Не пакідайце без догляду ўключаныя электрапрыборы

08:13 / 23.04.2021
Прывітанне, сябры!

Ці ведаеце вы, што кожны шосты пажар у Беларусі адбываецца з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электраабсталявання? 

Вось і нядаўна ў Астраўцы быў пажар, прычынай якога стаў пакінуты на зарадцы планшэт. А некалькі гадоў таму загарэўся інтэрнат у Варнянах – з-за таго, што адзін жыхар не выцягнуў з разеткі зарадку ад тэлефона. 

Думаю, вы пагодзіцеся, што гэтых надзвычайных сітуацый і непрыемных наступстваў можна было б пазбегнуць – усяго толькі і трэба, што не пакідаць без догляду ўключаны ў элект­расетку прыбор ці адключыць зарадку. Але шмат хто не выконвае гэтае простае правіла.

1.jpg

Парадокс: людзі ведаюць, як рабіць нельга, але самі ствараюць умовы для ўзгарання. Запытаю ў вас: выходзячы з хаты, вы пакідаеце тэлевізар у рэжыме чакання? А колькі разоў вашы бацькі ўключалі пральную машыну і ішлі ў магазін ці на працу? Калі так, то вы вельмі рызыкуеце, з агнём гуляеце. 

Яшчэ выратавальнікі расказваюць, што карыстацца трэба толькі спраўнымі прыборамі і сачыць за станам праводкі, – рамантаваць іх павінны толькі спецыялісты. Дарэчы, нельга правяраць сетку на трываласць, уключаючы адразу некалькі апаратаў, – з-за вялікай нагрузкі ўзнікае так званы аварыйны рэжым работы. У такім выпадку да пажару рукой падаць.

Што рабіць, калі здарылася ўзгаранне? Калі яно невялікае і нішто не пагражае вашаму жыццю, можна паспрабаваць патушыць агонь самастойна. Для гэтага перш адключыце ад сеткі прыбор, а затым накрыйце яго шчыльнай тканінай ці коўдрай. Таксама патушыць полымя можна пральным парашком, содай ці зямлёй з вазона. А вось вадой нельга – ударыць токам.  

Калі пажар вялікі, тэлефануйце выратавальнікам па нумарах 101 ці 112. 

Сябры, спадзяюся, вы выконваеце правілы бяспекі!

З павагай Ягор


Текст: Главный администратор