Якія гульні не падыходзяць дзецям

16:00 / 27.08.2021

Прывітанне, сябры!

Ну, як прайшло ваша лета? Мае – цудоўна, без здарэнняў і траўм! Гэта, канешне, калі не лічыць укусаў камароў і некалькіх сінякоў і драпін. Затое нічога дрэннага я не зрабіў і бацькоўскай забароны наконт бяспекі не парушыў.

А вось некаторыя дзеці летам забылі пра гэта. Пэўна ж вы чулі пра выпадак у Астраўцы, калі дзяўчынка звалілася з даху шматпавярхоўкі на казырок балкона – каб зняць яе, прыйшлося выклікаць выратавальнікаў. Добра, што яна не траўмавалася. Страшна ўявіць, якія наступствы маглі б быць, калі б не балкон… Няўжо дзяўчынка не ведала, што небяспечна знаходзіцца на даху і тым больш на яго краі? Няўжо не ўсведалялі яны з сяброўкай, што гэта зусім не падыходячае месца для дзіцячых гульняў і шпацыраў? Цікаўнасць цікаўнасцю, але трэба і думаць наперад. І ўвогуле: лепш не лезці туды, куды нельга.

3.jpg

А нядаўна, расказалі мне выратавальнікі, дзве дзяўчынкі на полі знайшлі запальніцу і падпалілі сена. Агонь хутка ўвабраўся ў сілу. Сяброўкі паспрабавалі патушыць полымя курткамі – але перамагчы стыхію ў іх не атрымалася і яны, напалохаўшыся, уцяклі дахаты.

У выніку згарэла 60 тон сена, яшчэ 120 пажарныя змаглі выратаваць – на ліквідацыю здарэння пайшло каля паўгадзіны. За знішчанае сена давядзецца плаціць бацькам дзяўчынак. Думаю, для сябровак гэта стала ўрокам на ўсё жыццё, яны атрымалі пакаранне ад мамаў і татаў і яшчэ доўга застануцца без падарункаў за свой учынак…

Падобныя гульні дзяцей з агнём – з’ява, на жаль, дастаткова частая. Мінулым летам, нагадаю, такі выпадак здарыўся і ў Астраўцы, калі непаўналетнія знайшлі запалкі і падпалілі машыну.

Чаму мы можам навучыцца на гэтых прыкладах? Па-першае, трэба засвоіць, што нельга гуляць з агнём і шукаць прыгод там, дзе не месца дзецям. Правілы бяспекі настаўнікі і бацькі нам не проста так расказваюць: здароўе і жыццё павінны стаяць вышэй за цікаўнасць. Па-другое, за кожную нашу дрэнную справу давядзецца адказваць бацькам і часцей за ўсё штрафам – а ад гэтага, зразумела, «атрымаем» і мы.

Спадзяюся, мае сябры, вы не станеце парушаць правілы бяспекі і забароны, бо ведаеце, да чаго гэта прывядзе. А ў любой надзвычайнай сітуацыі, калі не можаце справіцца з ёй самастойна, выклікайце выратавальнікаў па нумарах 101 ці 112.

З павагай Ягор.

Текст: Главный администратор