Мальскаму дзіцячаму садку – 30
08:00 / 27.04.2021
З гісторыі
Загадчыкам дзіцячага садка ў 1990-м была прызначана Валянціна Паповіч. У 1991 годзе ў тыпавы будынак перавялі пачатковую школу на чале з дырэктарам Рэгінай Стаціна. У школе на той час вучылася 36 дзяцей. Настаўніцамі працавалі Людміла Сідарцова і Марыя Локцева. У дзіцячым садку выхоўвалася 34 дзіцяці. Выхавацелямі былі Надзея Міхалка, Зофія Маркун, Таццяна Вільбік, Валянціна Сазон.
З 1 верасня 1996 года ўстанова рэарганізавана ў Мальскую базавую школу – сад, у 2009 годзе яна стала вучэбна-педагагічным комплексам Мальскі дзіцячы сад – базавая школа, у 2013-м – Мальскім дзіцячым садам – пачатковай школай. З 2019 года ў Малях зноў працуе яслі-сад.
За гады існавання ўстановы ёй загадвалі Валянціна Паповіч, Зофія Маркун, Рэгіна Стаціна, Алена Нікалайкава, Павел Рынкевіч, Жанна Лаўрэцкая, з 2015 года – Анастасія Багдановіч.
– 30 гадоў назад адкрывалі нас як дзіцячы садок – і сёння мы зноў сталі дашкольнай установай. Будынак, узведзены за калгасныя сродкі, быў здадзены ў 1990 годзе. З 2 снежня на працу былі прыняты работнікі, хаця адкрыццё садка адбылося толькі ў наступным годзе – 27 красавіка. На май вырашылі не пераносіць, каб не маяцца, – расказвае сённяшні загадчык садка Анастасія Багдановіч.
29 красавіка тут пачаліся заняткі. А вось першы выпуск адбыўся толькі ў 1992 годзе. Сведчанне таму фотаздымкі, размешчаныя на галерэі выпускнікоў.
– Пад адным дахам месцілася 2 установы: дзіцячы садок і пачатковая школа і адпаведна былі загадчык садка і дырэктар пачатковай школы, – расказвае Анастасія Іванаўна. – У 1990-я на працягу двух навучальных гадоў садок не працаваў. Не таму, што не было выхаванцаў, – не было сродкаў на выплату заработнай платы і аплату харчавання дзяцей.
Цяпер у садку працуюць 3 групы, дзве з іх – інтэграваныя, дзе займаюцца дзеці з парушэннямі маўлення.
Садок наведваюць 33 дашкольнікі, 12 – падвозяцца з бліжэйшых вёсак: Дайлідак, Ізабеліна, Тракеляў, Трайгоў, Мацканаў, Якентанаў. Прыязджаюць і астравецкія, хаця праблем з месцамі ў гарадскіх установах няма.
– Мы стараемся, каб дзецям тут было камфортна, – гаворыць Анастасія Багдановіч. – Афармленне нашых пакояў яркае і каляровае – гэта ж дзіцячы сад! І нашы выхаванцы павінны ісці сюды з задавальненнем і ў добрым настроі.
І сапраўды ў кожным памяшканні – асобная тэматычная экспазіцыя. Космас, марское дно, героі казак – атмасфера заварожвае.
– Ёсць у нас і вынікі. Другі раз запар садок становіцца лепшым у раённым конкурсе сярод сельскіх дашкольных устаноў. Гэты год быў насычаны перамогамі выхаванцаў у раённых, абласных і міжнародных конкурсах. Упэўнена, што кожнае такое дасягненне – гэта прыемная падзея не толькі для нас, але і для дзяцей і іх бацькоў, – расказвае загадчык.
Пасля таго, як установу рэарганізавалі ў дзіцячы садок, вызваліўся шэраг памяшканняў. «Пуставаць яны не павінны», – рашылі педагогі і ўзяліся за працу.
– Пакой па ахове бяспекі жыццядзейнасці ў нас быў, але мы напоўнілі яго новым абсталяваннем, арганізавалі экалагічны цэнтр, пераабсталявалі музей, адкрылі фітнес-залу для дзяцей і інфармацыйна-метадычны кабінет для педагогаў, – дзеліцца набыткамі Анастасія Іванаўна. – Ды і планаў таксама шмат. Адна з задум – стварэнне пакою казак.
Цяпер работнікі дзіцячага садка заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі: абсталявалі экалагічную сцежку, рэалізоўваюць праект «Метэастанцыя», які стаў пераможцам конкурсу дабрачынных праектаў акцыянернага таварыства інжынірынгавай кампаніі «Атамбудэкспарт».
Да слова, дзякуючы ўзвядзенню ў нашай краіне Беларускай АЭС і падтрымцы арганізацыі-падрадчыка яе будаўніцтва, у многіх устаноў з’явілася магчымасць атрымаць фінансавую патрымку для ажыццяўлення ідэй. Вось і Мальскі дзіцячы садок чацвёрты год запар з’яўляецца пераможцам гэтага конкурсу.
