Па сцяжынцы да школьнага парога Трокеніцкай базавай школы прайшлася яе дырэктар Валянціна Сасноўская

10:33 / 26.08.2021

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

2.jpg

З гісторыі

Згодна з кнігай «Памяць. Астравецкі раён», Трокеніцкая школа заснавана ў 1961 годзе. Размяшчалася яна ў парку каля двухпавярховага будынка былой сядзібы вядомага мастака, пісьменніка і падарожніка Мар’яна Богуша-Шышкі.

Драўляны будынак перавезлі з Валэйкішак. Пазней да яго дабудавалі сталовую, майстэрню, спартыўную залу і кацельную, правялі паравое ацяпленне.

Першым дырэктарам школы быў Пётр Іларыёнавіч Кезля – ён узна­чальваў установу 19 гадоў, затым школай кіравала Фаіна Міхай­лаўна Быкава, год дырэктарам быў Аляксей Андрэевіч Сібірцаў. З 1983 года школу ўзначаліла Валянціна Антонаўна Сасноўская.

З марамі ў рэальнасць

– Я нарадзілася ў Лынтупах – на той час гэта была Маладзечненская вобласць – у сям’і педагогаў. Бацькі выхоўвалі пяцёра дзяцей – трое з нас сталі настаўнікамі. У дзяцінстве марыла быць лётчыцай, а вось педагогі прарочылі мне лёс настаўніка – з 9 класа была важатай, і пакуль аднакласнікі бавілі вольны час гуляючы, я займалася з малодшымі школьнікамі. Мы чыталі, гулялі, займаліся – было вельмі цікава.

Валянціна Антонаўна ў 1964 го­дзе паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага педінстытута – яе маці была філолагам, і гэта адыграла пэўную ролю пры выбары прафесіі – і адразу ж запі­са­лася на ўсе гурткі, якія тут былі арга­нізаваны: танцавальны, драматычны, гімнастыку, парашутны… Гэта, дарэчы, ёй вельмі потым дапамагло падчас працы ў школе.

На размеркаванні маладому спе­­цыялісту прапанавалі Астра­вец­­­кі, Ашмянскі, Смаргонскі, Іўеў­с­кі і Вора­наўскі раёны. Дзяў­чына вы­бра­ла Ашмянскі – некалі была тут у сяб­роўкі і лічыла, што ведае яго.

– Адзін з выкладчыкаў вельмі раіў мне Астравецкі, казаў, што тут вельмі прыгожыя азёры. Праз 3 гады я сапраўды сюды трапіла. Пачынала ў метадычным кабінеце – месца настаўніка ў гарадской школе на той час не было. Праз 6 гадоў трапіла ў Падольскую школу – працавала намеснікам дырэктара. А потым мне прапанавалі пасаду дырэктара ў Трокеніцкай школе, – расказвае Валянціна Антонаўна. 

З аднаго боку гэта было павышэнне. Аднак першае знаёмства са школай было не самым прыемным.

– Да гэтага я была тут як метадыст і не ўнікала ў гаспадарчую дзейнасць, – узгадвае былы дырэктар. – Прывезлі мяне Батура і Пырачкін, а я іду па школе і слёзы на вочы наварочваюцца – стан будынка быў жахлівы. 

– Гадоў за 10 зробіш усе рамонты і будзеш спакойна працаваць, – сказаў мне тады Пырачкін. Аднак усе 19 гадоў, што я працавала дырэктарам, і пазней, мы ўвесь час нешта рабілі: фарбавалі, прыбівалі, рамантавалі, – гаворыць Валян­ціна Антонаўна.

Стары будынак, да таго ж па­стаўлены на фундамент, які не выглядваў з-пад зямлі, размешчаны ў нізіне, і як толькі пачыналіся дажджы, вада ішла пад фундамент і гніла падлога. 

