Суботнік у райвыканкаме: з рыдлёўкамі – да мядзведзяў
Добраўпарадкаваннем фотазоны «Мядзведзь і мядзведзік» займалася кіраўніцтва раёна падчас рэспубліканскага суботніка.
Кампазіцыя «Мядзведзь і мядзведзік» з’явілася ў гарадскім парку адносна нядаўна і адразу стала месцам прыцягнення дзяцей і дарослых, ператварыўшыся ў фотазону. Засмучала толькі адно: вытаптаная трава вакол новых “жыхароў” парку.
Вырашыць праблему падчас суботніка ўзяліся старшыня райвыканкама разам са сваімі намеснікамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Размеціць дарожкі, па якіх можна будзе падысці да фотазоны, падсыпаць пяском, пакласці спанбонд, устанавіць бардзюры, паламаць галаву над мудрагелістым узорам з дубовых спіловак – нягледзячы на вялікую колькасць жадаючых паўдзельнічаць у гэтай справе, работы хапала кожнаму.
Пазней вакол зоны з’явяцца кветкі і дэкаратыўныя кусты, пра якія зарання паклапацілася Астравецкае РУП ЖКГ.