Больш за 20 гадоў у саўгасе працуе Тарэса Наневіч
10:01 / 28.11.2020
На ўрачыстасці працаўнікоў вёскі плён жанчыны быў адзначаны Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама. Летась падчас раённых «Дажынак» жанчына разам з напарніцамі Святланай Баран і Марынай Мажутай таксама падымалася на сцэну – звяно аператараў машыннага даення заняло 3-е месяца сярод малочна-таварных комплексаў раёна.
З даяркай сустракаемся на комплексе пасля ранішняй дойкі.
– Да работы прывучаная з дзяцінства, – расказвае пра сябе Тарэса. – Родам з Малых Яцын, вырасла ў шматдзетнай сям’і. З бацькамі часта бывала на ферме. Дапамагала хроснай даіць кароў – мне было каля дзесяці гадоў. Быць даяркай не хацела! А вось як сталася: больш за 20 гадоў даю кароў.
Пасля школы Тарэса працавала ў падсобным цэху ў Гервятах, потым у Варнянах – вытворчасць вырабаў з пластмасы «перакінулі» ў калгас імя Чапаева. Паралельна паспела адвучыцца на повара, але гатаваць абеды ў сталоўцы так і не давялося.
– З мужам, Вальдэмар працуе механізатарам у нашым саўгасе, пазнаёмілася на провадах стрыечнага брата ў армію. Не паверыце, але праз месяц пабраліся шлюбам! Тагачасны старшыня калгаса «Рытанскі» Кара зазваў на ферму – падмяняла дзяўчат на час адпачынку, – успамінае даярка. – Давялося перажыць цяжкую хваробу: нанова вучылася хадзіць. Да шчасця, малады арганізм адужаў захворванне. Ізноў паклікалі ў калгас. Дык заатэхнік скептычна пасміхаўся: ці доўга такая прыгажуня – я заўсёды з прычоскай і макіяжам хадзіла – вытрывае на ферме. Сынок Жэнька падрастаў, калгаснае жыллё выдзелілі – каб кватэра нам засталася, трэба было адпрацаваць не менш за 5 гадоў, а яны расцягнуліся больш чым на 20. Але я ні пра што не шкадую.
– З дзяўчатамі працуем не першы год, таму атрыманая мной абласная ўзнагарода – наша агульная заслуга, – упэўнена Тарэса Наневіч.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.