Гераіні “Каляднага вечара” жывуць у Міхалішкаўскай бальніцы

13:18 / 29.06.2021

Дваццаты спектакль “Калядны вечар”, як і ўсе папярэднія, быў дабрачынным. На грошы, што пакідалі гледачы – сабралі 378 рублёў, – мы набылі падгузнікі, аднаразавыя пялюшкі і гасцінцы для пацыентаў Міхалішкаўскай бальніцы. І 17 чэрвеня са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталляй Баніцэвіч (пад патранатам жаночай арганізацыі і непасрэдным удзеле Наталлі Вікенцьеўны “Калядны вечар” набыў другое дыханне) і выканаўцай ролі Сцепаніды ў юбілейным спектаклі Марыяй Васілёнак адправіліся ў Міхалішкі.

IMG_6346.jpg

…Некалі сталічныя журналісты, расказваючы пра наш спектакль, напісалі, што прататыпаў гераінь аўтар знайшла ў Міхалішках, дзе ў аддзяленні сястрынскага догляду дажываюць век адзінокія старыя. Гэта не зусім так. Жанчын, якія сталі затым Міхайлаўнай, Верачкай, Сцепанідай, Стасяй, іх няпростыя лёсы я ведала асабіста ці чула пра гэтыя жыццёвыя драмы і трагедыі нашмат раней – толькі “сабрала” іх разам у калядны вечар спачатку ў апавяданні, а потым і ў аднайменнай п’есе.

Але, бываючы ў Міхалішках, сустракаю сваіх гераінь зноў і зноў – у розным абліччы, пад рознымі прозвішчамі. Бо, як казала Сцепаніда ў спектаклі, шчаслівыя тут свой век не дажываюць…

…Міхайлаўна, забыўшыся на правілы прыстойнасці і не зважаючы на дакорлівы позірк Стасі, хапае са стала чужы банан – ёй так хочацца паспытаць гэтых загранічных прысмакаў.

…Доўгажыхарка Міхалішкак Тарэска, у свае 63 па-ранейшаму дзіця, радуецца гасцінцам, як малая, прыціскае да грудзей пячэнне і банан, смяецца. Вось толькі сок чамусьці не ўпадабала… А Валянціна Цітаўна шматслоўна і прыгожа дзякуе – і… цалуе падарункі. Не таму, што галодная – напэўна, яны нагадалі пра тое, ранейшае жыццё.

“…Дый не паеду я нікуды, што мне рабіць у той іх Маскве? За тыдзень змарнуюся”, – пераконвае каляжанак, а найперш – сябе, Стася.

– Дзеці, як Саюз быў, у Літву павыязджалі, – расказвае былая настаўніца. – Цяпер адзін сын у Галандыі жыве, другі – у Вільнюсе. Забіраў да сябе, але я не паехала. Што мне там рабіць? Памру – як ён мяне праз граніцу павязе хаваць? А я ж тут, каля мужа, ляжаць хачу…

“Харошыя дзеткі павырасталі, прыгожыя, разумныя – усе, як адзін!”– паказвае фотаздымкі пляменнікаў, дзеля якіх ахвяравала асабістым жыццём, Сцепаніда.

– Дачушка ў мяне разумніца. Прыгажуня! А во муж яе – харошы, праўда? У міліцыі працуе… А гэта ўнучок да першай камуніі ідзе. А тут ён ужо большанькі, – перабірае пачак фотаздымкаў нестарая яшчэ жанчына з некалі, відаць, ярка-блакітнымі, а цяпер вылінялымі, пабляклымі ад слёз вачыма.

–Тэлефануюць амаль кожны тыдзень, – хваліцца маці. І адказвае на маё нявыказанае пытанне:

– Няма куды ёй мяне забіраць – самі ў інтэрнаце жывуць. Вось каб мне хатку якую… Мо, замовіце перад кім слоўца? Так цяжка тут…

“Не крыўдую я на іх. Бога прашу, каб лёс у іх склаўся… А ў мяне ўсё добра. Адна вось бяда, што ногі не ходзяць…” – стараецца апраўдаць перад каляжанкамі пляменнікаў, што забыліся пра цётку, што выгадавала іх, Сцепаніда.

– Дзеці? А як жа, ёсць – трое. Адзін у Вільнюсе жыве, двое тут, непадалёк. Няма як ім мяне забіраць – сваіх клопатаў хапае. Самі здароўя не маюць… А мне і тут добра. Ногі вось толькі баляць…

IMG_6321.jpg

Я не маю права нікога судзіць. Я не ведаю, як пражылі жыццё гэтыя жанчыны, за якія правіны перад Богам і людзьмі нясуць яны свой крыж, якія аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя цяжкасці не дазваляюць іх дзецям забяспечыць бацькам годную страсць.

Ведаю толькі, што ніхто не ведае сваёй будучыні. І няма такога алгарытму паводзін і падзей, якія б гарантавалі годную, дагледжаную, спакойную і шчаслівую старасць… Кожнае наведванне Міхалішкаўскай бальніцы яшчэ больш пераконвае мяне ў гэтым.

Пра гэта – наш спектакль “Калядны вечар”. І для гэтага – нашы наведванні адзінокіх старых.

Бо ў маладосць не вернецца ніхто, а старымі некалі станем мы ўсе…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик