Віялета Алексеявец: “У БРСМ мяне прывяла “Астравецкая праўда”

11:28 / 27.06.2021
Пазітыўная, энергічная, няўрымслівая, крэатыўная і хуткая на пад’ём – менавіта так можна ахарактарызаваць Віялету Алексеявец, якая 4 гады назад неспадзявана нават для самой сябе ўзначаліла раённую маладзёжную арганізацыю. 
Якім быў шлях у БРСМ, адкуль з’яўляюцца ідэі і што дапамагае быць на пазітыве – пра гэта і не толькі ў інтэрв’ю з лідарам астравецкай моладзі. 

IMG_2022.jpg

– Вы калі-небудзь уяўлялі сябе на цяперашняй пасадзе?
– Не, канешне. (Усміхаецца.) Праўда, у школе была ўсю­ды­існай актывісткай. Памятаю, як у БРСМ уступала, але пра тое, што буду ўзначальваць райкам, не думала. Дзесьці ў пятым класе ў мяне ўжо быў сур’ёзны план з трыма варыянтамі будучай прафесіі: мытня – тата служыў пагра­нічнікам, і я таксама мроі­ла аб форме, праўда, крыху іншай службы; банкаўская справа – «банкір» па-крутому гучыць; альбо псіхалогія – мне і цяпер падабаецца капацца ў свя­домасці, разбірацца ў псіха­тыпах і характарах людзей.

– Чаму выбралі не першы варыянт? 
– Наш клас трапіў у 12-гадовую эксперыментальную праграму навучання. Мне захаце­лася паспрабаваць свае сілы пасля 10-га, а паколькі для працы на мытні патрэбна вышэйшая адукацыя, вырашыла для пачатку адвучыцца на банкіра і паступіла ў Гродзенскі дзяр­жаўны палітэхнічны каледж. Памятаю, падумала: калі прайду, значыць, так наканавана, калі не – пасля 12 класаў буду «штурмаваць» вну –  на мытную справу. Паступіла ў каледж і не пашкадавала: вучоба падабалася, практыку праходзіла ў Беларусбанку ў Астраўцы – усё задавальняла. Пасля прадоўжыла вучобу завочна ў Палескім дзяржаўным універсітэце.

– З банкаўскага работніка на пасаду першага сакратара раённай маладзёжнай арганізацыі – пагадзіцеся, пераўвасабленне незвычайнае.
– А жыццё наогул бывае непрадказальным. Але што ні робіцца – усё да лепшага. Дарэчы, у БРСМ мяне прывяла «Астравецкая праўда». (Ус­мі­хаец­­ца.) Я ўжо казала, што ў школе была актывісткай, і хоць склад розуму ў мяне больш матэма­тычны і я люблю загадзя ўсё планаваць, але па натуры чалавек няўрымслівы, энергічны і за любы «кіпіш», калі ён па душы. Цяпер разумею, што ў банку з цягам часу мне, напэўна, стала б сумна. Тым больш я прыйшла туды на замену работніка, які знаходзіўся ў адпачынку па доглядзе дзіцяці.  Потым і сама пайшла ў дэкрэт, які расцягнуўся на два. Аднойчы вечарам, гартаючы «Астравецкую праўду», убачыла аб’яву пра вакансію першага сакратара райкама ГА БРСМ, падумала: чаму б і не – і таксама адправіла рэзюме. І вось ляжу з тэмпературай пад 40, а мне тэлефануюць з райвыканкама – маўляў, чакаем заўтра на сумоўе. Пасля сустрэчы з прад­стаўнікамі мясцовай улады, па­ехала ў Гродна, дзе здала тэст па маладзёжнай палітыцы, затым – у Цэнтральны камітэт у Мінск. У выніку мне далі 3 месяцы, каб паказаць, на што здольная, а ў жніўні зацвердзілі на пасаду.

– Што было самым складаным і як заваёўвалі аўтарытэт? 
– Складаным… (Задумваецца.) Напэўна, выпрабаваль­ны тэрмін: трэба было ўні­каць ва ўсё і адразу, а часу катаст­рафічна не хапала. Ніяк не магла знайсці бухгалтара, пакуль не пашчасціла ўгаварыць Юлію Варковіч, якая стала маёй правай рукой і дарадцам. А затым стала больш выходзіць «у свет»: выступала ў школах, арганізацыях, на прадпрыемствах. Не скажу, што ўсё адразу атрымалася – былі недавер, няўдачы, памылкі. Аднак у мяне так: у любой стрэсавай ці праблемнай сітуацыі першыя 5 хвілін я «кіпішую», а затым су­пакойваюся, прымаю рашэн­не і знаходжу выйсце – яно ёсць у любым выпадку. Месяц за месяцам, год за годам – і работа наладзілася. Аўтарытэт гэта ці не, але мне не сорамна зайсці ў любую школу ці арганізацыю. І вельмі прыемна, калі ў іншых гарадах раптам чую «Прывітанне», гляджу – а гэта нашы актывісты, якія сталі студэнтамі. Зорак з неба наша арганізацыя, магчыма, не хапае, але стараемся ісці ў нагу з моладдзю і калі пачынаем справу, даводзім яе да канца.

– Па выніках мінулага года Астравецкі райкам стаў лепшым тэрытарыяльным камі­тэ­там у вобласці. Сакрэт поспеху? 
– Крэатывіць з агеньчыкам у вачах. (Усміхаецца.) І працаваць так, каб не было сорамна за сваю работу. Па праўдзе кажучы, мы не ставілі мэты быць першымі – так атрымалася. Але гэта вынік сумеснай плённай дзейнасці ўсіх актывістаў, за што я ім вельмі ўдзячна.

– Конкурсы, праекты, акцыі...  Адкуль бярэце ідэі?
– Частку з іх прапануе абласны камітэт. Што тычыцца астатніх, стасуемся з моладдзю, вывучаем інтарэсы, улічваем пажаданні. Наогул у нашу арганізацыю заўсёды можна звярнуцца з ціка­вымі пра­па­новамі – запрашаем. А яшчэ ёсць традыцыя: у пачатку месяца маніторым святы і ад­мет­ныя даты – і думаем, што цікавае можна да іх прымеркаваць. Зараз моладзь у асноўным «ся­дзіць» у сацыяльных сетках, таму большасць конкурсаў право­дзім там – яны карыстаюцца папу­лярнасцю. 

– Пераключымся з працы на адпачынак: як аднаўляеце сілы і адкуль чэрпаеце энергію?
– Мой адпачынак заўсёды звязаны з сям’ёй. Няважна, едзем на возера, бавім час на атракцыёнах ці проста шпацыруем па вуліцы, галоўнае – быць разам. Асабліва люблю родныя Кямелішкі – там прырода, прастора і бацькоўскі дом, дзе заўсёды чакаюць.

– Любімая справа, захап­ленні?
– Мае дочкі любяць раз­ма­лёў­ваць карціны па нумарах. Нядаўна адна папрасіла дапамагчы, занятак «зачапіў» – гэта своеасаблівая рэлаксацыя. Вель­мі люблю вадзіць аўта­ма­біль – адпачываю за рулём. А яшчэ ў мяне ёсць слабасць да хатніх гадаванцаў. У дзяцінстве марыла пра сабаку, але ў нас жыў не вельмі дружацкі сіамскі кот, пасля якога заводзіць іншых жывёл мне забаранілі. Калі дочкі падраслі, яны таксама сталі прасіць гадаванцаў. Так у нас бы­лі і хамячкі, і кот-брытанец, а нядаўна на дзень нараджэння ім падарылі памеранскага шпіца. Такім чынам споўнілася і мая дзіцячая мара. (Усміхаецца.)  

– Уявіце, што злавілі залатую рыбку – што папрасілі б, улічваючы, што жаданняў толькі 3? 
– Гучыць банальна, але першае – міру і спакою ў нашай краіне і наогул ва ўсім свеце. Другое – як актывісту раён­най арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» хочацца, каб ва ўсіх сем’ях панавалі ўзае­ма­разу­менне, каханне і згода. А трэцяе… (Задумваец­ца.) Я магу назваць сябе шчаслівым ча­ла­векам: у мяне добры муж і цу­доўныя дочкі, мае бацькі, род­ныя і сябры здаровыя – гэта галоў­нае. Напэўна, апошняе жадан­не было б, каб так працягвалася і далей. 

– Пажаданні з нагоды Дня моладзі.
– Колькасць членаў нашай ар­га­нізацыі – гэта 20 пра­цэнтаў ад агульнай коль­касці астравецкай мо­ла­дзі, але спадзяюся, што калі-небудзь нас стане ўсе 100. Віншую акты­вістаў, маладых людзей і тых, хто лічыць сябе такім, нягледзячы на ўзрост, з гэтым цудоўным святам. Быць маладым – здорава! Гэта мільён перспектыў і магчымасцей, сама­рэалізацыя і поспех, новыя гарызонты і дасягаемыя вяршыні. Будзьце смелымі і не бойцеся цяжкасцей, стаўце грандыёзныя мэты – і дасягайце іх. Жадаю ўсяго, чаго хочаце самі, і каб ажыццявіліся ўсе мары і надзеі. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Марина Мацкевич