Святлана Стацэнка і яе вучні выступалі ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей моладзі

12:07 / 06.07.2021

На дзень творчых прафесій у госці да выхаванцаў аздараўленчага лагера “Млын”, які працуе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, прыязджала заслужаны дзеяч культуры, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г. Мулявіна Рэспублікі Беларусь, педагог і маці пераможцы дзіцячага “Еўрабачання-2005” Ксеніі Сітнік Святлана Стацэнка і яе вучні, пераможцы і прызёры шматлікіх конкурсаў і песенных праектаў Марыя Жыліна і Арцём Скароль.

IMG_7281.jpg

Пляцоўка ля цэнтра творчасці на гадзіну пераўтварылася ў студыйную залу пад адкрытым небам.

Пачэсныя госці ўстроілі для маленькіх астраўчан сапраўднае свята. Па-першае, ужо толькі таму, што прыехалі. Па-другое, яны падрыхтавалі канцэртную праграму, вядучай якой стала сама Святлана Адамаўна. Знакамітыя землякі знаёмілі з уласнай творчасцю, з беларускай традыцыйнай культурай, вадзілі карагоды і адказвалі на пытанні гледачоў: колькі займаюцца вакалам, як рыхтуюцца да выступленняў, калі паспяваюць вучыць урокі, хто для іх з’яўляецца кумірам, кім мараць стаць... – астраўчанам было цікава ўсё.

IMG_7361.jpg

IMG_7465.jpg

Скарысталася магчымасцю і я: як таленавіты педагог запальвае зоркі на песенным небасхіле, чым кіруецца, на што расстаўляе акцэнты, карэспандэнт “раёнкі” распытаў у самой Святланы Стацэнка.


ПРАКАЧКА

– Я маю дастатковы вопыт, таму, як добры доктар, калі да яго прыходзіць пацыент са скаргамі на здароўе, бачу, у чым прычына. Мне дастаткова паразмаўляць з дзіцям, запытаць, як завуць, як вучыцца, убачыць, як яно праяўляе эмоцыі, – і разумею, што з яго атрымаецца.

Першая прычына, па якой я вазьму да сябе на заняткі, -- жаданне самаго выхаванца. Вельмі моцнае. Далей – працалюбства, прычым трэба выкладацца поўнасцю, аддаваць справе шмат сіл. Некаторыя спадзяюцца, што калі прыдуць да Стацэнка, то яна ўкладзе ў іх дар – і яны, нібы па ўздыме чароўнай палачкі, зробяцца папулярнымі. Гэта не так. Таму што прафесійна спяваць на сцэне: паказаць музычны матэрыял, выканаць яго на ўзроўні, выйсці на гледача – вельмі вялікая праца. Акрамя вакальных дадзеных , трэба мець яшчэ артыстычныя, харэаграфічныя. Нават калі дзіця не танцуе на сцэне, а стаіць – гэта павінна выглядаць прыгожа. У песні трэба жыць, прапускаць усё, пра што ты спяваеш, праз сябе. Як сэрца перакачвае нашу кроў – так спеваку трэба пракачаць праз сябе музычны матэрыял.

Заўсёды сваім выхаванцам гавару: ты павінен не проста саспяваць, а маленькі фільм, міні-спектакль паказаць гледачу.

І вось калі скласці жаданне і працалюбства, то музычныя, творчыя, вакальныя здольнасці можна развіць.

Здараецца, што бацькі імкнуцца зрабіць з сына альбо дачкі спевака, а дзіцяці больш даспадобы іншае – маляванне, спорт, да прыкладу. З такім працаваць будзе складана , і педагог можа мала што зрабіць, нават калі ў вучня добрыя вакальныя дадзеныя. Можна навучыць яго, выпусціць яго на сцэну, але не будзе галоўнага – яго сэрца не запяе, значыць, прафесіянала не атрымаецца.


ВЫХАВАНЦЫ, АУ

– У нашага цэнтра даўно такі статус, што да нас ідуць – у першую чаргу на імя Мулявіна, потым яны ведаюць, хто такая Ксенія Сітнік і тое, што я – яе маці. І нават тыя, хто не ведае, што я падрыхтавала сваю дачку да “Еўрабачання”, але бачаць выступленне маіх выхаванцаў, да мяне падыходзяць і пытаюць: ці можна да вас на праслухоўванне? Ды і вынікі, якіх дасягаюць мае вучні, таксама бачаць.

Што тычыцца таленавітых дзяцей з невялікіх гарадоў і вёсак, іх таксама заўважаюць – падчас разнастайных конкурсаў, у якіх тыя ўдзельнічаюць: калі дзіця яркае – яго адразу бачна, часам толькі трэба дапамагчы з матэрыялам, стварыць вобраз.

