Розныя напрамкі юрыдычнай прафесіі Алены Дукевіч
07:59 / 12.07.2020
Нараджэнне юрыста
Алена, як і большасць яе аднагодкаў, хацела стаць настаўніцай пачатковых класаў, таму пасля школы вырашыла «штурмаваць» педінстытут у Гродне, аднак ёй не пашанцавала. Дзяўчына не адчаялася, хутка сарыентавалася і, каб не губляць цэлы год, вырашыла паступаць у Ашмянскі сельгастэхнікум – там якраз быў першы набор на новую тады спецыяльнасць «юрыст».
– Конкурс быў вялікі, – успамінае Алена Станіславаўна. – Да таго ж гэта быў іншы, не педагагічны, профіль, а значыць і іншыя экзамены. Так што прыйшлося пастарацца.
Паняцце, чым займаецца юрыст, у дзяўчыны было агульнае. Думала, у міліцыі працаваць будзе або натарыусу дапамагаць. Ды і на прадпрыемствах тады юрысконсультаў было на пальцах адной рукі злічыць па ўсім раёне.
Алена не расчаравалася ў выбары прафесіі і праз 2 гады, атрымаўшы дыплом спецыяліста, вярнулася ў Астравец.
ДБПМК-73
Першае рабочае месца малады спецыяліст атрымала ў ДБПМК-73, дзе дырэктарам быў яе свёкар Браніслаў Дукевіч. Першы вопыт на вытворчасці аказаўся вельмі прадуктыўным, хоць і складаным. Сфера дзейнасці – гаспадарчае права. На «раскачку» часу не было: прыйшла – і адразу акунулася ў работу.
Камбінат будаўнічых матэрыялаў
Пасля дэкрэтнага адпачынку Алена Дукевіч выйшла ўжо ў камбінат будаўнічых матэрыялаў, бо ДБПМК закрылі. Узначальваў КБМ Аляксандр Волк-Леановіч.
– Было вельмі цікава: мытнае афармленне, атрыманне і прадаўжэнне ліцэнзіі, – успамінае жанчына. – І вопыт гэта быў каласальны. Цяжка справа ішла. Але, калі захацець, пераадолееш усё. Я кіравалася прынцыпам: трэба ўдасканальвацца кожны дзень.
Цяжка было яшчэ і таму, што Алену «дагрузілі кадрамі», а дома яшчэ сям’я, малое дзіця і… вучоба: жанчына паступіла на завочнае аддзяленне ў Беларускі інстытут правазнаўства, які скончыла з адзнакай.
Белдзяржстрах
Новы этап жыцця і новы віток работы чакаў ужо вопытнага юрыста Дукевіч у прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Астравецкім раёне. Да Алены адзінкі юрысконсульта тут не было, таму прыйшлося ўсё пачынаць з нуля. Так яна асвоіла і страхавы напрамак юрыдычнай дзейнасці: выплаты страхоўкі, прычым немалыя, – адказнасць таксама вялікая.
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне
Новая «гісторыя», новыя людзі і новая, не менш цікавая, але ж і складаная юрыдычная работа чакала Алену Станіславаўну ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
– У гэтай сферы ты аддаеш не толькі свой вопыт і час, але і нервы, душу, сэрца. Тады якраз уводзілася дзяржаўная адрасная дапамога, мне даверылі гэты адказны і складаны ўчастак работы. Шмат было людзей, якія кінуліся за гэтай дапамогай. Віктар Збігневіч Свіла тады ўзначальваў нашу камісію па выплатах – чалавек шырокай душы і са спагадлівым сэрцам. Нам хацелася дапамагчы ўсім, а так не атрымлівалася. У кожнага, хто звяртаўся, была свая жыццёвая сітуацыя, якую ты нібы прапускаў праз сябе. Перажываць гісторыю кожнага як сваю для мяне аказалася непасільнай задачай. Сямейны савет вырашыў, што маё здароўе ўсё ж важней, таму давялося шукаць другую работу.
Падатковая інспекцыя
Знаёмства са спецыфікай работы ў ІМНС адбылося зарання, у 2004 годзе, калі Алена Станіславаўна падмяняла дэкрэтны адпачынак. Праз некалькі гадоў яна прыйшла ў інспекцыю на «пастаянку».
– Задача юрысконсульта – абараняць правы прадпрыемства і дапамагаць калегам, каб яны працавалі ў рамках заканадаўства. Я кантралюю тэрміны і памеры падатковых выплат, спагнанне доўгу з беларускіх і замежных прадпрыемстваў, што працуюць на Астравеччыне, таму што ад гэтага залежаць зарплаты настаўнікаў, медыкаў, пенсіі і сацыяльныя выплаты, – гаворыць гонар раёна.
– Наша інспекцыя сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай: некаторыя замежныя фірмы, скончыўшы работу на аб’ектах раёна, без папярэджання выязджаюць за мяжу, тым самым парушаючы беларускае заканадаўства, і на радзіме аб’яўляюць сябе банкрутамі. Па правілах толькі пасля падатковай праверкі фірма можа быць ліквідавана. Таму мы цесна працуем з эканамічным судом па выплаце такімі прадпрыемствамі падаткаў за перыяд дзейнасці на тэрыторыі нашага раёна. Ужо можна купляць карту свету, каб адзначаць, дзе працуе астравецкая падатковая інспекцыя. (Смяецца.)
Плюс прафсаюз
Да юрыдычнай дзейнасці Алены Станіславаўны далучылася не толькі кадравая работа, але і прафсаюзная. Яна – лідар пярвічкі астравецкіх падаткавікоў.
– Таму і сяджу адна на ўвесь вялікі кабінет, – смяецца жанчына. – Маю права.
Актывістка, якая з 5 класа і да выпускнога «заведвала казначэйскімі справамі» і была пастаяннай удзельніцай школьных мерапрыемстваў, Алена Дукевіч лёгка спраўляецца з такімі рознымі і вельмі няпростымі абавязкамі. Калектыў адзначыў яе арганізатарскія здольнасці, выбраўшы старшынёй свайго прафкама на другі тэрмін.
ТРЫ ПЫТАННІ АБ ГАЛОЎНЫМ
1) Што больш за ўсё падабаецца ў вашай рабоце?
– Калі атрымліваеш вынік ад таго, над чым доўга і старанна карпела. Усе суды, дзе абараняла правы інспекцыі, мы выйгралі, нашы скаргі былі задаволены нават у замежных краінах, дзе заканадаўства адрозніваецца ад беларускага.
2) Што вас, магчыма, засмучае?
– Негатыў неплацельшчыкаў. Зразумела, што яны перажываюць, бо галоўная іх мэта – зарабіць як мага больш грошай. Ёсць тыя, хто бурна рэагуе на патрабаванне, якое выстаўляе інспекцыя. Пасля чарговай такой размовы вечарам іду ў агарод або кветнік – так, у маўчанні і адзіноце, здабываю душэўны спакой. Зімой дапамагаюць лыжы. Альбо іду з сабакам на прагулку.
3) Ці ёсць у прадстаўнікоў вашай прафесіі аднолькавыя якасці характару?
– Безумоўна. Гэта адказнасць за работу і вынік, справядлівасць і сумленнасць.
Сёння Алена Дукевіч ужо не баіцца змяніць месца працы: не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, здаецца, прайшла ўсе цяжкасці прафесіі і ведае ўсе падводныя камяні. Аднак яна працягвае ўдасканальваць веды – і не лічыць ганебным зноў і зноў адкрываць звод законаў, якія вельмі хутка мяняюцца, і выслухваць парады больш вопытных калег. Толькі так, упэўнена гонар раёна, і становяцца сапраўднымі прафесіяналамі.