Малады спецыяліст фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Бабіч
11:07 / 24.11.2020
Тым больш цікава, што будучую прафесію Вольга выбрала выпадкова. У дзяцінстве яна ўсім казала, што, калі вырасце, будзе дапамагаць людзям. А для гэтай ролі ў яе ўяўленні найбольш удала падыходзілі работнікі ў белых халатах, таму пасля заканчэння школы дзяўчына рыхтавалася штурмаваць медыцынскі.
– Вучылася я ў Спондаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе, была амаль выдатніцай, таму спачатку хацела паступаць ва ўніверсітэт, – расказвае Вольга. – Праўда, пасля азнаямлення з праходнымі баламі зразумела, што маіх ведаў наўрад ці хопіць. Ездзіць са Страчанкі кудысьці да рэпетытара не было магчымасці, дый лішніх грошай у сям’і не было. Цэнтралізаванае тэсціраванне па прадметах здала добра, але ўсё роўна мы з мамай вырашылі не рызыкаваць, я думала падаваць дакументы ў каледж.
Вось тут і ўмяшаўся ў ход падзей выпадак. Да старэйшай сястры Вольгі завітала сяброўка, якая скончыла медыцынскі каледж. Яна расказала, што збіраецца паступаць на факультэт фізічнай рэабілітацыі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры – маўляў, праходныя балы там не зашкальваюць. Паслухаўшы яе, вырашыла паспрабаваць шчасця і Вольга.
– Гэта Саша (так завуць старэйшую сястру) падштурхнула паехаць тады ў Мінск, – працягвае дзяўчына. – Мама таксама ідэю падтрымала – маўляў, паспееш яшчэ ў свой каледж. Прыйшла я ва ўніверсітэт, а на рэабілітацыю, аказваецца, толькі з медыцынскай адукацыяй бяруць. (Усміхаецца.) Аднак я вырашыла: раз прыехала, значыць, дакументы падам – толькі вось куды? Тут на вочы трапляецца словазлучэнне «лячэбная фізкультура» і я ўспамінаю, што падчас пілігрымкі Нарач-Будслаў хтосьці расказваў, што рыхтуецца паступаць на ЛФК. Што ж, значыць і я туды пайду! Праўда, давялося яшчэ дадаткова здаць нарматывы па фізкультуры, але са спортам у мяне ніколі не было праблем. Вось так паступіла на спецыяльнасць, пра якую нічога не ведала, але гэта аказаўся як ніколі правільны выбар.
Цяпер Вольга ўпэўнена, што калі б тады выбрала медыцыну – хутка пашкадавала б. Падчас вучобы яна праходзіла практыку ў розных установах, у тым ліку ў бальніцы. Назіраючы за ўрачамі, дзяўчына дзякавала ўсявышняму, што не даў ёй зрабіць памылку і накіраваў на правільны шлях.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Вольга вярнулася на родную Астравеччыну – тут якраз пабудавалі САК і была вакансія інструктара-метадыста. Зараз дзяўчына вядзе лячэбную фізкультуру на выпраўленне паставы і ступні ў дзяцей, а таксама пілатэс для дарослых. І хоць працуе яна некалькі месяцаў, свабодных месцаў у групах даўно няма.
– Усё складваецца добра: мне выдзелілі пакой, калектыў у нас малады і таварыскі, а галоўнае – займаюся любімай справай, – з усмешкай рэзюмуе Вольга.
З такім пазітыўным інструктарам любыя нагрузкі не страшныя.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.