Па сцяжынцы да школьнага парога Быстрыцкай школы прайшоўся былы дырэктар Анатоль Васільевіч Хвясечка
Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
З гісторыіСа звестак, змешчаных у кнізе «Памяць. Астравецкі раён», вядома, што ў 1900 годзе ў Быстрыцы дзейнічала народная школа, у якую хадзілі дзеці з навакольных вёсак у радыусе 20 кіламетраў: Рытані, Кямелішак, Трокенік, Ігнацова. Навучанне вялося на рускай мове.
У 1920-1930-я гады школа была сямігадовай – у ёй вучылася 75-85 дзяцей на польскай мове. Тут працавала 3 настаўнікі: муж і жонка Кузмеш (ён быў дырэктарам) і Зофія Саковіч.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе выкладанне прадметаў вялося на беларускай і рускай мовах. У гады Вялікай Айчыннай вайны заняткі былі спынены.
Аднавіліся яны пасля вызвалення раёна, тады ж школу ўзначаліў удзельнік вайны Іван Барысавіч Жарыкаў, які выкладаў рускую мову. Дырэктарамі ўстановы працавалі з 1955 года Ніна Пятроўна Цыўнель, з 1959 года – Раман Канстанцінавіч Гушча, з 1963 года – Генадзь Мікалаевіч Глінскі (стварыў у школе музей баявой славы), з 1981-га – Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, з 1988-га – Анатоль Васільевіч Хвясечка, потым – Наталля Пятроўна Чапукойць, Жанна Яўгенаўна Бяляўская, Алена Станіславаўна Масойць, Эла Эдуардаўна Главінская. Шмат гадоў аддалі працы ва ўстанове настаўнікі Вера Аляксандраўна Багачова, Мікіта Іванавіч Багачоў, Данута Францаўна Чарняўская, Зінаіда Мікітаўна Каротчанка, Людміла Мікітаўна і Надзея Мікітаўна Багачовы.
З успамінаў
Адзін з тых, хто прыехаў у Астравецкі раён на адпрацоўку і застаўся тут на ўсё жыццё – сённяшні настаўнік Варнянскага НПК Анатоль Васільевіч Хвясечка. Яго мы і папрасілі падзяліцца ўспамінамі пра выбар прафесіі, Быстрыцкую школу, яе педагогаў і вучняў.
– Родам я са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў васьмігодцы ў сваёй роднай вёсцы Мачуль, потым у сярэдняй школе, якая была ў суседнім населеным пункце. Настаўнікам вырашыў стаць таму, што вучылі мяне сапраўдныя педагогі, адданыя сваёй справе, і мне хацелася быць падобнымі да настаўніка гісторыі і нашага дырэктара Пятра Гаўрылавіча Кірэенку – добразычлівага і патрабавальнага чалавека, да географа Аляксандра Андрэевіча Шыманца і многіх іншых, – узгадвае Анатоль Васільевіч. – У 1988 годзе пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута імя Пушкіна я атрымаў накіраванне на Астравеччыну. На той час ужо быў жанаты – і разам з жонкай Наталляй прыехалі на яе радзіму.
У аддзеле адукацыі маладых спецыялістаў накіравалі ў Быстрыцкую базавую школу.
– Знешні выгляд будынка не асабліва прыцягваў. А вось калектыў быў цудоўны – невялікі, 11-12 педагогаў, але вельмі дружны – жылі, як адна сям’я. Прынялі нас добра, – гаворыць Анатоль Хвясечка.
На той час дырэктарам быў Мікалай Сямёнавіч Сыты, аднак праз некалькі дзён пасля пачатку навучальнага года ён вырашыў вярнуцца на радзіму – у Гродзенскі раён. Узначаліць школу прапанавалі Анатолю Васільевічу.
Людзі і справы
На тэрыторыі школьнага двара стаялі 2 драўляныя будынкі – абодва дарэвалюцыйныя.
– Адзін быў 1900 года пабудовы, другі – старэйшы, па сведчаннях старажылаў – 1851 года, – узгадвае былы дырэктар. – Некалькі гадоў назад рэстаўратары пацвердзілі, што падмуроўкі такіх тыпаў, з такім аздабленнем былі папулярныя ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Цікава, што сам будынак драўляны, аднак у сярэдзіне часткова сцены цагляныя. І цэгла гэтая нашмат большая па памерах за сучасную, таўсцейшая і пакладзена на вапну.
Мясцовыя расказваюць, што паміж будынкамі школ і касцёлам некалі быў падземны ход, а пад школай – цагляны склеп.
– Сёння ў адным школьным будынку жывём мы з жонкай – выкупілі кватэру ў аддзела адукацыі, яшчэ адна кватэра ў ім належыць настаўніцы-пенсіянерцы, якая цяпер знаходзіцца ў доме сумеснага пражывання ў Падольцах, другая палова будынка на балансе аддзела адукацыі, – расказвае Анатоль Васільевіч.
У 1988 годзе ў Быстрыцкай базавай школе вучылася 64 дзіцяці. Калі ў 2011 годзе яе закрывалі, тут было каля 40 вучняў. Іх сталі падвозіць у Варнянскі НПК.
– У нашай школе заўсёды працавалі добрыя педагогі. Сярод тых, хто сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку, настаўнікі пачатковых класаў Надзея Мікітаўна Багачова і беларускай мовы і літаратуры Людміла Мікітаўна Багачова, рускай мовы і літаратуры, якая выкладала і нямецкую, была намеснікам дырэктара Марыя Іванаўна Масойць, пачатковых класаў – Ірына Іосіфаўна Браніцкая, – пералічвае Анатоль Васільевіч. – Калі школу закрылі, мы з жонкай Наталляй Іванаўнай Хвясечка і Таццяна Анатольеўна Крэчка перайшлі ў Трокеніцкую базавую школу, Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч узначаліў Альхоўскую, наша дачка Вольга стала працаваць настаўнікам пачатковых класаў у Варнянскім НПК, сюды ж перайшлі Эла Эдуардаўна Главінская і Алена Станіславаўна Масойць, якая сёння працуе намеснікам дырэктара Рытанскага НПК.
Частым госцем у Быстрыцкай школе быў паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Мятліцкі, для якога цешчына хата ў Перавозніках на беразе Віліі насупраць Быстрыцкай школы стала другой радзімай пасля таго, як першая апынулася ў зоне адчужэння з-за Чарнобыльскай аварыі. Ён прывозіў у школу новыя выданні кніг, любіў пагутарыць з дзецьмі, пачытаць вершы. Школьнікам вельмі падабаліся такія сустрэчы.
– Усіх сваіх выпускнікоў я памятаю і сёння. З першага выпуску прайшло 32 гады – некаторыя тыя юнакі-дзяўчаты ўжо бабулямі-дзядулямі сталі, – усміхаецца Анатоль Васільевіч. – Ганаруся Наталляй Кяжун – сёння яна бухгалтар КСУП «Варняны», вучылася на выдатна. Сям’я Наталлі была шматдзетнай, бацька хварэў, маці на ферме працавала, дык дзяўчына паспявала і маці дапамагчы, і дома зрабіць усе справы, і ўрокі вывучыць. А Мікалай Кяжун з Жарнэляў працуе доктарам у Вілейцы, вельмі эрудыраваным вучнем быў. Многія з дзяцінства вырашылі працаваць у сельскай гаспадарцы – і сёння іх партрэты і на Дошку гонару занесены, і ў газеце друкуюцца. Чым не гонар для бацькоў і нас, настаўнікаў!
Музей баявой славы
Славілася школа і музеем баявой славы, які быў створаны ў 1967 годзе на аснове матэрыялаў пра героя грамадзянскай вайны Трафіма Якаўлевіча Яўсеева, камісара 10-й дывізіі 3-га коннага корпуса, які загінуў 10 ліпеня 1920 года ў баях з палякамі каля Быстрыцы.
– Жыхары вёскі, якія помнілі той час, расказвалі, што Яўсееў быў цяжка паранены, яго вырашылі адвезці ў Кямелішкі ў шпіталь, але па дарозе ён памёр. Пахавалі героя ў Літвянах. У 1967 годзе астанкі камісара перазахавалі ў Быстрыцы – тут стаіць помнік. Менавіта гэтая інфармацыя стала падставай для стварэння школьнага музея, – расказвае Анатоль Васільевіч. – За справу ўзяўся дырэктар школы Генадзь Мікалаевіч Глінскі. І музей быў выдатны!
– Некалькі разоў нашы школьнікі з кіраўніком музея ездзілі на Урал, вялася перапіска з роднымі загінулага героя, яго саслужыўцамі – былі сабраны багатыя ўспаміны і шмат памятных рэчаў, кніг, газет, – узгадвае Анатоль Хвясечка. – Быў нават зроблены бюст Трафіма Яўсеева, ён таксама размяшчаўся ў гэтым пакоі.
Школьная музейная экспазіцыя складалася не толькі з раздзелаў, прысвечаных Трафіму Яўсееву і героям грамадзянскай вайны, якія ўдзельнічалі ў баях з палякамі ў складзе 3-га коннага корпуса Гая, але і гераічным старонкам барацьбы за савецкую ўладу на Астравеччыне, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі вёскі.
– Пачэснае месца займаў стэнд, прысвечаны ўдзельнікам вайны, якія жылі на тэрыторыі Быстрыцкага сельсавета, – на ім было змешчана больш за 30 фотаздымкаў, сабраны звесткі пра гэтых людзей, – расказвае былы дырэктар школы, які пэўны час таксама загадваў музеем.
– За больш чым 30 гадоў Быстрыца і ўвогуле Астравецкі раён сталі для мяне другой радзімай. Школа наша знаходзілася на беразе Віліі – прыгажосць і хараство незвычайныя, а мы ў паўсядзённасці спраў не заўважаем гэтага. І ўспамінаем толькі тады, калі хтосьці нагадае! – гаворыць Анатоль Васільевіч.
З першых вуснаў
Наталля Пятроўна Чапукойць, былы дырэктар Быстрыцкай базавай школы, настаўнік Варнянскага НПК:
– Я ўзначаліла школу пасля Анатоля Васільевіча. Ад узаемаадносін з калектывам у мяне засталіся найлепшыя ўражанні. Усе настаўнікі былі таленавітыя, добразычлівыя, актыўныя. Разам мы і школу да новага навучальнага года рыхтавалі, і бульбу капалі, і мерапрыемствы ладзілі.
Людміла Мікітаўна Багачова, настаўнік Быстрыцкай базавай школы:
– Быстрыцкая школа – гэта ўсё маё жыццё. Тут я нарадзіла, вучылася і потым стала працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Адсюль пайшла на пенсію, але і тады працягвала працаваць. Мы прападалі ў школе з раніцы да позняга вечара – і жылі гэтым. Я і сёння захоўваю ў сямейным архіве фотаздымкі і гісторыю нашай установы і радуюся, што мела дачыненне да ўсяго гэтага. І пэўна, калі школу не закрылі б, то я і сёння тут працавала б.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.