Вельмі важны момант – падтрымка бацькоў. Ва ўсім. Уявіце, Арцёма Скароля з Ашмян бацькі двойчы на тыдзень возяць на заняткі, а яшчэ ж і рэпетыцыі, і канцэрты… Зрабіць фанаграму каштуе нятанна. Тут трэба разумець адно: калі дарослыя артысты адпрацуюць свае ўкладанні канцэртамі, то бацькі пакуль толькі робяць інвестыцыю ў дзіця.

Не на апошнім месцы і падрымка школьных настаўнікаў. Яны павінны разумець, колькі сіл, працы ўкладае дзіця, падбадзёрваць, у чымсьці дапамагчы.


КАЛІ АДДАВАЦЬ НА ВАКАЛ

– Калі я вучылася, казалі што каардынацыя паміж слыхам і голасам выраўніваецца дзесьці ў 6 гадоў. Аднак па вопыце бачу, што бываюць і ў чатырохгадовых такія дадзеныя! Лічу, што гэта богам мечанае дзіця.

Увогуле з шасці гадоў можна пачынаць працаваць. Вось калі прыходзяць у дванаццаць гадоў –складаней, бо ўжо пачынаецца перадмутацыйны перыяд – і ў дзяўчынак, і ў хлопчыкаў. Толькі ў дзяўчынак ён праходзіць лягчэй.

Камусьці ўрачы нават забараняюць нейкі перыяд спяваць, камусьці, каб не пашкодзіць звязкі, падбіраем лягчэйшы матэрыял.


ПАДРЫХТОЎКА НУМАРУ

– Каб з’явіўся музычны матэрыял, педагог вызначае, якая песня вучню трэба – адно і тое ж не падыдзе адразу траім. Яны, канешне ж, спяюць. Але я маю на ўвазе прафесійны падыход, калі ты бачыш вакальныя дадзеныя дзіцяці, ведаеш яго характар, тэмперамент – хуткаму, напрыклад, лепш тэмпавыя песні.

Спярша звяртаемся да кампазітараў, аўтараў тэкстаў – злучаем гэта, спрабуем у класе – падыдзе-не падыдзе, калі падыходзе – толькі тады заказваем аранжыроўку.

Калі цалкам гатова песня, запрашаем дызайнера па касцюму – ён прыходзіць, глядзіць, слухае і прапаноўвае варыянты эскізаў. Тут галоўнае, каб дзіцяці павінна было зручна ў адзенні і спяваць, і рухацца. У нас не бывае, каб перад выступленнем упершыню апранулі касцюм – рэпеціруем у ім, каб бачыць, што перашкаджае, што трэба падправіць.


СПЯВАЦЬ УЖЫВУЮ

– Ніколі не пачынаем спяваць, пакуль не расспяваліся , – трэба разагрэць звязкі. Адначасова працуем над дыкцыяй, дыханнем, высокімі нотамі, вібрата, рознымі тэхнікамі – гэта ўсё ідзе ў комплексе практыкаванняў. І на аснове іх потым выстройваем песню.

– Часам меншыя вучні пачынаюць ушчуваць, маўляў, мы гэтую песню развучваем ужо паўгода. А я ў адказ: хачу цябе расстроіць – мы яе яшчэ 2 гады будзем спяваць. Па-першае, ты яе не спяваеш так, як мне хацелася б, а па-другое, у цябе павінен быць добры музычны матэрыял, каб цябе прыемна было слухаць, а не ўсяго шмат і па вярхах.

З дзецьмі працаваць цяжка – ім хочацца ўсё хутчэй, таму , калі заканчваем развучваць песню, даю ім новыя практыкаванні, каб не засумавалі, паспяваюць – ідуць на харэаграфію, там зменяць від дзейнасці.

Каб у тэмпавай песні навучыцца трымаць дыханне – спяваем і скачам, а тады ўбіраем скокі, дзіця пачынае спяваць і – клас! Здорава атрымліваецца! Па-рознаму працуем.

Спяваем толькі ўжывую – ніякіх фанаграм, каб проста адкрываць рот! Калі ты спяваеш ужывую, то вучышся: дзесьці не паспеў зглытнуць сліну, дзесьці забыў слова – вучышся знаходзіць выхад з сітуацыі. А з фанаграмай ні навыкаў не будзе, ні вопыту.


