Астраўчане расказалі пра любімыя мясціны горада
10:00 / 27.08.2021
«Гэта наш любімы горад»
Марыя Шчарбакова, намеснік дырэктара па культурна-масавай рабоце:
– Да пераезду ў Астравец ніколі не чула пра гэты горад. Мужу прапанавалі працу ў вайсковай частцы па ахове Беларускай АЭС і я сказала: «Канешне, паедзем».
Першае ўражанне ад сустрэчы з горадам было не вельмі прыемным. Пасля Бабруйска, дзе мы жылі, мне не хапала магазінаў і гандлёвых цэнтраў, грамадскага транспарту. Усё астатняе – жыллё, дзіцячы сад, паліклініка, праца – задавальнялі.
А сёння мы ўпэўнены, што гэта – наш горад, плануем тут жыць. Наша сям’я проста абажае Астравец.
Калі мы пераехалі сюды ў 2017 годзе, у нас была толькі дачка Арына, тут нарадзіўся сын Ярамір. Вельмі любім гуляць з дзецьмі па нашым горадзе. Любімае месца – востраў кахання, дзе можна пакарміць птушак, палюбавацца з мастка гладдзю вады, памарыць каля скульптуры Пятра і Феўроніі Мурамскіх. Дзеці таксама любяць гарадскі парк з мядзведзікамі.
І калі раней мне хацелася гуляць па шумных гандлёвых цэнтрах, то цяпер мне патрэбен спакой, чысціня і зеляніна, якія ёсць у Астраўцы!
«Астравец – мая радзіма»
Ульяна Байдун, дзевяцікласніца СШ №1:
– Я жыву на вуліцы Валадарскага ў, як цяпер многія называюць, старой частцы горада – і менавіта яе мясціны для мяне самыя любімыя.
Напрыклад, падабаецца прагульвацца з сябрамі па востраве кахання – там ціха, прыгожа, а яшчэ можна пакарміць качак.
Парк ля плошчы – таксама адно з аблюбаваных намі месцаў адпачынку. У нас там нават свая лавачка ёсць – першая ад помніка Леніну. Асаблівая атмасфера ў парку вечарам: калі запальваюць гірлянды, настрой уздымаецца.
Каля лесапарку пабудаваны класны новы стадыён – уражвае, асабліва, калі ўзгадаць, якім гэта месца было раней. І, безумоўна, спартыўны комплекс «Імпульс» – вялікі, прасторны! Я там займаюся ў трэнажорнай зале – вельмі падабаецца.
Калі гаварыць пра новыя мікрараёны, то пакуль там мяне нічога не прыцягвае. (Усміхаецца.)
«Святыя Пётр і Феўронія моляць Бога за нас»
Наталля Рагавенка, медыцынскі рэгістратар:
– Калі мы ў 1990 годзе прыехалі ў Астравец з параненай чарнобыльскай бядой Хойнікшчыны, нам усё тут было чужым: горад, людзі, нават гаворка...
Мінула 30 гадоў – і цяпер, гаворачы слова «дадому», мы маем на ўвазе Астравец. Тут наш дом, выраслі нашы дзеці, цяпер у іх свае сем’і, падрастаюць унукі. З’явіліся сябры і новая радня, работа, калегі. І, вядома ж, любімыя мясціны ў родным горадзе.
Адна з найгалоўнейшых – царква Святых Пятра і Паўла. Яна ўзводзілася на нашых вачах, з пасільнай дапамогай усіх прыхаджан. А цяпер з кожным годам прыгажэе і сам храм, і тэрыторыя вакол яго, радуючы меладычным голасам званоў, рознаквеццем, вясёлымі галасамі на дзіцячай пляцоўцы.
А найбольш мне падабаецца помнік апекунам сям’і, любові і вернасці Пятру і Феўроніі Мурамскім, які не так даўно з’явіўся каля царквы, – прыгожы, велічны і разам з тым вельмі сардэчны і пяшчотны. Як па мне, дык гэта самая лепшая скульптурная кампазіцыя з устаноўленых у нашым горадзе. І самая знакавая. Мурамскі князь Пётр і яго жонка Феўронія нібы жывыя – здаецца, яны спецыяльна прыйшлі да нас, каб ахоўваць у сем’ях спакой, мір і згоду.
«Такі прытульны і такі харошы...»
Пётр Крупенчык, пенсіянер:
– Некалькі дзесяцігоддзяў назад Астравец называлі канцом свету, а зараз гэта малады, прыгожы, сучасны горад, дзе жывуць таленавітыя, працавітыя і адданыя роднаму краю людзі. Хоць наш райцэнтр, асабліва за апошнія некалькі гадоў, змяніўся – і было гэта на маіх вачах! – для мяне ён застаецца, як пранікнёна пісаў Уладзімір Караткевіч, зялёным Астраўцом над срэбнай Лошай, такім прытульным і такім харошым…
Усё жыццё я прысвяціў лясной гаспадарцы раёна і, па шчырасці, натура ў мяне не гарадская, найлепш сябе адчуваю на ўлонні прыроды – люблю вудзіць рыбу і збіраць грыбы.
Мне падабаецца сквер у старой частцы горада, лесапаркавая зона, сэрцам і душой я прыкіпеў да адміністрацыйных будынкаў лясгаса – новага і старога, дрэваапрацоўчага цэха, лесагадавальніка – тых месцаў, дзе праводзіў значную частку жыцця… Радуе, што па-ранейшаму да Астраўца з розных бакоў туляцца лясы.
«Лепшы адпачынак – пікнікі з дачкой»
Таццяна Махневіч, старшая медыцынская сястра гінекалагічнага аддзялення:
– Канешне, Астравец за апошнія гады вельмі змяніўся: «аброс» новымі мікрараёнамі са шматпавярховымі дамамі, школамі і садкамі, магазінамі ды гандлёвымі цэнтрамі. Але мы з дачкой любім адпачываць у так званай старой частцы горада – на ўзбярэжжы вадасховішча, з якога адкрываецца цудоўны від на царкву Святых апосталаў Пятра і Паўла, фантан і востраў кахання. Падчас такіх прагулак абавязкова бяром з сабой пакрывала, штосьці перакусіць, знаходзім утульнае месца – і ладзім пікнік. І, вядома ж, прыдумваем сабе цікавы занятак. Напрыклад, чытаем па чарзе ўголас кнігу: старонку – Карына, старонку – я. Альбо малюем аднолькавы пейзаж ці які-небудзь прадмет, а затым параўноўваем, у каго лепш атрымалася, – у гэтай справе я саступаю дачцэ – яна добрая мастачка. Бывае, проста размаўляем і любуемся прыгажосцю навокал. Такія моманты, праведзеныя з дарагімі людзьмі ў цудоўным месцы, самыя лепшыя і запамінальныя ў жыцці.
Запісалі Алена ЯРАШЭВІЧ, Рыта ДРЭМА, Ніна РЫБІК, Алена ГАНУЛІЧ, Марына МАЦКЕВІЧ.