Гераіні фільма “Рытанскія дзяўчаты” праз 35 гадоў

10:00 / 22.11.2021
495

Пачытаўшы артыкул Віталя Бандарыка, паглядзеўшы фільм “Рытанскія дзяўчаты”, зняты беларускімі дакументалістамі, узгадаўшы чутыя некалі размовы пра камсамольска-маладзёжны калектыў літвянскай фермы, захацелася даведацца, як жа склалася жыццё колішніх гераінь шматлікіх артыкулаў і нават фільмаў.

3.jpg

Аказалася, што з некаторымі з іх пагутарыць ужо немагчыма: заўчасна пайшлі з жыцця Ірына Стаповіч, ці не першы ў раёне мужчына-даяр Леанід Грунт і загадчык фермы Іосіф Аўгуль.

Але былі і тыя, хто з задавальненнем падзяліўся ўспамінамі – хто па тэлефоне, хто пры асабістай сустрэчы -- пра незабыўны час юнацтва і іх камсамольска-маладзёжны калектыў.

З Ганнай Позныш, якая ў фільме “Рытанскія дзяўчаты” здае экзамены ў Ваўкавыскім тэхнікуме, мы гутарылі па тэлефоне – жанчына цяпер жыве ў Лідскім раёне.

– Залаты быў час, – даведаўшыся, з якой нагоды яе турбуюць, уздыхнула жанчына.

І пачала ўспамінаць:

– Калі закончыла школу, паўстала пытанне: што рабіць далей? Вядома, хацелася вучыцца, але хварэла мама. Вырашыла пайсці на ферму і паступаць завочна ў Ваўкавыскі тэхнікум – яго да таго часу закончыў загадчык Літвянскай фермы Іосіф Аўгуль. А Іра Стаповіч, мая аднакласніца, на ферме ўжо працавала, прыйшла ўслед за маці пасля васьмі класаў. А потым і Тарэса Нарэйка да нас далучылася. Аўгуль “сасватаў” свайго сябра Лёніка Грунта – так і атрымаўся маладзёжны калектыў. Былі, вядома, і старэйшыя даяркі, але касцяк складалі камсамольцы.

– Моладзі ў Літвянах тады многа было, – расказвае Ганна Позныш. – Амаль штовечар на танцы ездзілі – то ў Рытань, то ў Падольцы, то ў Кямелішкі – на грузавой машыне, у кузаве. Пакуль мы дойку не закончым, малако не здадзім, ніхто не ехаў – нас чакалі. Усе святы – ці то Новы год, ці чый дзень нараджэння, ці Каляды, ці 1 Мая – разам адзначалі, у клубе ці ў каго ў хаце. Аўгуль у нас галоўным завадатарам быў.

Асобныя ўспаміны – пра той незабыўны час, калі яе абралі дэлегатам XIX з’езда ВЛКСМ.

– Я, дзяўчына з Літвян, – у сталіцы, жыву ў гасцініцы “Масква” з відам на Спаскую вежу Крамля, кожны дзень прачынаюся пад бой крамлёўскіх курантаў! А якой увагай, клопатам мы былі акружаны! Неяк абцас басаножкі трапіў у рашотку, набойка зляцела. Прыйшла я ў гасцінічны нумар, пераабулася, пайшла на з’езд у туфліках. Вяртаюся – а басаножкі мае стаяць адрамантаваныя. На з’ездзе перад намі Брэжнеў выступаў – гэта было летам, а ўвосень яго не стала… Сёння нават не верыцца: што ўсё гэта са мной гэта было.

Пасля заканчэння Ваўкавыскага тэхнікума Аню Позныш накіравалі ў калгас імя Чапаева загадчыкам фермы “Хралы”. Там было ўсё не так, як дома, і яна звольнілася, паехала ў Расію да сястры. Там і замуж выйшла. А калі разваліўся Савецкі Саюз, вярнулася ў Беларусь – адна, без мужа, з дзецьмі. Замацавацца на Астравеччыне не атрымалася, пераехала ў Лідскі раён – там і жыве вось ужо 26 гадоў у вёсцы Краснае. Сын і дачка дарослыя, у бабулі ўжо сямёра ўнукаў.

З жыхаркамі Рытані Тарэсай Нарэйка і Марыяй Хадкевіч мяне пазнаёміў загадчык Дома культуры Аляксандр Юргялянец.

2.jpg– Як я трапіла на ферму? – перапытвае Тарэса Нарэйка. – Звычайна: услед за маці. Яна ўсё жыццё на ферме працавала, я хадзіла ёй дапамагаць. Закончыла школу – і сама аформілася даяркай. Я ж мала таго, што на ферме, лічы, вырасла, дык нас яшчэ ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце з дзявятага класа гэтай справе вучылі. Так што была і практычна, і тэарэтычна падкаваная.