ДАРЫЦЬ ЗАДАВАЛЬНЕННЕ

– Заўсёды дзецям гавару: нават калі вы спяваеце песню 179 раз, вы прыехалі на новую сцэну, да новага гледача, які ўпершыню ад вас гэта чуе – зрабіце так, каб вельмі спадабалася. І не важна, дзе вы выступаеце. Тая ж Маша Жыліна. Для яе няма розніцы, выступаць на сцэне ў Астраўцы ці ў Сан-Рэма, дзе ёй апладзіраваў увесь аркестр, пад акампанемент якога спявала, – яна выступае ўсюды з аднолькавай аддачай. Бо людзі, якія прыйшлі на канцэрт, хочуць атрымаць ад тваёй творчасці задавальненне – і ты, сапраўдны артыст, павінен ім гэта забяспечыць.


ПРА ЗОРНУЮ ХВАРОБУ

– З такім педагогам як Стацэнка гэта немагчыма. Я дзецям кажу, што ў нас у цэнтры ёсць адна зорка – гэта я. Калі дасягнуць майго ўзроўню вакалу, усё: няхай пачынаюць зорнічаць. (Смяецца.) З гумарам, з жартам з імі працую – так лягчэй. Дзеці разумеюць, што калі нават дасягнулі нейкіх поспехаў, гэта не назаўсёды: сёння ты на вышыні, а заўтра і той, хто сядзіць у зале, можна дасягнуць крутых вышынь – у матэматыцы, спорце… Калі ў цябе сёння нешта лепш атрымліваецца, гэта не азначае, што ты асаблівы. Мае вучні і выпускнікі, якія дасягнулі вельмі добрых вынікаў, добрыя, сціплыя, я б сказала, камфортныя ў стасунках дзеці.


ЯК АБЯЗБОЛІЦЬ НЯЎДАЧЫ

– Не заўсёды атрымліваецца так, як гэтага чакаеш ты, твае вучні. Працуючы з дзецьмі, трэба быць не толькі вакалістам, а тонкім псіхолагам. Ніколі не настройваю на перамогі, проста гавару: саспявай так, каб спадабалася мне і табе самому, а месцы мяне не асабліва цікавяць. Бо хто такія члены журы – гэта таксама людзі, яны ацэньваюць суб’ектыўна, прапускаючы праз сябе. Некаму выступленне вельмі спадабаецца, а некаму – не, і ён ацэніць на невысокі бал, бо яго не зацапіла, нечага не хапіла, хоць і спявала дзіця цудоўна.

І нічога дзіўнага ў тым, што ў папярэднім конкурсе вучань узяў Гран-пры, а ў гэтым – 3 месца. Так бывае. А вось з ацэнкай журы нельга не лічыцца, таму што гэта прафесіяналы, якія дасягнулі пэўных вяршынь, іх меркаванне важнае, таму яны і запрошаны ў суддзі.

Пасля выступлення, нават калі яно было не такім, як я чакала, ніколі не ўсчуваю – дзіця дзесьці памылілася, яно гэта ведае, яму і так нясоладка. А тут і яшчэ дадам?! Кажу: “Нічога. Бывае”.


СЦЭНА – ЖЫЦЦЁВЫ ВОПЫТ

– Не ўсё мае выхаванцы звязваюць прафесію са спевамі. Для некаторых гэта занятак для душы. А на вакале мы вучымся жыццю: калі дзіця выходзіць на сцэну, яно пераадольвае страх, яму трэба справіцца з хваляваннем, выйсці на вялікую аўдыторыю. І гэты навык у жыцці вельмі патрэбны: умець лёгка стасавацца з людзьмі, быць упэўненым у сабе, кантраляваць эмоцыі.


ШОУ ДЛЯ “ЕЎРАБАЧАННЯ”

– Формулы поспеху тут няма. Каб яна была, мы ўсе па ёй роўненька працавалі б – і атрымлівалі вынік. Мой самы гадоўны арыенцір – дзіця. Глядзела, што за яно, старалася патрапіць у матэрыял – калі вучань данясе да гледача песню, усё атрымаецца.

“Еўрабачанне”, на мой погляд, – больш шоу, чым конкурс песеннага майстэрства. Тут патрэбна карцінка, каб чапляла ўсё разам: вакал, падтанцоўка, касцюмы, хутка запамінальныя мелодыі, словы. Гэта непрадказальны конкурс. Вось “Славянскі базар” – гэта чыста вакал.

Лічу, што , нават калі выхаванец і не пройдзе далей нацыянальнага адбору, усё роўна нешта для сябе вынесе: вопыт, загартоўку, уменне радавацца поспеху сапернікаў, ды ўрэшце – песню, напісаную менавіта для цябе!

IMG_7558.jpg



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Рита Дремо