Работу лепшых аграрыяў Астравеччыны адзначылі прафсаюзы
Прафсаюзы – аграрыям
З работнікамі камунальных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў “Гервяты” і “Гудагай” сустрэліся намеснікі старшынь рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Талайка і Гродзенскага абкама Марына Арцыман. Лепшым працаўнікам палёў і ферм гэтых гаспадарак прафсаюзныя лідары ўручылі Падзякі, грашовыя прэміі і падарункі.
Для хлебаробаў цяпер гарачая пара. Нягледзячы на капрызнае надвор’е, яны імкнуцца выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну, каб абмалаціць саспелую збажыну.
Галоўны эканаміст Марына Івашка ўручае сувенір Уладзіміру Талайку
– Стала традыцыяй, што аграрыі Гродзеншчыны – на перадавой жніва, – падчас сустрэчы з сямейнымі эпіжамі КСУП “Гервяты” адзначыў Уладзімір Талайка. – Наколькі мне вядома, у вашай гаспадарцы на ўборцы працуюць сем’ямі. Жадаю добрых намалотаў і спрыяльнага надвор’я!
Падзякай рэспубліканскага камітэта адзначаны маладзёжны сямейны экіпаж, у якім працуе адзіная ў раёне жанчына, – Дзмітрый і Вераніка Янковічы. А першыя пазалеташнія “тысячнікі” Андрэй і Мікіта Вінцкусі атрымалі падарункі ад Гродзенскага абкама.
Віншаванні прымаюць Дзмітрый і Вераніка Янковічы
Марына Арцыман віншуе камбайнерскі тандэм у складзе бацькі і сына Андрэя і Мікіты Вінцкусяў
З галоўнымі аграномам і эканамістам прадпрыемства Аляксандрам Кавалькам і Марынай Івашка прафсаюзныя лідары абмеркавалі ўборачную кампанію і эканамічнае развіццё гаспадаркі.
Фірменныя тушонкі – брэнд КСУП “Гервяты”
На мяса-перапрацоўчым цэху госці пазнаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці гервяцкай тушонкі, якая з-за смаку і натуральнасці палюбілася многім астраўчанам і гасцям раёна. Падзякамі і падарункамі адзначана работа аксакалаў мяса-кансервавага цэха – тэхнолага Сняжаны Гудайцене і падсобнага рабочага Леаніда Гудойця.
Сняжана Гудайцене ў мяса-кансервавым цэху працуе з першых дзён
Больш за 25 гадоў у “Гервятах” працуе Леанід Гудойць
На адным з самым паспяховых малочна-таварных комплексаў раёна “Германішкі” КСУП “Гудагай” намеснікі старшынь рэспубліканскага камітэта і Гродзенскага абкама аграрнага прафсаюза пагутарылі з калектывам і дырэктарам прадпрыемства Эдуардам Садоўскім. За 6 месяцаў бягучага года сярэднемесячная зарплата па КСУП “Гудагай” склала амаль 1 076 рублёў, а на МТК “Германішкі” – 1 300.
Падарункі ад прафсаюзных лідараў атрымалі аператар машыннага даення Таццяна Войдак і жывёлавод Наталля Кандратовіч.
Аператар машыннага даення і жывёлавод МТК “Германішкі” КСУП “Гудагай” Таццяна Войдак і Наталля Кандратовіч
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.