Знаёмцеся: стыпендыятка спецфонду Прэзідэнта Надзея Аўгуль
10:47 / 12.06.2020
У Варнянскі філіял Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Надзею, як і яе малодшага брата Мацвея, запісала мама.
– З дзяцінства мяне цікавіла музыка. Я ніяк не магла зразумець, якім чынам ноты, якія мне выдаваліся нежывымі мудрагелістымі кручкамі на паперы, ад дотыку пальцаў да інструмента ператвараюцца ў прыгожую мелодыю, – разважае шасцікласніца Надзея. – Я вельмі хацела навучыцца іграць на фартэпіяна, таму чатыры гады назад стала займацца ў школе мастацтваў.
Праз некаторы час дзяўчынку на школьным калідоры спыніла педагог па вакале Марына Вітальеўна Кіб – і прапанавала прыйсці на заняткі ў харавы клас.
– Я крыху саромелася, але мама ўгаварыла. Сказала, што калі не паспрабую, потым буду шкадаваць, – з усмешкай успамінае Надзея. – Пасля некалькіх заняткаў з Марынай Вітальеўнай я канчаткова зразумела, што маё – не музыка, а спевы!
У музычнай школе дзяўчынка ходзіць на індывідуальныя і групавыя заняткі. Галоўнае, па словах Надзейкі, – распеўка: каб атрымліваўся добры звонкі гук, трэба разагрэць і падрыхтаваць галасавыя звязкі. Для гэтага яна расказвае хуткамоўкі, па складах вымаўляе гукі, спявае пад музыку ноты…
Двухгадовая сумесная работа педагога і дзяўчынкі прынесла плён: Надзея неаднаразова перамагала і станавілася прызёрам шматлікіх творчых конкурсаў – яе звонкі голас скараў раённае і рэспубліканскае журы.
Цікаўлюся ў маленькай спявачкі, ад каго яна даведалася, што стала лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
– Гэтую навіну мне паведаміла Марына Вітальеўна, – расказвае дзяўчынка. – Я ёй удзячна за ўсё: за веды, за падтрымку – вы б бачылі, як яна хвалюецца, калі я выступаю! Мне так пашанцавала з педагогам!
– І сапраўды, Марына Вітальеўна знайшла ключык да сэрца Надзейкі, – да размовы далучаецца мама. – Першыя выступленні дачкі для нас усіх былі вялікім стрэсам. А потым з дапамогай настаўніцы Надзя раскрылася: калі яна выходзіць на сцэну – адразу мяняецца, у яе крылы вырастаюць!
Дзяўчынка прызнаецца, што яшчэ не вызначылася, кім хоча стаць. Надзі, акрамя музыкі, падабаецца англійская мова, – дарэчы, як і яе старэйшай сястры Вадарыне, якая вучыцца на лінгвістычным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта.
– У маім рэпертуары ў асноўным беларускія ці народныя песні, – расказвае дзяўчынка. – Люблю слухаць сучасных выканаўцаў: з замежных – Білі Айліш, Джасцін Цімберлэйк, з айчынных – Ціма Беларускіх і Макс Корж. Ці хачу быць падобный да іх? – на хвіліну дзяўчынка задумваецца. – Напэўна, не! У кожнага свая дарога. Нават калі я не стану спявачкай – музыка і песня ўсё адно будуць са мной.
Марына Кіб, педагог харавога аддзялення:
– Надзея Аўгуль – таленавітая і адказная дзяўчынка. Акрамя таго, што яна выступае сольна, яшчэ ўдзельнічае ў вакальным ансамблі «Варняначкі». Нядаўна дзяўчаты сталі лаўрэатамі ІІ ступені аднаго з польскіх творчых конкурсаў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.