– Калі я прыйшла ў школу, амаль у кожным класе былі праломлены дошкі, сталовая і спартыўная зала ўвогуле былі ў жахлівым стане. Я плачу, а ідзе міма повар і кажа: «Нічога, нешта будзе», – расказвае Валянціна Антонаўна.

Больш за месяц кожны дзень дырэктар з Падольцаў дабі­ра­лася ў Трокенікі і назад.

– Канешне, было складана, але праблемы не пало­ха­лі. Калі я пераехала, ра­бот­нікі школы і настаў­нікі дапа­­маглі ў доме зра­біць рамонт. Па­крыху пачалі займац­ца добраўпа­радкаваннем школы, – узгадвае былы дырэктар.

На асенніх канікулах Валянціна Антонаўна пайшла да старшыні калгаса і папрасіла дапамагчы з рамонтам сталовай. Ён не адмовіў – тут рыхтавалі абеды і для калгасных трактарыстаў. 

Замест драўлянай падлогі ў сталовай паклалі плітку. Потым пачалі капітальны рамонт спартыўнай залы: замянілі падлогу, пафарбавалі сцены. Хутка фарба стала адвальвацца, але і тут дырэктар знайшла выйсце.

– Важатай у нас працавала Таццяна Блахіна, яна добра малявала і ўпрыгожыла спартыўную залу малюнкамі казачных персанажаў са спартыўным інвентаром. Класы мы аббілі ДВП, каб не сыпалася тынкоўка, затым сталі разбіраць печкі, – расказвае Валянціна Антонаўна. 

Апорай у рамонце і добраўпа­радкаванні аказаўся самы вялікі па колькасці 5 клас – у ім было 17 вучняў, з якіх 12 хлоп­чыкаў, – з класным кіраўніком Марыяй Міхайлаўнай Захарэвіч. Да іх далучыліся хлопчыкі са старэйшых класаў, настаўнікі, бацькі вучняў. Разам выкарчавалі старыя дрэвы і кусты, калгас дапамог з будаўнічымі матэрыяламі – так талакой дзеці і дарослыя добра­ўпа­радкавалі школьны двор. 

– У калгас я хадзіла як на работу, і яго старшыня Віктар Міка­лаевіч Паршонак нам вельмі да­памагаў, штосьці даваў сельсавет, які тады ўзначальваў Валян­цін Станіслававіч Вайні­ловіч, а бух­галтарам працавала Марыя Юльянаўна Кузміцкая. У той час ку­піць нават фарбу было не прос­та. Гэта цяпер з будматэрыяламі няма праблем, ды і аддзел аду­ка­цыі дапамагае… Тады ўсё было па-іншаму, – гаворыць Валянціна Антонаўна.

3.jpg

Па гарадах і краінах…

– Напачатку рамонту я паабяцала дзецям, што, калі скончым усе работы, паедзем у Мінск. Слова стрымала. Тыдзень мы правялі ў сталіцы, хадзілі на экскурсіі, вучыліся карыстацца грамадскім транспартам, – узгадвае былы ды­­рэк­тар. – Пасля таксама было шмат паездак. Мы бралі 2 гектары буракоў, на працягу вясны, лета і восені даглядалі іх, збіралі ўраджай і куплялі пуцёўкі: для 5-6 класаў – па Беларусі, школь­нікі 7-8 класаў выязджалі ў іншыя краіны.

Дзеці самі вырашалі, хто паедзе на экскурсію. І пры гэтым у разлік не бралася іх паспяховасць, галоўным быў удзел у грамадскіх справах, паводзіны, актыўнасць. 

– Мінск, Полацк, Брэст, Ленін­град, Масква, Валгаград, Севастопаль… – падчас выездаў мы стараліся выкарыстаць кожную хвілінку, каб наведаць незапланаваныя аб’екты, схадзіць у тэатр або кіно. А колькі запамінальных дней мы правялі ў Севастопалі! І пры гэтым абавязкова кожны дзень дзеці хадзілі на мора, – з усмешкай расказвае Валянціна Сасноўская.

