Фестываль-конкурс юных мадэльераў і дызайнераў прайшоў у Астраўцы
14:23 / 22.04.2021
Ідэя правядзення такога фестывалю належыць намесніку дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вользе Герасімовіч.
– У сферы дадатковай адукацыі штогод праводзяцца дзіцячыя конкурсы мадэльераў – «Жывіца», «Млын моды», – гэта цікавыя праекты, але ўдзельнічаць у іх дастаткова складана. І не таму, што ідэй няма, а таму, што яны патрабуюць укладання пэўных матэрыяльных сродкаў. Не варыянт, калі, задзейнічаўшы толькі чалавечы рэсурс, зробіш нешта з падручных матэрыялаў. У гэтым мы ўпэўніліся і ў мінулым годзе, калі праводзілі фестываль, – дзеліцца намеснік дырэктара. – Тады і ўзнікла думка знайсці спонсараў.
Вольга апісала ідэю, пралічыла неабходныя на яе рэалізацыю матэрыяльныя сродкі і падала заяўку на конкурс дабрачынных праектаў, які штогод праводзіць АТ ІК «Атамбудэкспарт». Ініцыятыва астраўчанкі прайшла адбор – старт дзіцячаму фестывалю быў дадзены.
На першым этапе ўдзельнікам трэба было распрацаваць толькі эскізы адзення – іх прадставілі дзеці з гімназіі, СШ №1, СШ №3, Спондаўскага НПК, Варнянскага НПК і Астравецкага ЦТДіМ.
Найбольш крэатыўныя атрымалі падтрымку. Так, у фінал прайшло 6 прапаноў. У намінацыі «Святочны атам» найвышэйшую адзнаку атрымала гімназічная калекцыя «Фаварыт». У намінацыі «Наш адказ дарослым» лепшымі прызнаны ідэі «Дэкаданс» вучняў СШ №3 і «Эка kids» цэнтра творчасці, а ў намінацыі «Этнастыль» – калекцыі цэнтра творчасці «Васільковая мара» і «Кветкавая сімфонія» і «Подых вясны» ад варнянскіх мадэльераў.
«Эка kids»
Вызначыць самую цікавую калекцыю маглі і наведвальнікі сайта газеты «Астравецкая праўда», дзе былі змешчаны здымкі творчых калектываў і відэа іх дэфіле. Па выніках галасавання за прыз глядацкіх сімпатый найбольш «лайкаў» набраў варнянскі «Подых вясны».
«Подых вясны»
– Па ўмовах конкурсу, для пераможцаў былі набыты тканіна, фурнітура і аксесуары для адшыву калекцыі, – тлумачыць намеснік дырэктара цэнтра творчасці. – У дадатак да гэтага падчас фестывалю, калі дзеці дэманстравалі аўтарскае адзенне, удзельнікі атрымалі падарункі.
Гэта было сапраўднае свята прыгажосці: упэўненыя і непасрэдныя мадэлі, прадуманыя да дэталяў – макіяж, прычоска, выхад – вобразы, музыкальнае суправаджэнне, якое раскрывала ідэю кожнай калекцыі, само дэфіле і вакальнае прывітанне ад юных зорачак сцэны – вядома ж, пра моду. Як трапна заўважыла начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова падчас узнагароджання пераможцаў, што мода – гэта вецер, а юныя дызайнеры – тыя, у каго атрымалася накіраваць гэты вецер у патрэбнае рэчышча.
– Спадзяюся, наш фестываль стане добрай падрыхтоўкай да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Дарэчы, мінулагодняя калекцыя «Галэксі Сіці» заняла 1 месца ў абласным аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!». Мяркую, што ўласнае аўтарскае адзенне школьнікі будуць выкарыстоўваць для тэатралізаваных пастановак, канцэртаў, магчыма, яны будуць запатрабаваны ў юных экскурсаводаў – варыянтаў шмат, – разважае Вольга.
«Кветкавая сімфонія»
З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Кацярына Зайцава, майстар вытворчага навучання СШ №3:
– Я дала выхаванцам поўную свабоду: яны самі рабілі эскізы і шылі мадэлі, адно толькі дапамагла з макіяжам – каб вобраз быў завершаным. Заўважу, што дзеці дэманстравалі не подыумнае адзенне, а паўсядзённае, і той стыль, які ім падабаецца. Лічу, што яны ўдала спалучылі колеры – чорны, мяккі ружовы і белы. Папрацавалі і над дэталямі дэкору тканіны – роспіс з выявамі насякомых. Словам, зрабілі свой вобраз нетрывіяльным. Яшчэ адзін плюс гэтай калекцыі ў тым, што яна капсульная – элементы можна камбінаваць.
Варнянскія юныя дызайнеры:
– Мы працавалі ў намінацыі «Этнастыль». Хацелася зрабіць нацыянальны касцюм стылізаваны пад сучаснасць. Думаем, што атрымалася нядрэнна – за гэта дзякуй і настаўнікам, якія падказвалі, дапамагалі пры пашыве. У нашай калекцыі пераважае жаночае адзенне, але ёсць адзін мужчынскі касцюм. Праўда, цяжка было хлопца ўгаварыць, каб у дэфіле паўдзельнічаў, – на шчасце, згадзіўся. (Смяюцца.)
Хоць фестываль-конкурс прайшоў толькі ў другі раз, але ўжо пашырыў спіс удзельнікаў: калі ў мінулым годзе прадстаўлялі 5 калекцый, то ў гэтым ужо 10. Хто ведае, магчыма, менавіта гэты фестываль будзе стартавай пляцоўкай для юных славаў зайцавых.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.