якраз на дзве стаўкі хапала.
– У Каценавічскую школу хадзілі малодшыя школьнікі не толькі з гэтай вёскі, але і з Заборцаў, Раўданішак, Сасанішак і бліжэйшых хутароў, – расказвае настаўнік. – Сярод вучняў было многа добрых дзяцей. Ведаеце Роберта Часнойця, былога старшыню рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аховы здароўя? Я яго таксама вучыла. А колькі маіх выхаванцаў працуе цяпер у бальніцы, у школах і на «атамцы»!
Школа размяшчалася ў былым панскім доме – пакояў у ім было шмат.
– У двух жыла наша сям’я, яшчэ ў двух вучыліся дзеці. Астатнія пуставалі, – узгадвае Ірына Аляксандраўна. – Печкі дабротныя стаялі. Прапаліш – цёпла, але калі марозы вялікія, то халаднавата было.
Побач са школай рос добры сад. Яблыкі з яго збіралі: частку вучням на абед раздавалі, другую палову – у нарыхтоўчую кантору здавалі. Як і гародніну, якую вучні і настаўнікі вырошчвалі на прысядзібным участку.
– Грошы, якія мы на гэтым зараблялі, я ўносіла на рахунак школы ў сельсавеце. За іх дзеці харчаваліся, – успамінае настаўнік.
З кожным годам дзяцей станавілася менш. Трымаць такую ўстанову было эканамічна нявыгадна. І калі засталося толькі 6 навучэнцаў, школу вырашылі закрыць.
– Было гэта ў 1980 годзе. Загадчык аддзела адукацыі Леанід Уладзіміравіч Батура прапанаваў мне месца ў пачатковай школе ў Хацілках. Паабяцаў жыллё. Аказалася – адзін маленькі пакойчык на сям’ю. Я адмовілася – вырашыла пайсці на пенсію. А потым прыехаў начальнік райфінінспекцыі Гаўрош і прапанаваў выкупіць былы школьны будынак. Кошт яго быў невялікі – 5% ад страхавой сумы. Налічылі нам 435 рублёў, – гаворыць былы настаўнік.
У гэтым доме Ірына Аляксандраўна і жыла да 2018 года, потым купіла хату ў вёсцы.
За сваё жыццё Ірына Аляксандраўна выхавала і дала веды не аднаму дзясятку школьнікаў, выгадавала чацвёра сваіх дзетак.
– Усе мае дзеці добрымі выраслі. Адно толькі – ніхто з іх не выбраў педагагічную сцежку. Сёння ў мяне ўжо дзевяць унукаў і дзесяць праўнукаў – значыць, жыццё працягваецца! – упэўнена былы настаўнік.

Вучні Каценавічскай школы з М.А. Рыльковым

Ірына Аляксандраўна з сям'ёй
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.