– На літвянскай ферме да таго часу ўжо працавалі Іосіф Аўгуль, Іра Стаповіч, Аня Позныш, Лёня Грунт. Дырэктар саўгаса Мікалай Андрэевіч Севасцьян і парторг Іван Уладзіміравіч Свірыд вырашылі, што трэба зрабіць маладзёжны калектыў. Дабавілі яшчэ дзяўчат, што ў Рытані працавалі, – Марыю Хадкевіч, Марыю Астроўскую – у кіно якраз іх вяселле з Віцем Рабкоўскім паказваюць. І сталі мы працаваць.

– Мы і праўда вельмі дружныя, вясёлыя былі, што ў рабоце, што ў адпачынку. Хоць праца нялёгкая, што там казаць. Даілі ў даільныя вёдры. У мяне ў групе 33 каровы. Тры дойкі: на першую ішлі ў 5 раніцы, на другую – у 12, доім да трох. У 6 вечара пачыналася вячэрняя дойка – і да 9 ці 10 гадзін. Падменных не было, калі куды трэба, то просіш сябровак, каб замянілі, – а ў іх жа свае групы! Мы з мамай разам працавалі, дык адна адну падмянялі. Раз на тыдзень адна даярка дзяжурная, ёй трэба было выгнаць кароў на прагулку, памыць посуд, гной пачысціць, падмесці, сачыць за парадкам. Я дык па 2 разы на тыдзень дзяжурыла, за сябе і за маму, дахаты тады не хадзіла – не было калі.

– У першы год работы я больш за 3 тысячы кілаграмаў малака ад каровы надаіла – па тым часе добры паказчык! Далей – болей, – узгадвае Тарэса Генрыхаўна. – І на ўсё часу хапала! Пасля ранішняй дойкі едзем на Вілію “на маёўку”, адтуль адразу на ферму. Летам паміж дойкамі паспявалі ў лес збегаць, грыбоў ці ягад назбіраць. І дома ж усё зрабіць трэба: гаспадарку дагледзець, парадак навесці. Яшчэ і дзялкі буракоў даяркам давалі.

Пяць гадоў працавала Тарэса Нарэйка на літвянскай ферме. Затым на нейкі час з’ехала ў Вільнюс. Ды новы дырэктар саўгаса Георгій Кара ўгаварыў вярнуцца. Яшчэ 15 гадоў працавала яна на ферме ў Рытані. Цяпер ужо на пенсіі. А сямейную справу працягвае яе дачка, загадчык радзільнага аддзялення рытанскага комплексу, – цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку.

Яшчэ адна ўдзельніца камсамольска-маладзёжнага калектыву і гераіня фільма “Рытанскія дзяўчаты” – Марыя Хадкевіч. З Тарэсай Нарэйка яны аднакласніцы і сяброўкі, хоць і жылі ў розных вёсках: адна ў Рытані, другая ў Літвянах.

1.jpg

У «ЧЫРВОНЫМ КУТКУ» ФЕРМЫ. Злева направа: Юзэфа Селікоўская, Марыя Нарэйка, Генаэфа Грунт, Марыя Кулікян, Іосіф Аўгуль, Ірына Стаповіч, Вераніка Нарэйка, Ганна Позныш; стаіць Вацлаў Буйко

– Увогуле я не збіралася ісці на ферму, – прызнаецца Марыя Іосіфаўна. – Хацела, як і многія ў той час, ехаць у Вільнюс. Але не стала бацькі. Старэйшыя брат і сястра выехалі, аддзяліліся, мама заставалася адна. Гаспадарку трымалі: дзве каровы, свінні. Маці плача: што я буду адна рабіць? І я засталася, стала працаваць даяркай.

Марыя даіла кароў не так доўга, як яе сяброўка Тарэса, гадоў 10. Потым узніклі праблемы са здароўем, і яна перайшла на больш лёгкую работу.

Пяць гадоў існаваў камсамольска-маладзёжны калектыў на літвянскай і рытанскай фермах. За гэты час рытанскія дзяўчаты і хлопцы паспелі “засвяціцца” амаль ва ўсіх газетах і часопісах Беларусі, на ўсіх камсамольскіх форумах.

А потым лёс развёў іх па розных сцежках. З часам перастала існаваць і літвянская ферма.

І толькі 3 бярозкі на тым месцы нагадваюць пра яе існаванне ды абуджаюць успаміны ў колішніх камсамольцах…


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений