Ірына Кяжун: самае прыгожае ў жыцці – квітнеючы сад

09:20 / 20.08.2020

Няўрымслівая, энергічная, заўсёды з абаяльнай усмешкай – аграному-садаводу КСУП «Варняны» Ірыне Кяжун, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, здаецца, падуладна звышуласцівасць быць адначасова ў некалькіх месцах: яна і праводзіць кароткі інструктаж па зборы яблыкаў, і дамаўляецца аб дадатковым транспарце па іх транспарціроўцы, і падбадзёрвае працаўнікоў добрым слоўцам… У гэтым упэўніліся і многія астраўчане, якія мінулай восенню дапамагалі варнянцам убіраць у садзе ўраджай.

2.jpg

Пра дзяцінства

Цікаўлюся ў Ірыны, адкуль у яе столькі энергіі, якой яна, не шкадуючы, дзеліцца з людзьмі.

– З дзяцінства не магла ўседзець на адным месцы – была сарвігалавой, – усміхаючыся, гаворыць жанчына. – Нарадзілася ў Жарнэлях у вялікай і дружнай сям’і. У бацькоў я апошняе, чацвёртае, дзіця, таму да работы мяне моцна не ганялі. Усё лета з сябрамі праводзіла на вуліцы: заляціш, бывае, у абед, перахопіш нешта – і назад. Будавалі шалашы, лазілі па дрэвах, ігралі ў вайнушку – карацей, падзёртыя каленкі не паспявалі зажываць, але я была самай шчаслівай у свеце! А смак абмакнутага ў вадзе і пасыпанага цукрам чорнага хлеба памятаю і цяпер – тады здавалася, што нічога смайчнейшага няма.

Тагачасныя дзяўчынкі марылі стаць настаўніцамі ці ўрачамі – але не Ірына. Са старэйшым братам, які апекаваўся малечай, пакуль бацькі былі на рабоце, яны глядзелі фільмы пра Вялікую Айчынную вайну.

– Я не магла адарвацца ад экрана, – узгадвае аграном. – Цяпер ужо і не ўспомню любімую кінастужку, але мяне захапляў гераізм, самаахвярнасць і самаадданасць людзей, асабліва ваенных, іх стойкасць, прынцыповасць. Заканамерна, што я хацела стаць ваеннай. Не атрымалася. (Усміхаецца.) У лёса на ўсё свае планы – гэта я цяпер разумею. Аднак старэйшы сын ажыццявіў маю мару: закончыў Ваенную акадэмію і застаўся там працаваць.

Пра работу

– Я падумаць не магла, што буду працаваць аграномам-садаводам, – прызнаецца жанчына. – Калі ў 2011 годзе ў «Варнянах» у межах рэспубліканскай праграмы павінны былі закладваць сад, тагачасны старшыня гаспадаркі Аляксандр Вярбовіч папрасіў-прананаваў узяць гэтую справу пад сваё крыло: «Іра, ты зможаш!» Было страшна, не была ўпэўнена, што пацягну, але вырашыла рызыкнуць. І ўсё атрымалася!

Закладваць першыя 20 гектараў варнянцаў вучылі спецыялісты Інстытута пладаводства.

– Як цяпер памятаю, дождж бязлітасна лупіў па спінах, холадна – але мы не спыняліся, – прыгадвае, як усё пачыналася, аграном. – Пастараліся на славу – ніхто не філоніў. Дзяўчаты спачатку баяліся садзіцца на пасадачную машыну, а потым іх было не сагнаць. У сярэднім з тысячы саджанцаў загінулі толькі два – прыжываемасць была высокай.

Варнянскі сад займае ажно 100 гектараў. Пры выбары сартоў арыентаваліся на лёжкасць яблыкаў, таму прыярытэтным сталі сарты беларускай селекцыі «імант», «беларускі салодкі», «заслаўскі», «алеся».

– Калі ў мяне пытаюць пра любімы сорт, я губляюся. Кожны від унікальны і мае асаблівы смак, – працягвае жанчына. Яблык – гэта вянец нашай працы.

– У мяне цудоўны калектыў! – працягвае гонар раёна. – З першага дня са мной працуюць старанныя і адказныя дзяўчаты. Работы ў садзе хапае круглы год: абрэзаць і апрацаваць ад шкоднікаў дрэвы, падкасіць траву… Самае прыгожае ў жыцці – квітнеючы сад.

Пра сям’ю

– Мой муж – мая апора, надзея і каханне ўсяго жыцця, – пачынае расповед пра сваіх самых блізкіх людзей Ірына. – З Мечыславам мы нарадзіліся ў адзін дзень, толькі ён старэйшы за мяне на год, вучыліся ў адной школе, хадзілі на танцы ў Петраполь – можна сказаць, што нашы жыццёвыя сцяжынкі перапляліся ўжо ў дзяцінстве.

Мечыславу перад тым, як яго забралі ў армію, Ірына паабяцала, што дачакаецца, – і выканала сваё слова. Лічы праз дзень белакрылымі матылькамі з Жарнэль ў Асіповічы ляцелі пісьмы, напоўненыя шчырымі, месцамі наіўнымі словамі першага сапраўднага кахання.

– Мы ўвесь час ліставаліся. За тыдзень ад Мечыка атрымлівала не менш за тры пісьмы, – успамінае жанчына. – Муж іх захаваў. Месяц назад, калі іх перачытвала, злавіла сябе на думцы, што мы зусім не змяніліся. Дваццаць пяць гадоў дыхаем ва ўнісон, глядзім у адным накірунку, а галоўнае – не трацім радасць жыцця.

Сваю другую палавінку Мечыслаў стараецца радаваць ледзь не штодня. Мужчына працуе ў Варнянскім лясніцтве – у залежнасці ад пары года з лесу прывозіць каханай ландышы, падснежнікі ці нават яловую лапку з шышкамі.

– Галоўнае наша дасягненне – дзеці, а яшчэ тое, што мы за гэты час не страцілі юнацкую рамантыку і па-ранейшаму кахаем адзін аднаго. Кожную раніцу муж заварвае мне каву, калі яшчэ сплю, прыносіць яе ў ложка, – гаворыць жанчына.

У Кяжуноў двое сыноў. Старэйшы Павел жыве і працуе ў Мінску, а малодшы Артур вучыцца ў школе.

– Я ніколі не была строгай мамай, – прызнаецца Ірына. – З дзецьмі трэба гаварыць і ўсё тлумачыць. Хоць сыны розныя па характары – Павел больш спакойны, а Артур гарэзлівы. Веру, што ў нас атрымалася выгадаваць добрых хлопцаў.

Тры гады назад Кежуны перабраліся з Жарнэляў у Варняны, правялі ў дом ваду і газ, паставілі альтанку… У энергічнай гаспадыні яшчэ шмат задум, як зрабіць іх сядзібу яшчэ больш прыгожай і ўтульнай.

– Кветак, вядома, не хапае, але пакуль рамонт працягваецца, не саджу іх – шкада, што патопчам, – працягвае жанчына. – Знаёмыя кажуць, што я хуткая і энергічная. Любую справу, за якую бяруся, імкнуся давесці да канца. Мне падабаецца тэхніка: калі ёсць вольны час, дапамагаю мужу круціць у машыне «гайкі». Дзякуючы лепшай сяброўцы, не так даўно навучылася іграць на гітары. (Усміхаецца.) Думаю, для чалавека нічога немагчымага не існуе, а «не магу» ці «не хачу» – гэта толькі адгаворкі і апраўданні ўласнай ляноты. У свеце столькі цікавых і незвычайных рэчаў! Варта толькі навучыцца іх заўважаць. Паглядзіце на квітнеючы сад – ці ж гэта не дзіва?!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Нина Рыбик