Дзякуй, паштальёны!
08:32 / 14.07.2020
Першы прыпынак – аддзяленне паштовай сувязі «Малі».
Яго загадчыкам крыху больш за паўгода з’яўляецца Данута Бараноўская, хаця з поштай яе звязваюць амаль 36 гадоў.
– У гэту сферу прыйшла ў 1984 годзе. Пачынала паштальёнам у Вароне, праз некалькі месяцаў стала начальнікам гэтага аддзялення. Потым працавала ў Трокеніках, Быстрыцы, Газе, Варнянах і нават у Астраўцы, – расказвае Данута Казіміраўна.
На пенсіі жанчына пабыла ўсяго чатыры месяцы. Потым зноў папрасілі выйсці – і яна не змагла адказаць.
– Мне падабаецца працаваць з людзьмі. Хаця ўсялякае здаралася – да кожнага трэба знайсці падыход, усміхнуцца – і табе, часцей за ўсё, адкажуць тым жа, – разважае загадчык. – На маім шляху заўсёды сустракаліся добрыя кіраўнікі: Ірына Эдуардаўна Тальчук, Тарэса Станіславаўна Ігнатовіч, Святлана Чаславаўна Максімава. Прыслухоўваліся адзін да аднаго – і працавалі.
Цяпер у аддзяленні паштовай сувязі «Малі» ўсяго два работнікі – загадчык і паштальён Марыя Мікалаеўна Ваейкава. Жанчыны – абедзве ўжо на заслужаным адпачынку – адразу ж пасябравалі.
Кола абслугоўваемых вёсак невялікае: Малі, Дзірмуны і Філіпаны. Але калі ўлічваць тое, што сёння ў аддзяленні паштовай сувязі можна ажыццявіць не адну аперацыю, работы хапае.
– Мы прымаем плацяжы, прадаём тавар, адпраўляем мотадастаўку, выплачваем пенсіі, афармляем падпіску і праводзім шэраг іншых працэдур, – гаворыць загадчык аддзялення. – І ўсё ж падпіска для нас заўсёды стаіць на першым месцы.
– У стагоддзе камп’ютараў моладзь аддае перавагу інтэрнэту. А газеты ў асноўным выпісваюць пажылыя людзі. Хаця планы па падпісцы мы выконваем. На ліпень падпісалі 143 экзэмпляры «Астравецкай праўды», – працягвае Данута Казіміраўна.
А паштальён аддзялення Марыя Мікалаеўна Ваейкава стараецца, каб газета прыйшла ў час да падпісчыка.
Старанна ставіцца да сваіх абавязкаў і паштальён аддзялення ў Рымдзюнах Алена Захарэўская, зона абслугоўвання якой больш за 10 вёсак.
Калі ўсе газеты распісаны па адрасах, Алена Захарэўская садзіцца на веласіпед – і развозіць іх па паштовых скрынях вяскоўцаў.
– У Рымдзюнах «Астравецкую праўду» выпісваюць на 74 адрасы. «Раёнку» ў нас любяць. Прыношу яе амаль у кожны дом, – гаворыць Алена Данілаўна.
На пошту жанчына прыйшла каля 10 гадоў назад. Быў перыяд, калі спрабавала змяніць сферу дзейнасці, але вярнулася назад.
– Мне падабаецца мая праца. Некаторыя лічаць, што цяжка і складана. Магчыма, бо сёння мы не толькі разносім пенсіі і газеты, але і прадаём тавар, прымаем плацяжы на мабільны тэлефон… – усё гэта патрабуе ўвагі і сканцэнтраванасці. Часам і дома дарабляеш тое, што не паспеў на рабоце. Але калі любіш тое, што робіш, то атрымліваеш задавальненне, – расказвае Алена Данілаўна.
У клопатах іх дзень прабягае хутка, але яны не сумуюць. Дзякуй вам, паштальёны, за працу і за ўсмешкі, якія вы дорыце нашым падпісчыкам.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.