Гісторыя газетным радком. 1944 год: пошукі страчанага

10:27 / 25.10.2021
Калі літаральна цудам мы адшу­ка­лі 6 першых нумароў «Большэвіц­кага арганізатара», выдадзеных у 1941 годзе, то саманадзейна палічылі, што пасляваенную газету адшукаць будзе прасцей.

Памыляліся… Цуды здараюцца – але не заўсёды. Прынамсі, пошукі першых нумароў «Сталінскай праў­ды», выдадзеных у 1944 годзе, нягледзячы на ўсе нашы старанні, пацярпелі фіяска.

Першае расчараванне чакала ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Бела­русь: там захоўваецца «Сталінская праў­да», пачынаючы з 9-га нумара 1945 года.

Вырашылі зноў пашукаць шчасця ва Усесаюзным сховішчы кожнага друкаванага слова, што выходзіла на прасторах Савецкага Саюза – усё той жа Ленінскай бібліятэцы ў Маскве. Перш чым пасылаць туды ганца, галоўны рэдактар Алена Ярашэвіч прадбачліва накіравала запыт: ці ёсць за чым ехаць?

Хуткі і добразычлівы адказ супра­цоўнікаў бібліятэкі ўшчэнт разбіў нашы надзеі. «На вялікі жаль, неабходная вам раённая газета «Сталінская праўда» (орган Астравецкага РК КП(б)Б і Райсавета дэпутатаў працоўных) маецца ў нашым фондзе, пачынаючы з 1945 года, з нумара 9 (39) (…) Адпаведна даведніку «Газеты СССР», у 1944 годзе газета пачала выходзіць з №1 (2 верасня) – (31), што азначае, што інфармацыі і наяўнасці ўсіх нумароў у якіх-небудзь фондах у Кніжнай Палаце няма».

Што ж, адмоўны вынік – таксама вынік. Змі­рыўшыся з думкай, што нумары «Ста­лінскай праўды», выдадзеныя ў 1944 годзе, страчаны беззваротна, мы знайшлі гэтаму лагічнае тлумачэнне: яшчэ ішла вайна, і, напэўна, не да захавання раённых газет было… Парадавала хоць бы тое, што даведаліся дакладную дату аднаўлення выхаду газеты пасля вайны – 2 верасня 1944 года, і прыкладную колькасць нумароў, што выйшлі ў тым годзе, – 30. 

І ўсё ж вытрымкі з некаторых публі­ка­цый пасляваеннай «Сталінскай праў­ды» ўдалося адшукаць. Як гэта ні парадаксальна, у «Астравецкай праўдзе» за 21 чэрвеня 1961 года. У нумары, прысвечаным 20-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, надрукавана інфармацыйная падборка «Усё для разгрому ворага!» з падзагалоўкам «Па старонках нашай раённай газеты ваеннага часу». Выходзіць, падшыўкі раённай газеты ў рэдакцыі ўсё ж захоўваліся?! І, як гэта ні прыкра ўсведамляць, былі страчаны – хутчэй за ўсё, беззваротна. Напэўна, зніклі яны падчас ліквідацыі раёна і раённай газеты ў 1962 годзе. 

Тры інфармацыі з чатырох у гэтай падборцы датаваны 1944 годам. Пры­во­дзім іх поўнасцю.

«Жадаючы дапамагчы Чырвонай Арміі, састарэлыя грамадзянкі Гервяцкага сельсавета Эмілія Скерла і Эльжбета Стэфановіч адмовіліся ад прадстаўленых ім дзяржаўных ільгот і датэрмінова адвезлі збожжа і бульбу на нарыхтоўчы пункт».

 «Сталінская праўда» ад 29 кастрычніка 1944 года.

«Для ўзорнага правядзення франтавога месячніка на лесанарыхтоўках пры Міхалішскім сельсавеце створана камсамольска-маладзёжная брыгада з 25 чала­век. Брыгадзірам з’яўляецца загадчык Міхалішскага клуба тав. Клачок».

«Сталінская праўда» за 5 снежня 1944 года.

«Настаўнікі і вучні нашага раёна збіраюць грашовыя сродкі на пабудову эскадрыллі самалётаў «Савецкі школьнік». Быстрыцкая НСШ сабрала 1 200 рублёў, Астравецкая 1 300 рублёў, усяго саб­рана 13 тысяч рублёў».

«Сталінская праўда за 20 снежня 1944 года.

1.jpg

Дзякуючы дакументам, якія захоў­ваюц­ца ў занальным архіве горада Ліды, удалося аднавіць некаторыя факты жыцця першай пасляваеннай рэдакцыі.

З першай ведамасці на выплату зарплаты можна даведацца, што рэдакцыя раённай газеты была створана 11 жніўня 1944 года: з таго дня прыняты на работу адказны рэдактар Міхаіл Іосіфавіч Гарбаценка і адказны сакратар Мікалай Сяргеевіч Беркутаў. Дарэчы сказаць, аклад рэдактара ў той час складаў 800, а сакратара – 600 рублёў. Да слова, у верасні іх зарплата павялічылася – у Гарбаценкі да 950 рублёў, у Беркутава – да 750. Але з тых 950 на рукі рэдактар атрымліваў толькі 524 рублі: 100 вылічвалі на добраахвотна-прымусовы заём, значная частка ішла на падаткі: 76 рублёў – на падаходны, 142 – на ваенны (у гады вайны існаваў і такі), 57 – халасцяцкі (з гэтага можна зрабіць выснову, што адказны рэдактар быў нежанаты), 50 рублёў – на латарэю.

У верасні ўжо пачала выходзіць газета – і штат рэдакцыі павялічыўся (нагадаю: тады друкарня ўваходзіла ў яе склад). З 1 ве­расня на работу прынята Вера Ігнатаўна Андраловіч, друкар з акладам 350 рублёў, і Валянціна Халь, наборшчыца (аклад 200 рублёў, працавала яна літаральна пару тыдняў), прыбіральшчыца Ганна Макарская (125 рублёў). З 15 верасня ў штаце з’явілася машыністка-рахункавод Марыя Бімбат: аплата яе працы складала 350 рублёў – зразумела, як і ва ўсіх астатніх, да выплаты ўсіх падаткаў і займаў. У лістападзе ў друкарні дабавіліся набор­шчыцы Генаефа Іванаўна Саўко (аклад павялічыўся да 250 рублёў), Марыя Ч. (імя па бацьку пазначана так, адной літарай) Бразевіч, яе цёзка Марыя Сцяпанаўна Бразевіч. У снежні рахункаводам стала працаваць Антаніна Іванаўна Качан.

Хоць і мінула шмат гадоў, але мы ўсё ж не трацім надзеі, што адгукнуцца дзеці ці ўнукі першых супрацоўнікаў рэдакцыі ці друкарні і раскажуць, што памятаюць і ведаюць, пра сваіх продкаў.

Цікава прааналізаваць і ведамасць на гаспадарчыя расходы за першыя 4 месяцы дзейнасці газеты. Найбольшую частку складаюць расходы на газетную паперу – 3 рахункі па 100, 62 і 60 рублёў адпаведна. Набывалі паперу ў Вілейскай друкарні. 78 рублёў было зрасходавана на падпіску на газеты, 30 – на набыццё мыла і газы, 17 – на набыццё брашур і газет і 14 – на набыццё партрэтаў.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик