Правядзіце канікулы з асалодай

13:07 / 30.06.2021

IMG_7697.jpg

Прывітанне, сябры!
Чым займаецеся на канікулах? Зразумела, што адпачываеце. Цікава, як? Я, напрыклад, у школьны лагер хадзіў – сам так захацеў. Хоць тата з мамай адгаворвалі: «Навошта? Пасядзеў бы дома». Не, не з тых я, хто будзе марнаваць час. У лагеры і з сябрамі кожны дзень бачыліся, і ў розных занятках удзельнічалі, якія настаўнікі рыхтавалі. Было весела, цікава і вольна, нібы і не ў школу хадзіў – звычайна там дысцыпліну патрабуюць.
Канешне, за намі сачылі, каб не парушалі правілы бяспекі. Ды мы і самі доб­ра ведаем, што гэтага рабіць нельга. Але, згадзіцеся, дзецям складана стрымацца, калі іх вабяць прыгоды. Таму бацькі, настаўнікі і выратавальнікі нам заўсёды нагадваюць, як трэба сябе паводзіць і ад чаго засцерагацца.

000022_1622541472_443962_big.jpg

Ужо які год запар на ўсё лета супрацоўнікі МНС абвяшчаюць прафілактычную акцыю «Канікулы без дыму і агню» – і арганізуюць для дзяцей розныя мерапрыемствы. Мы, напрыклад, з лагера хадзілі на экскурсію ў пажарную аварыйна-выратавальную часць №3 у Астраўцы. Так, я там быў неаднойчы, але мне ўсё роўна цікава. Асабліва люблю разглядаць інструменты, якімі карыстаюцца выратавальнікі. Заўсёды здзіўляюся, як па­жарныя ўпраўляюцца з некаторымі рэчамі, бо ёсць вельмі-вельмі цяжкія. Ці, можа, гэта толькі пакуль? У МНС жа служаць моцныя людзі!
Таксама мне падабаецца падаваць ваду. Думаеце, так проста гэта зрабіць? Ага, паспра­буйце ўтрымаць ствол, калі з яго пад націскам б’е вада! І нікога з сяброў пры гэтым не абліць: не хочацца ісці па горадзе мокрым. Таму і тут трэба выконваць правілы паводзін і бяспекі.  
Выратавальнікі расказалі, што яны і самі будуць наведвацца да дзяцей у лагер са спецыяльнай праграмай з гульнямі. А яшчэ яны разам з актывістамі БРСМ будуць патруляваць месцы для купанняў і нагадваць адпачываючым, як трэба паводзіць сябе каля вады і на вадзе, як па правілах разводзіць вогнішча (звярніце ўвагу: рабіць гэта можна толькі, калі няма ветру). 
Дарэчы, пра апошняе: бабуля расказвала паданне пра Лесавіка, які можа пакараць за пакінуты без догляду агонь. Так, адна сям’я адпачывала на беразе возера каля лесу. Дарослыя распалілі вогнішча, каб шашлыкоў насмажыць, і да з’яўлення вуглёў прапанавалі дзецям пакупацца. Калі вярнуліся, аказалася, што смачны перакус у іх будзе няхутка: нехта заліў агонь вадой, хоць на беразе нікога і не было. Бабуля гаварыла, што так мог зрабіць толькі Лесавік, які абараняе свае ўладанні – у тым ліку і ад пажараў.
Таму памятайце, сябры: правілы бяспекі трэба выконваць! І тады не здарыцца ніякай бяды, а адпачынак пойдзе на карысць.

З павагай Ягор.


Текст: Главный администратор