За любую работу трэба брацца з настроем, лічыць Людміла Вянгроўская
10:33 / 03.07.2021
Аднак вытворца харчовых паўфабрыкатаў Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Людміла Вянгроўская самы што ні ёсць рэальны і сапраўдны прафесіянал. І хоць сакрэт прыгатавання смачнейшай у свеце кількі яна мне не раскрыла, аднак заслону таямніцы сваёй прафесіі, пра якую, рызыкну выказаць здагадку, многія нават і не чулі, усё ж прыадчыніла.
У пошуках свайго месца
«Лічу, што калі працаваць, дык ужо працаваць. А не тое што прыйшоў, паблытаўся да канца дня – і дахаты».
З 33 гадоў, што Людміла Вікенцьеўна ў Астравецкай спажыўкааперацыі, апошніх 16 яна прысвяціла вытворчасці паўфабрыкатаў – каб на стале ў астраўчан кожны дзень былі свежыя катлеты, мяса, рыба. Сапраўдныя гаспадыні ведаюць, што смак прыгатаванай стравы ў вялікай ступені залежыць ад таго, ці былі інгрэдыенты ў замарозцы….
З 33 гадоў працы 15 першых Людміла Вікенцьеўна аддала прафесіі прадаўца, а дакладней – загадчыка магазіна, якім яе прызначылі адразу пасля заканчэння школы-магазіна, дзе паўгода вучылася ў прамым сэнсе не адыходзячы ад касы.
– Была я загадчыцай магазіна на станцыі Гудагай – яго, праўда, ужо няма, згарэў; у астравецкіх «Івушцы» і «Цэнтральным», які астраўчане добра ведалі як «Гастраном», – успамінае гонар раёна. – Потым пайшла ў дэкрэт, а калі вярнулася, тагачасны дырэктар астравецкага агульнахарчу Лілія Цыбульская «пераманіла» мяне ў цэх перапрацоўкі.
Цікава, што Людміла, выбіраючы прафесію, нават не думала пра гандаль. Пасля заканчэння школы марыла паехаць у Вільнюс – паступаць у медыцынскі. Але, на бяду, захварэла маці – дзяўчына засталася ў Астраўцы.
На першым месцы працы – сакратар у аддзеле адукацыі – яна затрымалася ажно на 8 гадоў, аднак зразумела: не маё! Скончыла бухгалтарскія курсы і ўладкавалася ў Гудагайскі сельсавет. Аднак тут вытрымала толькі паўгода – звольнілася і стала памочнікам прадаўца.
– Калі прыйшла ў цэх, брыгада ў нас была вялікая – 7 чалавек, – расказвае вытворца харчовых паўфабрыкатаў. – Цяпер нас трое. А пачынала я як повар пятага разраду.
– Можа, і згадзілася б на прапанову новага дырэктара Міраславы Блашкевіч узначаліць калектыў «Гермеса», але графік работы не падыходзіў: дачку вечарам з садка забіраць трэба – а муж у калгасе працуе, самі разумееце, што практычна без выхадных, – разважае жанчына.
Не рыбай адзінай
«Асноўны прынцып работы: нікога не падвесці. Колькі працую – скаргі ў свой адрас не чула…»
Але не толькі смачнейшую кільку і селядзец гатуе гонар Астравецкага раёна – у яе спрытных і ўмелых руках знаходзіцца загатоўка мясных паўфабрыкатаў са свініны і птушкі. Роўна парэзаць, акуратна запакаваць курыныя наборы, крылы, сцягно, філе, фарш, каўбаскі, пасаліць і павэндзіць рыбу… Да слова, за духмяныя кавалкі шашлыка на гарадскіх і раённых святах таксама адказвае Людміла Вянгроўская.
Ужо з раніцы на прылаўках «Кулінарыі» можна знайсці свежую прадукцыю, якую, пакуль астраўчане яшчэ спяць, рыхтуе Людміла. Частку паўфабрыкатаў адразу адпраўляе ў замарозку – у такім выглядзе яны паступаюць у магазіны раёна.
На работу жанчына прыязджае а шостай гадзіне раніцы – машыны трэба загрузіць, бо ў палавіне сёмай яны ўжо адпраўляюцца па «Родных кутах» Астравеччыны.
– Аб’ёмы, канешне, упалі. Па-першае, стала менш магазінаў райспажыўтаварыства. Калі я прыйшла працаваць, іх на раёне было 76, цяпер можна на пальцах пералічыць – 20, – гаворыць Людміла. – Канкурэнцыю складаюць і прыватнікі. Нават па шашлыку ў святы адчуваецца: раней паедзеш на выяздны гандаль на 9 Мая – 500 кілаграмаў прадасі, цяпер прыблізна 400. Адны былі: 3-4 кропкі стаялі – але ўсе нашы.
Людміла Вянгроўская па-майстэрску арудуе вялікім вострым нажом. Складана, прызнаецца, бо не адзін кілаграм мяса за дзень трэба апрацаваць, – і тут жа дадае, усміхаючыся: узрост уплывае. Не, Людміла Вікенцьеўна, не у гэтым прычына: перапрацоўка мяса – сапраўды нялёгкая справа, якая патрабуе фізічнай сілы, вытрымкі і цярпення. Паспрабуйце зачысціць кожную костачку, кожную скурку – і каб хутка ды якасна было…
Пра галоўнае
«Хочацца зрэдку і пра сваю работу прыемнае пачуць…»
– Памятаеце самы складаны дзень на працы?
– Як толькі прыйшла – прымала абавязкі. Гэта было 25 кастрычніка. Снег замятае. А мне трэба на вуліцы ўсё пералічыць і перавесіць: мяса, рыбу, тару для іх… Думаю: і куды я прыйшла? У магазінах было нашмат лягчэй. Але нічога, прывыкла. Уздыхнула з палёгкай толькі праз паўгода, а можа, і больш.
– Самы знамянальны ці прыемны дзень?
– Ой, кожны дзень у мяне прыемны: прыйшла на работу раненька, падрыхтавала прадукцыю, вынесла на прылавак «Кулінарыі», каб людзі маглі купіць свежанькае, – вось і настрой добры. План выконваеш, абарот ідзе – зарплату атрымліваеш. Што яшчэ трэба?!
Да любой справы стараюся падыходзіць у добрым настроі. А падтрымліваюць яго мне калегі – сустрэнеш у калідоры аднаго, другога, трэцяга, яны добрае слова скажуць – і цэлы дзень пройдзе на пазітыўнай хвалі.
– Ці ёсць у вас любімы абавязак?
– Больш за ўсё падабаецца, калі мая прадукцыя разыходзіцца на «ўра». Таму выкладкай яе на падносы займаюся з задавальненнем, можна сказаць, з душой: каб каўбаскі ляжалі роўненька, фарш – высокай горкай, мяса – радочкамі…
– Што змянілася за час вашай працы ў цэху?
– Хоць работнікаў стала менш і аб’ёмы ўжо не тыя, але мы працуем у адрамантаваных памяшканнях. Закуплена новае абсталяванне, да прыкладу, устаноўлена спліт-сістэма. Светла, прыгожа.
– Пра што марыце?
– У прафесійным плане – каб людзі, калі пайду на адпачынак, добрым словам успаміналі. У сям’і – каб дачушка Вікторыя атрымала адукацыю, якую хацела, і стала добрым спецыялістам. Каб у яе ўсё склалася.
Некалькі месяцаў засталося Людміле Вянгроўскай да заслужанага адпачынку. Але верыцца, што яна будзе мець жаданне працаваць далей. Бо інакш як жа мы без самай смачнай у свеце кількі?!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.