Знаёмцеся: лепшы настаўнік – участковы Арцём Глазко
10:31 / 04.03.2021
У чым заключаецца настаўніцтва ў праваахоўных органах, ці шмат работы ў участковага і чаму месцам працы абраў міліцыю – аб гэтым і не толькі Арцём Станіслававіч расказаў падчас інтэрв’ю.
– Чым адрозніваецца настаўнік у міліцыі ад педагога ў школе?
– Вучнямі і навукай. Калі ў міліцыю прыходзіць новы супрацоўнік, які не праходзіў службу ў цэнтры павышэння кваліфікацыі, яго замацоўваюць за старэйшым калегай, які за паўгода павінен падрыхтаваць «вучня» па розных накірунках дзейнасці. Інакш кажучы, навучыць азам работы ў міліцыі. У мяне праходзілі стажыроўку 2-е: Дзмітрый Ліпскі, які працуе ўчастковым інспектарам у Астраўцы. Цяпер здае выніковыя залікі яшчэ адзін мой падапечны – Павел Мядэйша. Калі ўсё складзецца добра, магчыма, ён застанецца працаваць са мной участковым па Гудагайскім сельсавеце.
– Чаму выбралі службу ў міліцыі і як даўно папоўнілі яе рады?
– На работу ўладкаваўся ў 2015 годзе. А міліцыянерам канчаткова вырашыў стаць на 3-м курсе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, хаця думкі аб гэтым узнікалі яшчэ ў школе. Проста я з дзяцінства захапляўся спортам, пасля заканчэння Варонскай базавай школы нават спрабаваў паступіць у Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны каледж, але не хапіла паўбала. Дарэчы, на гэта натхніў Аляксандр Качкан, які працаваў у нас настаўнікам фізкультуры. І ён жа, толькі ўжо ў якасці старшага інспектара групы кадраў РАУС, патэлефанаваў мне, студэнту-трэцякурсніку, і прапанаваў пасля ўніверсітэта прыходзіць на службу ў РАУС. Я згадзіўся. Да канца 5-га курса прайшоў усе неабхоўныя абследаванні – і ў сакавіку прыйшоў у аддзел унутраных спраў.
– Не пашкадавалі, што не працавалі па спецыяльнасці?
– Я ведаў, што будучую прафесію хачу звязаць са спортам, пажарнай службай ці міліцыяй. Атрымаўшы няўдалы вопыт з каледжам, паступаць на фізкультурны факультэт ужо не рызыкнуў. Па балах праходзіў у аграрны ўніверсітэт – вышэйшая адукацыя ўсё ж. Але, бачыце, як атрымалася: стаў участковым. Аб тым, што менавіта так усё склалася, не шкадую.
– Дзе цікавей працаваць: у горадзе ці на вёсцы?
– Участковым усюды быць цікава, бо гэта той жа ўніверсальны баец, які пасля можа працаваць у розных сферах. (Усміхаецца.) Мы павінны і ведаць усіх, і адказваць за ўсіх і ўсё на сваім участку, разам з аператыўна-следчай групай выязджаем на кожнае здарэнне, якое там адбылося. Спецыфіка работы ў горадзе і вёсцы адрозніваецца. Мне працаваць на сяле падабаецца: больш увагі і часу адводзіш на работу з людзьмі, і ад гэтага ў многім залежыць вынік. Канешне, прыкладаў, калі раней асуджаны ці аматар добра выпіць становяцца на шлях выпраўлення не так і шмат, але яны ёсць – значыць, трэба працаваць далей.
– Ці здараліся за час службы цікавыя выпадкі?
– Ды шмат чаго адбываецца – усяго не ўспомніш. Ну вось з кур’ёзаў падчас дзяжурства. Тэлефануе мужчына, які не можа з 4-га паверха з дапамогай пульта паставіць аўтамабіль на сігналізацыю. Маўляў, з 1-га ўсё нармальна працавала, а з 4-га – ніяк. Прыязджайце – разбярыцеся. Ці яшчэ выпадак: грамадзянін з катэгорыі камандзіраваных правёў ноч з дзяўчынай, раніцай прачнуўся, а яе няма. Ён звяртаецца ў міліцыю, апісвае ўцякачку і просіць знайсці яе і вярнуць назад. Дарэчы, на кожны зварот на нумар 102 аб дапамозе міліцыя павінна адрэагаваць і паслаць нарад.
– Як адпачываеце і ці ёсць захапленні для душы?
– Галоўнае для мяне – сям’я, таму свабодны час стараюся праводзіць разам з жонкай і дзецьмі – іх у мяне 3-е. Канешне, хацелася б рабіць гэта часцей, але работа таксама чакаць не можа – як толькі мы з Юляй пачалі сустракацца, адразу папярэдзіў аб гэтым. Яна прыняла ўсё, як ёсць, і я ўдзячны жонцы за разуменне, падтрымку і надзейны тыл.
Захапленне – гэта спорт, з якім ніколі не развітваўся. Люблю пагуляць у футбол, валейбол, іншыя гульнявыя віды. Дарэчы, я ўсё ж паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, дзе цяпер атрымліваю адукацыю па спецыяльнасці «трэнер па практычнай стральбе». Таксама люблю лазню. А яшчэ нядаўна мы купілі недабудаваны дом, таму, думаю, хутка з’явіцца і захапленне будаўніцтвам.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.