Лепшыя дзеці і настаўнікі

Славілася ўстанова танцавальным калектывам. У час, калі многія школьнікі дабіраліся на вучобу на маршрутных аўтобусах ці пешшу, даводзілася рэпеціраваць на перапынках, часам заставацца пасля ўрокаў.

– Першыя спаднічкі для дзяцей для мастацкай самадзейнасці шылі мы з Тамарай Васільеўнай Сібір­цавай – прыгожыя атры­ма­ліся. У 90-я гады калгас і сельскі Савет набылі для нас сцэнічную вопратку. У камбінаце тэатральных касцюмаў у Мінску я заказала народныя касцюмы беларусаў, рускіх, украінцаў і малдаван – каштавалі яны як новы аўтамабіль. На той час такія былі толькі ў Доме піянераў, – узгадвае Ва­лянціна Антонаўна.

– Нашы школьнікі былі вельмі актыўнымі: спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў спектаклях… У нас часта пыталіся, дзе мы бяром такіх таленавітых і прыгожых дзяцей. А яны глядзелі адзін на аднаго і стараліся быць лепшымі, – гаворыць былы дырэктар.

А яшчэ ў школе быў радыёвузел – дзеці пад кіраўніцтвам настаў­нікаў запісвалі школьныя навіны, праводзілі спартыўныя перапынкі пад музыку, арга­нізоўвалі праф­арыентацыйныя перадачы – рабілі рэпартажы з поля, з фермы, з ін­шых месц, дзе працавалі іх баць­кі. 

– У нас таксама была цудоўная агітбрыгада, мы ездзілі на калгасным аўтобусе ў Катлоўку, Ігнацова, Слабодку з канцэртамі, выступалі для калгаснікаў на ферме, мехдвары – дзе знойдзем месца. Усім падабалася, – узгадвае былы дырэктар. 

Да таго ж у школе разумелі, што не кожнае дзіця можа вучыцца на выдатна, але ў кожнага ёсць здольнасці, якія настаўнікі павінны развіць, таму без справы не заставаўся ніхто, кожны меў занятак па душы.

1.jpg

Пераемнасць

– Але калі б не сумесная праца ўсіх настаўнікаў школы, то ніякіх поспехаў у нас не было б. Узяць нават самае простае: я вучу танцавальны калектыў, хтосьці ўключае музыку, нехта дапамагае дзецям апранацца... – расказвае Валянціна Сасноўская. – Семінары, адкрытыя ўрокі, святы – ніколі не было такога, каб нехта адмовіў у падтрымцы. Канешне, як у любым калектыве, былі рабочыя моманты – але ніколі не было разборак. Падчас вучобы ў інстытуце мне запомніўся выраз «Поўнае аднадушша бывае толькі на могільніку» – і на розныя сітуацыі я глядзела праз прызму гэтай фразы.

Некаторыя настаўнікі Троке­ніцкай школы прысвяцілі ёй і дзецям усё жыццё. Былі і такія, што прыходзілі, каб адпрацаваць, – з такімі ва ўстанове расста­валіся без жалю. Але ў асноўным – кожны ведаў сваю справу і стараўся.

– Формула поспеху любой школы – таленавітыя дзеці, творчая каманда настаўнікаў і дапамога бацькоў – без гэтага пра­цаваць складана, – упэўнена Валянціна Анто­­наўна.
З усёй адказнасцю – па іншаму былы дырэктар не ўмела – яна рыхтавала сабе годную замену. 

– Спачатку Іван Іванавіч Пляў­га стаў маім намеснікам. І калі прыйшоў пенсійны ўзрост, я адразу ж перадала яму ўсе справы і са спакойнай душой пайшла на заслужаны адпачынак, – узгадвае Валянціна Антонаўна. – Праўда, у школе засталася – працавала настаўнікам на стаўку, потым на палову, а затым пакінула толькі танцавальны гурток. 