– Дзякуючы гэтаму створана музейная экспазіцыя, прысвечаная Іосіфу Гашкевічу, набыты гульнявыя комплексы, тэматычныя дапаможнікі, міні-пляцоўкі, папоўніўся школьны пакой па асновах бяспекі жыццядзейнасці, – дэманструе зробленае Анастасія Багдановіч.
З успамінаў
Сад мары
Былы загадчык Мальскага дзіцячага сада, сённяшні педагог Зофія Маркун хацела быць настаўнікам пачатковых класаў – такім, як яе першы настаўнік Данута Пашкоўская.
Толькі лёс прывёў дзяўчыну ў Ваўкавыскае педвучылішча. Нейкі час яна сумнявалася і нават збіралася вярнуцца дамоў, толькі ўспомніла матуліны словы: «Прыедзеш – назад пойдзеш пешшу». І Зоя засталася.
– Я разумела, што маці, якая ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе, жадала мне лепшай долі, – узгадвае Зофія Антонаўна. – Пачаліся заняткі – і я зразумела, што гэта маё. З якім задавальненнем я бегла на практыку! Мне далі падрыхтоўчую групу – гэта былі амаль што вучні пачатковых класаў!
На размеркаванні маладую выхавацельку накіравалі ў першы садок Астраўца – ім на той час загадвала Данута Пашкоўская.
– 5 ліпеня 1983 года я выйшла на працу. Хаця магла б яшчэ месяц быць дома, але мне вельмі хацелася працаваць, – расказвае Зофія Антонаўна. – Данута Іванаўна мне вельмі дапамагала, а потым прапанавала прадоўжыць навучанне. І зноў стаў выбар паміж дашкольным выхаваннем і пачатковым навучаннем. Зразумела, што зроблены ён быў на карысць дзіцячага садка.
– А яшчэ я марыла пра тое, каб у Малях з’явіўся дзіцячы садок. Аднойчы сабралася з духам і напісала 3 лісты – у райвыканкам, праўленне калгаса «Чырвоны Кастрычнік» і «Астравецкую праўду». І якім жа было здзіўленне, калі праз нейкі час пісьмо надрукавалі ў газеце і паведамілі, што ў нашай вёсцы пабудуюць дзіцячы садок.
Калі пачалася будоўля, Зофія Антонаўна не раз назірала за тым, як усё вышэй і вышэй уздымаюцца сцены, і радавалася, што дзяцей не давядзецца вазіць у Астравец. А потым, калі ўстанову узвялі, Зофіі Антонаўне прапанавалі перайсці туды працаваць.
– Некалькі месяцаў мы рыхтаваліся да яго адкрыцця: чысцілі, мылі, прыбіралі. У параўнанні з гарадскім садком, дзе я працавала, гэта быў сапраўдны цуд: такіх дашкольных устаноў на той час не было ў раёне! – узгадвае выхавацель.
Адкрыццё запланавалі на суботу, каб маглі прыйсці ўсе жадаючыя, – сабралася ўся вёска. А загадчык трапіла ў бальніцу – адкрываць садок давялося Зофіі Маркун, а праз год і ўзначаліць яго.
– Я шчаслівая, што стала выхавацелем. А мае няспраўджаныя мары ажыццявілі мае дзеці: дачка стала настаўнікам пачатковых класаў і навучылася іграць на баяне – мне вельмі хацелася атрымаць музычную адукацыю. Сын стаў гісторыкам – гісторыя была маім самым любімым прадметам – і цяпер вучыцца граць на гітары, – дзеліцца Зофія Маркун.
А садок, аб якім некалі так марыла маладая маці і выхавацель, жыве – і сёння кожную раніцу сюды заходзяць дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, каб атрымаць першыя веды.
Кадры рашаюць усё
Калектыў у садку дружны, творчы, актыўны.
– У нас 20 работнікаў, 8 з якіх – педагогі. Многія працуюць даўно, – расказвае загадчык. – Са старажылаў Зофія Антонаўна Маркун, якая тут з моманту адкрыцця ўстановы; 25 гадоў аддала дзецям кіраўнік фізічнага выхавання Людміла Міхайлаўна Кажаноўская. Столькі ж адпрацавала ў садку і яго повар Ларыса Рыгораўна Дрэма, 15 гадоў – памочнік выхавацеля Жанна Вадзімаўна Відута. Кожны працуе для таго, каб дзецям у садку было добра, утульна і цікава.
І гэта заўважаецца з самага ўваходу на тэрыторыю дашкольнай установы. Нягледзячы на запозненую вясну, тут ужо радуюць вока першацветы.
– Дзіцячы садок – першая ступень на шляху ў дарослае жыццё, і работнікі нашай установы дапамагаюць выхаванцам прайсці яго цікава і з карысцю. Для калектыву юбілей – значная падзея, якая вяртае да ўспамінаў і адкрывае новыя старонкі творчай дзейнасці.
Жадаю нашым работнікам творчых поспехаў, натхнення і працвітання, выхаванцам і іх бацькам – здароўя, шчасця, поспеху ў справах, дабрабыту, дабрыні і міру.
Анастасія Багдановіч, загадчык Мальскіх ясляў-сада.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.