Пётр Крупенчык любіць ціхае паляванне, рыбалку, лес і людзей

12:00 / 19.09.2021
Усё жыццё Пётр Крупенчык адпрацаваў у лясной гаспадарцы: як немагчыма падлічыць зоркі ў ясным вечаровым небе, так не паддаюцца падліку і пасаджаныя гэтым чалавекам лясы. Жыццё яго зводзіла з рознымі людзьмі і было багатым на шчаслівыя і не вельмі выпадкі – але адзін з вопытнейшых лесаводаў Астравеччыны ніколі не здраджваў сабе: у любой сітуацыі і любых стасунках, будзь яго суразмоўца міністр ці звычайны рабочы, заўсёды заставаўся сабой – адкрытым, шчырым, таварыскім, эрудыраваным, а яшчэ – Чалавекам з вялікай літары. Яго лічу сваім настаўнікам у прафесіі: калі толькі пачынала шлях у журналістыку і мяне замацавалі за лясной тэматыкай, яго парады, падказкі і проста падтрымка дарагога каштавалі. 

Дарога ў прафесію пачынаецца з дзяцінства 

– Нарадзіўся я ў вёсцы Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Бацька працаваў рабочым у мясцовым тэхнікуме, які лічыцца кузняй сельскагас­падарчых кадраў, маці была паштальёнам, з 4 класа дапамагаў ёй развозіць пошту, – пачынае аповед Пётр Крупенчык. – У школе я быў ляснічым школьнага лясніцтва, з дзяцінства мяне цікавілі флора і фаўна. І да гэтага часу найлепш сябе адчуваю на ўлонні прыроды. Мы жылі небагата, таму мог трапіць на паляванне ў якасці загон­шчыка, ці на рыбалку са старэйшымі таварышамі. Дапамагаў бацькам, якія трымалі дзве каровы: летам адбыць «радоўку», ці «калейку», было маім абавязкам. Збіралі грыбы і ягады, нарыхтоўвалі кару крушыны – зараблялі капейчыну. Я вучыўся ў 10 класе, брат – у 7-м, і за лета мы зарабілі на двухцыліндровы матацыкл «Іж-Юпітэр», які нам прыгналі ажно з Рыгі. Столькі шчасця было! А зімой з горкі ды на лыжах, каб ад сцюдзёнага паветра захоплі­вала дух! Словам, у мяне было звычай­нае шчаслівае дзяцінства вясковага хлоп­чыка.

Школу закончыў з залатым медалём з марай паступіць на лесагаспадарчы факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава. Пасля 11 класа атрымаў камсамольскую рэкамендацыю для паступлення – гэта была вельмі добрая дапамога, лічы, вучоба ў інстытуце – у кішэні. Займаўся на падрыхтоўчых курсах і выбраў чамусьці тарфяны факультэт. Здаў адзін экзамен па фізіцы – і мяне залічылі на факультэт «Машыны і механізмы лясной гаспадаркі».

1.jpg

Астравеччына – свету пачатак

Пасля заканчэння інстытута трапіў у дзясятку выпускнікоў, якія засталіся ў Беларусі. Мяне размеркавалі ў Гро­дзенскае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне, а адтуль накіравалі на Астравеччыну. Памятаю, даехаў спачатку да Маладзечна, адтуль – да Гудагая. І ў 5 гадзін раніцы – што там для маладога некалькі кіламетраў! – пашыбаваў у Астравец.

Пачынаў з пасады інжынера па ахове працы. Мне пашчасціла, што трапіў у цудоўны калектыў: працаваў з галоўным эканамістам Тэрэсай Іванаўнай Мацкевіч, старшым інжынерам па перапрацоўцы Анатолем Барысавічам Якаўлевым, галоўным паляўніцтвазнаўцам Аляксандрам Васільеві­чам Дзявятавым, галоўным бухгалтарам Станіславам Віктаравічам Клімовічам і іншымі. І кіраўніцтва было добрым, з дырэктарам Аляксандрам Іванавічам Буем да гэтага часу сябруем, як і са Стратонікам Іванавічам Ляхам. З такімі людзьмі і ў рабоце было лёгка, і імкнуцца хацелася да лепшага. 

