Людзі і справы Міхалішкаўскага лясніцтва
Яно адметнае ў многіх сэнсах: міхалішкаўскія вальшчыкі лесу адны з першых у раёне перайшлі на індывідуальны ці, як называюць яго лесарубы між сабой, «скандынаўскі» спосаб нарыхтоўкі драўніны; галоўны ляснічы Яўген Волкаў у 2013 годзе прызнаваўся Чалавекам года Гродзеншчыны; ды і само лясніцтва размешчана ў маляўнічым куточку, на хутары Барынава – з аднаго боку да яго падступае Вілія, з другога – лес…
– Хто не ведае сваёй гісторыі, у таго няма будучыні, – сустракаючы на парозе адміністрацыйнага будынка Міхалішкаўскага лясніцтва, гаворыць ляснічы, дэпутат раённага і мясцовага Саветаў дэпутатаў Яўген Волкаў. – Можа вам цікава будзе пагартаць кнігі загадаў, яны ў нас з 1948 года? Праўда, не ўсе захаваліся…
Нават пры вялікім жаданні патрэбна шмат часу, каб толькі прагартаць ладны стос рукапіснай гісторыі лясніцтва. Бяром з Яўгенам Сяргеевічам некалькі кніг.
Сучаснае Міхалішкаўскае лясніцтва ў розныя гады было часткай Кямелішкаўскага лясніцтва Мядзельскага, а пазней Свірскага лясгаса. Роўным каліграфічным почыркам у кнігах занатаваны галоўныя падзеі жыцця лясніцтва: ад камандзіровак работнікаў і кіраўніцтва да запісаў пра прыцягненне мясцовых людзей да пасадкі лесу. Так, напрыклад, загад ад 7 ліпеня 1966 года сведчыць, што толькі з Маркун было накіравана 100 чалавек.
– Раней была такая практыка. Пік пасадак прыпаў на пасляваенны час. Садзіць лес выходзілі цэлымі вёскамі: Шайкуны, Палесціна, урочышчы Ністанішкі, Голы Бор і іншыя. Некаторыя населенныя пункты ўжо не знойдзеш на карце Астравеччыны, – тлумачыць ляснічы і гартае кнігу загадаў. – На старонках, хоць ім ужо некалькі дзесяцігоддзяў, можна сустрэць шмат знаёмых прозвішчаў – адно з самых вядомых на Астравеччыне Зданоўскія-Дзісько. Менавіта тут пачынаў працоўную дзейнасць аб’ездчыкам Міхаіл Зданоўскі – пачынальнік «лясной» дынастыі, прадзед ляснічага Падольскага лясніцтва Канстанціна Дзісько.
Добра вядомае ў ваколіцах Міхалішак прозвішча Часнойць – усе тры браты Уладзіслаў, Казімір і Антон працавалі тут, пры гэтым шмат гадоў яго ўзначальваў Уладзіслаў Віктаравіч. Цяпер майстар лесу – унук аднаго з братоў Аляксандр. Доўгі час была памочнікам ляснічага Святлана Гаўрылава.
– У лясной гаспадарцы Астравеччыны працуюць цэлымі пакаленнямі. «Фронскі прызначаны аб’ездчыкам» – відаць, размова ідзе пра дзеда памочніка ляснічага Спондаўскага лясніцтва Віктара Фронскага, – працягвае Яўген Волкаў.
Дом сям’і Волкавых знаходзіцца побач з адміністрацыйным будынкам.
Яўген, Кацярына і іх трое дзетак – Маргарыта, Макар і Мацвей – заўсёды разам
Мяняліся тэрыторыі раёнаў, назвы лясніцтваў і лясгасаў, але прынцып работы лесаводаў за гады не змяніўся – прымнажаць і зберагаць лес.
– У лясніцтве 3 майстры лесу, памочнік ляснічага, бухгалтар. Усе абходы «закрываюць» 8 леснікоў – на чалавека атрымліваецца больш за тысячу гектараў – але хлопцы спраўляюцца. Таксама ёсць 2 машыністы лесанарыхтоўчай трылёвачнай тэхнікі і 8 вальшчыкаў лесу. Эксперымент па індывідуальным метадзе нарыхтоўкі драўніны, калі работнік працуе без памочніка, прыжыўся і апраўдаў сябе. Хоць, варта прызнаць, што за апошнія гады ручная праца змянілася механізаванай. У нас ёсць «чокерны» трактар, ГАЗ-66 для падвозу людзей і службовая «Ніва», – расказвае пра лясніцтва яго «начальнік». – За мінулы год нарыхтавалі крыху больш за 21 тысячу кубаметраў драўніны. На месцы высечак штогод з’яўляюцца новыя пасадкі – летась пасадзілі 31 гектар. У гэтым накірунку мы цесна супрацоўнічаем са школамі ў Міхалішках і Альхоўцы. Актыўныя члены школьнага лясніцтва «Жывіца», іншыя вучні і настаўнікі штогод дапамагаюць нам садзіць лес і прыбіраць у ім смецце – і не толькі ў межах традыцыйных рэспубліканскіх акцый, такіх, як «Тыдзень лесу».
Вясна і лета для лесаводаў, як і для аграрыяў, – гарачая пара. Гэтыя некалькі месяцаў, калі людзі масава выязджаюць адпачываць на прыроду і ідуць у ягады і грыбы, асабліва напружаныя для работнікаў лясной гаспадаркі. Нават кінутая ў мох ці сухое лісце затушаная запалка можа стаць прычынай ляснога пажару.
– У мінулыя гады за сітуацыяй у лесе з вышкі сачыў вартаўнік. Сёлета была ўстаноўлена спецыяльная камера відэаназірання, а ў лясніцтве арганізавана дзяжурства. За маніторам пастаянна адсочваюць сітуацыю спецыялісты і работнікі лясніцтва, – працягвае Яўген Волкаў. – Таксама ў месцах, куды людзі вывозяць смецце, устаноўлены камеры фота- і відэафіксацыі. Дарэчы, некалькі парушэнняў яны дапамаглі выявіць у гэтым годзе: гэта падсочка дрэў у перыяд актыўнага руху соку, вываз смецця і незаконная нарыхтоўка драўніны. Лес – агульны для ўсіх, і людзі павінны разумець, што выкінутае ў ім смецце нікуды не дзенецца – яго прыбіраць давядзецца лесаводам ці дзецям.
Сваім дасягненнем за гады працы ў Міхалішкаўскім лясніцтве Яўген Волкаў лічыць калектыў.
– У Міхалішках працую з 2003 года. Усе людзі на сваім месцы. Некаторыя працуюць не адзін дзясятак гадоў, многім я ўдзячны за дапамогу, парады і падказкі напачатку сваёй працоўнай дарогі, – падсумоўвае нашу размову Яўген Сяргеевіч.
Леснікі ведаюць лес як свае пяць пальцаў. Прадказаць па зіме, ці будзе год багаты на грыбы, вызначыць па слядах звера – такія і не толькі таямніцы лесу падуладны менавіта гэтым працаўнікам.
Тадэвуш СТАЦІНА
У Міхалішкаўскім лясніцтве мужчына працуе 13-ты год. Да гэтага шчыраваў у мясцовым калгасе, потым – на альхоўскай фабрыцы.
– Мая стыхія – лес. Тут мне знаёмыя кожнае дрэва і кусток, – прызнаецца ляснік. – Найбольш напружаны час – лета. Догляд за пасадкамі, іх праполка… Зімой работы таксама хапае. Са сваякоў ніхто не працаваў у лясной гаспадарцы, а я абраў гэтую дарогу і не шкадую.
Валянцін ПАМЕЦЬКА жартуе, што ніякіх універсітэтаў не заканчваў, усяму навучыла само жыццё – у лясной гаспадарцы мужчына працуе 16 гадоў.
– Нарадзіўся ў лесе – маму не давезлі ў бальніцу – сюды і вярнуўся, – з усмешкай гаворыць ляснік. – Старэйшы брат Віктар таксама звязаў сваё жыццё з лесам: працуе ў Спондаўскім лясніцтве.
Валянцін прызнаецца, што найбольш любіць пераводзіць пасадкі ў лес.
– За дрэвамі, як і за дзіцем, трэба глядзець, пра іх трэба клапаціцца, асабліва да 7 гадоў. Дзесьці недапрацуеш – саджанец загіне. Менавіта пасля гэтага тэрміну пасадкі можна лічыць лесам, – працягвае мужчына. – Напрыклад, у калгасе вясной пасеялі, а восенню ўбралі ўраджай. У лясной гаспадарцы ўсё не так проста. Лес – на стагоддзі, яго берагчы і шанаваць трэба. Мае дзяды выязджалі на заробкі ў Францыю. Калі вярнуліся на радзіму, то прыдбалі кавалак зямлі і лесу. Ведаеце, што здзіўляе: лес яны бераглі, палілі толькі галлё і сучча.
Відаць, па крыві перадаліся Валянціну дзедаўскія прынцыпы.
Аляксей БЕРНЮКЕВІЧ
Не хопіць пальцаў на руках, каб пералічыць пасаджаныя лесніком дрэвы.
– Я мясцовы, з Падваранцаў. У 1987 годзе пайшоў у армію, у 1990-ым ажаніўся. Працаваў на трактары ў калгасе імя Кірава, пазней перайшоў у мясцовае лясніцтва. Разам з жонкай выгадавалі сына і дачку. Ужо падрастаюць і радуюць нас унукі, – сціпла расказвае пра сябе ляснік.
Як сапраўдны мужчына, Аляксей Бернюкевіч захапляецца паляваннем. Цікаўлюся, ці даводзілася яму здабываць ваўка.
– Не, гэта вельмі разумны і хітры звер – яго след нават сабакі не бяруць, – расказвае ляснік. – Пры маёй памяці ў навакольных лясах толькі трох ваўкоў застрэлілі.
Той факт, што зяць – начальнік, не спрашчае работу Аляксею Вікенцьевічу, наадварот, робіць яе больш адказнай.
– З Вікецьевічам мы хутка знайшлі агульную мову, хоць і спрэчкі здараліся, – далучаецца да размовы ляснічы Яўген Волкаў. – Абодва любім лес, цяжкасцей не баімся і адносіны да работы ў нас падобныя: працаваць і яшчэ раз працаваць.
Ніна ДЗЯЦЮК усё жыццё адпрацавала ў Міхалішкаўскім лясніцтве. Хоць ужо не першы год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, даты і лічбы памятае так, што малады пазайздросціць.
– Працаваць тут пачала 16 кастрычніка 1965 года, а на пенсію мяне праводзілі 14 сакавіка 2003-га, – успамінае Ніна Васільеўна.
Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума Ніна прыехала на Астравеччыну, у Міхалішкі.
– Выдзелілі мне жыллё. Жалезны ложак – і больш нічога няма, нават вокны незавешаныя. Цяжкасці мяне, маладую, энергічную, не палохалі, – з настальгіяй успамінае маладосць жанчына. – Дзякуючы рабоце, пазнаёмілася з Фёдарам – светлая яму памяць. Звёў нас выпадак. З ведамасцямі, грашамі, загадамі была ў Дабраўлянах. А як назад дабрацца, не ведала. Старшыня мясцовага саўгаса загадаў Фёдару, машына якога была на рамонце, завесці мяне ў Міхалішкі. Так і пазнаёміліся…
У Дзяцюкоў нарадзіліся дзве дзяўчынкі – Іра і Таня. Маці часта іх брала з сабой на працу.
– У калектыве жылі дружна, сябравалі сем’ямі. Вельмі ўдзячна былому ляснічаму Віктару Іванавічу Дзянісаву і многім іншым. Нягледзячы на цяжкасці, шчаслівае жыццё мы пражылі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.