Астраўчане расказалі пра сваю любімую кнігу

10:27 / 03.09.2021

У першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета гэта свята пройдзе ў горадзе Капылі Мінскай вобласці пад дэвізам “Слова нас аб’ядноўвае”.

У жыхароў Астравеччыны наш карэспандэнт пацікавіўся, якая іх любімая кніга, і чаму.

5.pngЧаслаў Юркойць, рабочы:

– Назваць асобную кнігу не магу. Найбольш важны і значны твор – гэта народныя казкі, якія засталіся нам у спадчыну ад прадзедаў. Яны – крыніца мудрасці, там можна знайсці шмат падказак і адказаў на спрадвечныя жыццёвыя пытанні. Падабаецца, што ў казках заўсёды шчаслівы канец і дабрыня перамагае зло.

1.pngМарыя Шчарбакова, намеснік дырэктара па культурна-масавай рабоце:

– Люблю казкі, асабліва Ганса Хрысціяна Андэрсэна: “Русалачка”, “Дзюймовачка”, “Стойкі алавяны салдацік”… Але асабліва мне па душы “Снежная каралева” – твор з глыбокім сэнсам і моцным сюжэтам.

Самаахвярнасць Герды – прыклад для мяне. Менавіта за светлае добрае сэрца я люблю гэтую гераіню. Яе смеласць і чысціня душы выратавалі Кая. У наш час гэтая казка набывае асаблівую актуальнасць. Шмат людзей ходзіць з халоднымі “асколкамі” у сэрцы і ім нічога не можа дапамагчы, акрамя любові. Толькі яна можа растапіць лёд і вярнуць радасць жыцця.

Казка яшчэ вучыць таму, што людзям варта дапамагаць бескарысліва. Варта верыць, што любыя намаганні і цяжкасці будуць узнагароджаны, як гэта атрымалася ў брата з сястрой.

2.pngАлена Харытончык, медыцынская сястра:

– Твор, які ніколі не страціць актуальнасці, – “Маленькі прынц” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Гэтую казку для дарослых можна разбіраць на цытаты: “мы ў адказе за тых, каго прыручылі”, “словы толькі перашкаджаюць разумець адзін аднаго”, “мне страшна стаць падобным да дарослых, якіх нічога не цікавіць, акрамя лічбаў”, і многія іншыя. Гэты твор прымушае прыпыніцца, паглядзець на сябе і свет вачыма дзіцяці, каб зразумець, што ў свеце няма нічога даражэйшага за блізкіх і любімых людзей.

4.png

Генрых Саленік, рамеснік:

– Люблю “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча. Лічу, што гэты твор павінен прачытаць кожны беларус. Па-першае, гэта ўнікальная, я б, нават, сказаў смачная родная мова; па-другое – таленавіта закручаны сюжэт, мне здаецца, нікога не пакіне раўнадушным. Дарэчы, за гэты раман пісьменнік пасмертна быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

3.pngВольга Тварагаль, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу:

– Самы любімы твор – Івана Мележа “Людзі на балоце”. Атмасфера 20-х гадоў мінулага стагоддзя, побыт беларускай глыбінкі, звычаі і традыцыі… Я ў захапленні ад каларыту і паляшуцкай мовы, гаворкі – такой цёплай і роднай і ўзаемаадносінаў галоўных герояў – Ганны і Васіля. Аўтар змог перадаць чытачу сваю любоў да роднага краю.

Радуе, што любоў да друкаванай кнігі не знікла, нават у нашы часы, калі гаджэты запаланілі жыццё. Бібліятэку наведваюць па-ранейшаму і людзі сярэдняга і сталага веку, і моладзь. Калі старэйшыя зачытваюцца Наталляй Батраковай, Таццянай Паляковай – сучаснымі аўтарамі, то моладзь часцей выбірае класіку – Рэй Брэдберы, Эрых Марыя Рэмарк, Ірвін Шоу. Цешыць, што рускія класікі, такія як Леў Талсты, Фёдар Дастаеўскі, застаюцца папулярнымі. Гэта дае надзею, што кніга будзе жыць!

Текст: