Марк Дзямідчык, педагог дадатковай адукацыі, валанцёр: «Што пасееш, тое і пажнеш»
Малады чалавек – мінчанін, а родам ён з Пастаў. Марк па прафесіі энергетык, працуе на Беларускай АЭС інструктарам поўнамаштабнага трэнажора. Аднак гэта не адзіны занятак маладога працаўніка атамнай станцыі.
– Калі вучыўся ва ўніверсітэце, хацелася быць самастойным і карысным людзям. Так пайшоў працаваць – разводзячым санітарам у прыёмнае аддзяленне інфекцыйнай бальніцы. Там было 14 аддзяленняў і дзве рэанімацыі, нярэдка ад таго, наколькі хутка ты сарыентуешся, куды даставіць пацыента альбо ў які бокс чакання яго размеркаваць, шмат чаго залежала, – расказвае малады чалавек. – Ужо на гэтым першасным этапе, калі ўказваеш бокс, ты інтуітыўна ацэньваеш стан чалавека і акцэнтуеш увагу доктара, што, да прыкладу, гэты пацыент табе падаўся цяжкім, таму яго патрэбна аглядзець тэрмінова. Тое, што раблю патрэбную справу, адчувалася адразу – і мне гэта падабалася. Як і тое, што дапамагаю людзям, урэшце проста любіў выконваць сваю непасрэдную работу. Так я адпрацаваў 4 гады і ўспамінаю іх як залаты час.
– Праз нейкі час пасля прыезду ў Астравец лёс “занёс” мяне у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. У вольны ад работы час я дапамагаў рыхтаваць і праводзіць розныя мерапрыемствы, валанцёрыў у інтэлектуальным гуртку, а потым па сумяшчальніцтву стаў працаваць педагогам дадатковай адукацыі – вяду гурток “Лазернае майстэрства”, – працягвае Марк. – У дзяцей трэба шмат укласці, каб атрымаць пэўны вынік – гэта зразумеў яшчэ ў школе, калі мой класны кіраўнік Наталля Рыгораўна Станкевіч, не шкадуючы сіл і часу вадзіла нас ў тэатры, музеі, праводзіла класныя гадзіны з гітарай, вазіла на экскурсіі за мяжу… Мы адчувалі яе неабыякавасць, клопат – гэтым яна вучыла нас дзяліцца і з іншымі.
Малады чалавек параўноўвае сваю прафесію інструктара з прафесіяй педагога – і лічыць, што гэтыя парасткі, якія ўжо пачалі даваць усходы, пасеяў у ім школьны настаўнік.
– Я стараюся, як некалі Наталля Рыгораўна, аддаваць душу дзецям і хачу, каб яны зразумелі: працаваць сваімі рукамі і мазгамі нялёгка, –разважае Марк. – Да прыкладу, перш чым запусціць станок у працу, каб ён выдаў тое, што ты хочаш, трэба падрыхтаваць чарцёж у пэўнай камп’ютарнай праграме, – гэта няпроста. І толькі ад якаснага і карпатлівага падыходу да справы залежыць добры вынік. Магчыма, для некага гэты гурток стане штуршком да паступлення ў тэхнічны вуз – а ў іх ужо будзе базавы набор ведаў па рабоце з праграмамі. І ў тым будзе і мой унёсак.
– Што тычыцца валанцёрскай работы – так, яна забірае час, але колькі існуе іншых рэчаў, якія яго крадуць: інтэрнэт, гульні, серыялы, – лічыць малады энергетык. – Валанцёрства – гэта ўклад часу і сіл у будучае, імкненне зрабіць свет вакол сябе лепшым.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.