Старадаўнія рэчы збірае Аляксей Малочка
16:16 / 05.07.2021
А калі ўсё ж лезу, як кажуць, не ў сваю справу і пытаю, а ў адказ чую: мне цікава – здзіўляюся яшчэ больш.
Аляксей Малочка – з такіх апантаных, які збірае – а часцей скупляе! – рэчы з гісторыяй. Ён не прыхільнік нейкага аднаго перыяду – сярод яго знаходак ёсць і лапці, падбітыя лямецам, і калаўрот, і прайгравальнік часоў савецкага дзяцінства. І няважна, што не заўсёды атрымліваецца даведацца гісторыю «жыцця» ўсіх экспанатаў – Аляксей збірае іх таму, што яму цікава, як яны зроблены, з чаго і як гэтым карысталіся…
– Не раз смяяўся з жонкі, калі яна, маючы пральную машыну, расказвала мне, як стамілася, мыючы адзенне. А ты, кажу, вазьмі вось гэту дошку і на рэчку схадзі. Тады адчуеш, што такое стамілася, – гаворыць мужчына.
Нажную швейную машынку «Лада-121», якая пераварочваецца ўніз «галавой» і ператвараецца ў кампактны драўляны столік, мужчына прыдбаў, калі рабіў рамонт у кагосьці ў Астраўцы. Дызайн звычайны: строгія лініі металічнага каркасу і падножкі. Машына працуе, нават нітка ў іголку ўведзена – сядай і шый. Невялічкая высоўная скрыня напоўнена ўсімі неабходнымі для швачкі рэчамі.
Добрую рэч у рабочым стане чэхаславацкай вытворчасці – чытайце: найвышэйшай якасці – гаспадыня аддала задарма.
Сервант прыехаў з Міхалішак. Яго Аляксей купіў неспадзявана – ехаў за старой шафай, якую знайшоў па аб’яве.
– Шмат чаго яшчэ там прыдбаў, – расказвае. – Прадаўцам хата ад бабулі засталася, рэчы гэтыя аказаліся непатрэбнымі, а выкінуць шкадавалі. Бясплатна дагрузілі мне машыну бытавой дробяззю. Так з’явіўся калаўрот – не навіна для многіх, але ў мяне яго не было; рубанак – доўгі такі, відаць, прафесіянальны; прыстасаванні для мыцця адзення і нават саламянае крэсла, глядзіш на яго – і здаецца, што з яго толькі-толькі ўстала маладая паненка. Лапці знайшоў, калі пачаў рамантаваць сваю аграсядзібу, – ад старых гаспадароў засталіся.
– Бразгатанне шкла ў серванце чуеце? Гэта гук майго дзяцінства, – працягвае мужчына. – Памятаю, у мамінай хаце на Гомельшчыне пройдзеш па драўлянай падлозе, якая прагінаецца, – а шкло так ціхенька дзынь-дзынь…
Дабротная камода глядзіцца шыкоўна нават без апрацоўкі. Натуральнае дрэва, прыцямнелае ад часу і карыстання, з драпінамі і шурпатасцямі, стыльныя ручкі і вялікія скрыні, якія і цяпер без асаблівых намаганняў вытрымаюць цяжар льняной пасцелі, посцілак і адзення. Ні следу кардону або пілавіння, таму з месца аднаму яе не зрушыць. Сучасная мэбля па ўсіх параметрах побач не стаіць.
Камода прыехала з Астраўца. А з ёй і шыкоўная шафа з выявай савы, якая, нібы карона, вянчае «шапку» вялізнага, шырачэзнага гардэробу. Поўнасцю драўляны, нават вешалкі выразаны з дрэва, звонку ён пафарбаваны ў стыльны карычневы колер, унутры ж і праз дзесяцігоддзі карыстання ўсё яшчэ адчуваецца пах сухога, «здаровага» дрэва – і ніякой «сівой даўніны».
– Абышлася мне гэтая парачка нятанна, – прызнаецца Аляксей. – Але я не шкадую – шыкоўныя рэчы. Былым гаспадарам званілі па шафе з мінскага тэатра, ім патрэбна была для пастаноўкі часоў нямецка-польскай акупацыі. Казалі, што зроблена яна ў Германіі, прывезена ў Польшчу, адтуль у Літву, затым – у наш раён.
Вялізны чырвоны куфар дастаўся Аляксею «ў спадчыну» ад бацькі, якому куплялі хату. Стан ідэальны: звонку дошкі «закаваны» ў абручы, унутры драўніна светлая, чыстая – у такіх «шафах» раней захоўвалі каштоўныя рэчы – пасаг або вопратку «на выхад».
Уражвае і кажух з аўчыны. Амаль новы.
– У адной гаспадыні рабіў рамонт – а яна з месца на месца яго перакідвала – збіралася выкінуць, але шкадавала. Расказвала, у часы яе маладосці хто такую «дублёнку» меў, багацеем лічыўся. Не трэба, кажу, выкідваць – я забяру.
Без прымеркі не абышлося – аказалася, якраз як на Аляксея кажух пашыты. У такім адзенні мароз не страшны.
З ваенных часоў – «шлем» лётчыка з вялізнымі акулярамі і новенькі планшэт, які мужчына прывёз з Рытані. Ёсць і нямецкі скураны плашч, на від амаль новы – хітра і цьмяна паблісквае гузікамі…
Пра часы юнацтва Аляксею напамінае прайгравальнік з пласцінкай знакамітых у свой час бітлоў. «Завялі» – і сапраўды, іграе. Невялічкі, у выглядзе скуранога чамаданчыка, з наклеенымі выявамі знакамітасцяў, ён прывезены з Гомеля.
– Гэта раней пласцінак было хоць салі, – уздыхае аматар даўніны. – Сёння моладзь, мабыць, і не здагадаецца, што гэта такое.
– Я не перастаю здзіўляцца якасці даўнейшых рэчаў. Як усё можна было падагнаць – роўна, надзейна і ў той жа час на шпунтах, без самарэзаў! І з якім запасам трываласці зроблена! Гэта ж сапраўдныя майстры былі! – робіць вынік Аляксей.
Ён не будзе адкрываць музей, не плануе перарабляць старую мэблю на новую, сучасную і стыльную. Проста трымае ў руках частку гісторыі, любуецца яе немудрагелістай прыгажосцю, адчувае цяпло, якое праз дзесяцігоддзі нясуць гэтыя рэчы, і неразрыўную сувязь са сваімі – і нашымі агульнымі – каранямі: бацькамі, дзядамі, прадзедамі…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.