Акцыя «Наш жывёлавод» у КСУП «Варняны»: што хвалюе працаўнікоў
На Астравеччыне працягваецца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». За плённую працу ўжо адзначаны лепшыя работнікі комплексаў і ферм КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Чарга дайшла і да працаўнікоў КСУП «Варняны», куды ў другой дэкадзе нядаўна з Падзякамі і падарачнымі сертыфікатамі завіталі старшыня прафкама работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула і лідар прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі гаспадаркі Таццяна Лісоўская.
Першым пунктам у маршруце значылася малочна-таварная ферма «Карвэлі». Памятаю, напачатку 2019 года таксама ў межах гэтай акцыі работнікі ўзнялі толькі адно пытанне: папрасілі звазіць іх на канцэрт, маўляў, з-за графіка і спецыфікі работы бываць нідзе не даводзіцца.
Да слова сказаць, прафсаюзныя лідары выканалі абяцанне: лепшыя жывёлаводы МТФ «Карвэлі» пабывалі на канцэрце вядомага калектыва «Белыя Росы», які прыязджаў у Астравец.
На гэты раз пытанняў было больш. Жанчыны вельмі пакрыўдзіліся, што ніхто з кіраўніцтва і спецыялістаў сельгаспрадпрыемства не павіншаваў іх з 8 Сакавіка – дарэчы, такія нараканні мы чулі і на іншых фермах і комплексах. Па словах жывёлаводаў, справа не ў падарунках, а ў звычайнай увазе. Юрый Аляксандравіч і Таццяна Эдмундаўна патлумачылі, што, хоць са спазненнем, але гэтая сітуацыя вырашана: ад прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі ў фірменным магазіне сельгаспрадпрыемства ў аграгарадку Варняны кожная працаўніца можа ўзяць свініну. Работнікі таксама цікавіліся парадкам выплат да значных падзей у жыцці і юбілейных дат. Пасля доўгай і, верыцца, плённай размовы для абодвух бакоў надышла чарга віншаванняў. Былі адзначаны аператары машыннага даення Алена Тумаш і Алена Білега.
Даяркі МТФ «Карвэлі» Алена Білега і Алена Тумаш
Другі год малочна-таварнай фермай «Варона» загадвае Марыя Грынцэвіч – аксакал жывёлагадоўлі: у розныя часы працавала галоўным заатэхнікам, заатэхнікам-селекцыянерам і не па чутках ведае пра ўсе падводныя камяні жывёлагадоўлі. За гэты кароткі час, дзякуючы намаганням загадчыка, захаванасць цялят на ферме дасягае 100%, больш таго Марыя не цураецца ніякай работы і сама выпойвае малышоў.
Загадчык і аператар машыннага даення МТФ «Варняны» Марыя Грынцэвіч і Наталля Яновіч
Аператар машыннага даення Наталля Яновіч, якая нарадзіла і выхоўвае чацвёра дзяцей, з мясцовых. На ферме ўжо 9 гадоў, а ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве і таго больш – 12. Жанчына прызнаецца, што да работы прывыкла, хоць працаваць даводзіцца цяжка – некалькі гадоў назад яна даіла ажно дзве групы кароў.
Малочна-таварны комплекс «Газа» здзівіў чысцінёй і ўтульнасцю. І калектыў тут, відаць, дружны. У многім гэта заслуга загадчыка Генаефы Харкевіч, чый партрэт у 2019 годзе занесены на раённую Дошку гонару. Каля 30 гадоў даяркай на гэтай ферме працуе Ядвіга Чарняк, якая з напарніцай доіць 230 кароў.
Віншаванні прымае загадчык МТК «Газа» Генаефа Харкевіч
Тры дзесяцігоддзі кароў у Газе доіць Ядвіга Чарняк
На МТФ «Кярняны» прафсаюзныя лідары адзначылі працу слесара Генадзя Кірпы. У сваю чаргу работнікі паднялі праблему: некалькі тыдняў на комплексе ўзнікаюць перабоі з вадой – з-за гэтага парушаецца рэжым водапаення жывёлы. Юрый Аляксандравіч пераадрасаваў пытанне кіраўніцтву гаспадаркі. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што праблема вырашылася.
Слесар МТК «Кярняны» Генадзь Кірпа
Ад аўтара
Аб’язджаючы фермы і комплексы розных гаспадарак, мне ёсць з чым параўноўваць. Умовы, у якіх працуюць варнянцы, ні ў якое параўнанне не ідуць з рабочым асяроддзем тых жа гудагайцаў і гервятцаў. Зразумела, што лішніх фінансавых сродкаў у КСУП «Варняны» няма… І людзі гэта цудоўна разумеюць. Ім проста хочацца ўсведамляць, што пра іх памятаюць, іх праца патрэбна, і хоць некалькі разоў на год, на вялікія святы, пачуць добрае слоўца. Яно ж нічога не каштуе…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.