– Пазней працаваў па камсамольскай лініі, аб’ехаў, лічы, усю Беларусь, напрацаваў сувязі і пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, – працягвае Пётр Зянонавіч. – А потым мне «сасваталі» сумеснае беларуска-польскае прадпрыемства «ЛесПоль», тады яно перажывала не самыя лепшыя часы. Давялося залезці ў даўгі, каб разлічыцца з фірмамі і выплаціць зарплату рабочым і адпускныя за некалькі гадоў. Пасля ліквідацыі прадпрыемства людзей перавялі ў лясгас, а на яго месцы ўзнік дрэваапрацоўчы цэх. У лясгасе ўвялі новую пасаду – з таго часу да самага выхаду на заслужаны адпачынак я быў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, і на пенсіі працаваў яшчэ некалькі гадоў.

– Лясгасу, як і ў цэлым раёну, па­шчасціла, што да нас прыехаў Долгі – граматны, талковы і разумны кіраўнік, які адчувае пульс і вытворчасці, і ў цэлым лясной галіны. Заўсёды на паляванні я хадзіў у загонку, а потым гэта рабіў сам Рыгор Мечыслававіч, я ж станавіўся на нумар. Можа, таму так і пакруглеў? – жартуе Пётр Крупенчык. – Пры Рыгоры Мечыслававічы адрамантаваны і пабудаваны новыя канторы лясніцтваў і лясгаса, закладзены новы лесагадавальнік, пачалося развядзенне паляў­нічых жывёл у вальерах, мадэрнізаваны дрэва­апрацоўчы цэх… Шмат чаго зроблена! Усё развівалася і мянялася да лепшага на маіх вачах. Усцешаны, што і я стаў сведкам гэтых падзей. 

Работа ідэолага заключаецца ў клопаце пра працаўнікоў. Людзі будуць старацца працаваць, заставацца, калі трэба, звышурочна, калі будуць ведаць, што ў канцы месяца атрымаюць годную зарплату, што кіраўніцтва ім дапаможа ў складанай жыццёвай сітуацыі. Лічу, што ў гэтым сэнсе наш лясгас паказальны.

Радуе, што падрасла годная змена: тыя ж ляснічыя Міхалішкаўскага і Астравецкага лясніцтваў Яўген Волкаў і Аляксандр Гайса, дырэктар і ляснічы Смаргонскага доследнага лясгаса Аляксандр Шостак і Андрэй Шыкавец і многія іншыя.

Захапленні – люстэрка душы

– Паляванне для мяне гэта і захапленне, і адрэналін, і значная частка жыцця. На ім, як і ў лазні, усе роўныя. А колькі выпадкаў незвычайных магу ўзгадаць – газеты не хопіць! Памятаю, неяк удала стрэлілі ў лася, а ён скінуў рогі – жартавалі тады, што хацеў адкупіцца, але, бядак, не паспеў. І самы памятны трафей – таксама лось, у якога пацэліў ажно са 120 метраў. 

Часта выбіраюся павудзіць рыбу, але люблю гэта рабіць сам-насам ці ў вузкім коле сяброў. Прабяжыцца ветрык трапяткімі хвалямі па возеры – хораша становіцца на душы, радасна – і жыць хочацца. Люблю ціхае паляванне і бярозы ў пару, калі ім ледзьве прыкметна восень чубы пазалаціла. Такая прыгажосць навокал і ціш… Найбольш цаню баравікі, але не грэбую чорнымі і белымі груздамі. Першы лес, які я садзіў на Астравеччыне яшчэ пры ляснічым Жуку ў Кастова, штогод мне аддзячвае поўным кошыкам моцных рыжыкаў... 

 Праца ў лясной гаспадарцы і стасункі з рознымі людзьмі навучылі мяне, што з любым чалавекам варта заставацца сабой, не імкнуцца паказацца лепшым і не крывіць душой. А жыццё… Яно прыгожае, як і лес, у любую пару! 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: