Чаму прашчапілася супраць ковіду Ірына Тальчук

14:16 / 26.11.2021

Думкі нашых суграмадзян наконт вакцынацыі супраць каронавіруса   падзяліліся, прычым часта палярна: адны перакананы, што толькі прышчэпка здольна ўратаваць нас ад гэтай навалы, другія гэтак жа катэгарычна выступаюць супраць.

Мы пацікавіліся ў некаторых жыхароў раёна, чаму яны зрабілі прышчэпку, як перанеслі вакцынацыю, што думаюць і адчуваюць цяпер і якую параду могуць даць землякам.

Ірына Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Вельмі шкада, што ў лістападзе мінулага года прышчэпак ад каронавіруса не было.

Не ведаю, дзе мы падчапілі гэтую заразу, але захварэла ўся сям’я: я, муж, маці. Канешне, больш за ўсё хвалявалася маму – усё ж ёй без малога 80 гадоў. Але цяжэй за ўсіх перахварэла я. Ляжалі з ёй у інфекцыйным аддзяленні ў адной палаце, але не я, маладзейшая, яе даглядала, а яна мяне. Мне было вельмі дрэнна, спатрэбілася нават кіслародная тэрапія.

Амаль месяц была на бальнічным, потым пайшла ў адпачынак і праходзіла рэабілітацыю: па ўздыху, па кроку вярталася да жыцця… Сілы і здароўе аднаўляліся вельмі цяжка і поўнасцю пакуль яшчэ не вярнуліся.

Аналізаў на наяўнасць антыцелаў не рабіла, але надарылася невясёлая неспадзяванка праверыць гэта. У сакавіку гэтага года была на адной сяброўскай сустрэчы, пасля якой усе ўдзельнікі захварэлі – хто ў больш лёгкай, а хто і ў цяжкай форме. Мяне Бог мілаваў, але я зразумела, што антыцелы ёсць, і яны працуюць.

Таму, як толькі ўзнікла магчымасць зрабіць прышчэпку, уся наша сям’я – я, муж, мама, дачка і зяць – вакцыніраваліся расійскай вакцынай “Спутнік V”. Усе перанеслі прышчэпку практычна бессімптомна. Дачка – яна, дарэчы, эпідэміёлаг па адукацыі, была ініцыятарам вакцынацыі, бо лепш за іншых разумее, што адзіная магчымасць спыніць інфекцыю – выпрацаваць калектыўны імунітэт.

Пройдзе рэкамендаваных паўгода з моманту першай прышчэпкі – і я пайду на рэвакцынацыю. Тым, хто перахварэў на “ковід”, дадатковых аргументаў на карысць вакцынацыі прыводзіць не трэба: апынуцца яшчэ раз пад кіслароднай маскай, а тым больш – пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх ніхто не хоча. Мне дзіўна, што некаторыя панічна баяцца прышчэпкі – і пры гэтым зусім не баяцца гэтай каварнай інфекцыі, нібы лічаць сябе бессмяротнымі.

А яна не выбірае, косіць усіх без разбору…

Запісала Ніна АЛЯКСЕЕВА.

Текст: Главный администратор