– Калі было прынята рашэнне аб закрыцці школы, я ўжо не працавала, але на сходзе была. Бацькі ўзрадаваліся, што дзецям будзе лепш: малодшыя перайшлі ў Варонскую школу, сярэднія і старэйшыя класы – у Варнянскі НПК, месца працы знайшлі і настаўнікі.
З першых вуснаў

Людміла Станіславаўна Сасноўская, дырэктар СШ №3, былы настаўнік і намеснік дырэктара Трокеніцкай базавай школы:

– Я прыйшла ў Трокеніцкую школу настаўнікам пачатковых класаў. Мне было амаль 20. Дырэктарам працавала Валянціна Антонаўна Сасноўская, потым школу ўзначаліў Іван Іванавіч Пляўга, пасля яго – Жанна Яўгенаўна Бяляўская.

Тут былі закладзены асновы настаўніцкай прафесіі – і я ўдзячна ўсім педагогам, якія працавалі побач, што ў мяне з кожным днём зараджалася ўсё большае жаданне працаваць у школе.

З вопытных настаўнікаў на той час працавалі дырэктар Валянціна Антонаўна Сасноўская – яна выкладала рускую мову і літаратуру, матэматык Марыя Міхайлаўна Захарэвіч, хімік-біёлаг Тамара Васільеўна Сібірцава, настаўнік пачатковых класаў Алена Іванаўна Сідарэнка – я многаму ў яе вучылася, беларускі філолаг Яўгенія Тадэвушаўна Таргонская. Астатнія былі маладзейшыя. Дырэктар магла ў настаўніка прасядзець на ўроках цэлы дзень – і гэта стымулявала. У мяне ў класе ў першым наборы было 15 чалавек. Урокі заканчваліся рана, здавалася, – можна адпачываць, але мы заставаліся з дзецьмі і працягвалі займацца. 

Калі было прынята рашэнне аб закрыцці школы, я была дырэктарам лагера ў Рымдзюнах. І калі змена закрылася і я вярнулася ў Трокенікі, школы, як установы, ужо не было. Мне прапанавалі пасаду дырэктара Варонскай школы.

5.jpg

Іван Іванавіч Пляўга, настаўнік СШ №3, былы дырэктар Трокеніцкай базавай школы:

– У Трокеніцкую школу прыйшоў на працу ў 1989 го­дзе, тут вырас з настаўніка фізкультуры, спеваў і гісторыі да дырэктара – і выгадавала мяне Валянціна Антонаўна. 
Побач працавалі вопытныя настаўнікі Тамара Васільеўна Сібірцава, Марыя Міхайлаўна Захарэвіч, Валянціна Антонаўна Сасноўская, Генадзь Данілавіч Волах – былы вязень фашысцкага канцлагера. 

Валянціна Антонаўна была строгай, патрабавальнай, ніколі не павышала голас, але не выканаць яе заданне ці даручэнне было немагчыма. Яна была мудрым кіраўніком, магла знайсці падыход да любога. Помню, як аднойчы выклікала і сказала: «Ты будзеш маім намеснікам!» Я засумняваўся, а на лінейцы 1 верасня яна паставіла мяне побач і прадставіла дзецям і настаўнікам як свайго намесніка. 

У Трокеніках быў практычна жаночы калектыў. З пятнаццаці педагогаў 13 жанчын. Школа патрабавала рамонту, і мы адцягнулі яе закрыццё на некалькі гадоў, потым набылі аўтобус для падвозу дзяцей.

І ўсё ж закрыццё ўстановы было непазбежным – не было сэнсу ўкладваць у яе грошы, дзяцей станавілася менш, хаця ўзровень ведаў нашых вучняў быў не горшы, чым ў буйных школах. Маладыя настаўнікі набіраліся вопыту ў старэйшых, наведвалі іх урокі, мы ўсе вучыліся адзін у аднаго – і гэта было важна.

4.jpg


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: