Трынаццаты этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»
09:23 / 17.04.2020
Фота Алега Драгана
Чым жа знакамітая старая алея ў Малях? Пра гэта больш-менш падрабязна і дакладна адказалі амаль усе нашы канкурсанты.
Гэтыя ліпы памятаюць дотык рук і гукі крокаў вядомага вучонага і дыпламата Іосіфа Гашкевіча, першага консула Расіі ў Японіі, якога, адзінага з беласкурых, запрасілі наведаць двор сёгнуа (правіцеля Японіі) ў Эда (сённяшні Токіа). Гашкевіч напачатку 19 стагоддзя вучыў японцаў мастацтву фатаграфавання, падарыў ім барометр (сёння, калі кажуць, што мы ад іх адсталі назаўсёды, у гэта цяжка паверыць). Ён склаў першы руска-японскі слоўнік, за работу над якім атрымаў Дзямідаўскую прэмію. Увогуле жыццё Іосіфа Гашкевіча вартае таго, каб стаць асновай для сур’ёзнага рамана (кніга Валерыя Гузанава «Адысей з Белай Русі» пазнавальная і цікавая – але ў мастацкіх адносінах, на мой погляд, слабаватая) ці захапляльнага серыяла.
Адна з пастаянных удзельнікаў конкурсу Ванда Вайшнаровіч прывяла цікавыя звесткі пра маёнтак у Малях, дзе правёў апошнія гады жыцця Іосіф Гашкевіч. Ён знаходзіўся на беразе рэчкі Малькі – ніхто не можа сказаць, дзе дакладна, але прыкладна на тым месцы, дзе цяпер малочна-таварны комплекс. Пра гэта ж, дарэчы, сведчыць і накірунак ліпавай алеі.
Маёнтак быў даволі вялікі: 745 дзесяцін зямлі і 20 чалавек. Для параўнання: у вёсцы Малі прыкладна ў той жа час налічвалася 40 гаспадарак, 234 жыхары і ўсяго 354 дзесяціны зямлі – у два разы менш, чым у маёнтку.
Дзе пахаваны Іосіф Гашкевіч, невядома. Сын яго, які нарадзіўся ў Малях і якога назвалі, як і бацьку, Іосіфам, таксама стаў вядомым чалавекам. Ён знайшоў супакой на могілках Роса ў Вільні.
На гэты раз правільныя адказы на пытанне дало дзевяць чалавек. Па аднаму балу атрымалі Віктар Карэйба і Сяргей Жукоўскі, па два – Ванда Вайшнаровіч і Ганна Мілашэвіч, па тры – Вікторыя Іванцэвіч, Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч, Алена Памецька і Марына Кімса. Расповеды апошняй канкурсанткі не проста дакладныя – яны вызначаюцца грунтоўнасцю і шматлікімі падрабязнасцямі, якіх не здабудзеш, адкрыўшы адпаведную спасылку ў Вікіпедзіі. Не дзіва, што Марына Кімса лідзіруе ў конкурсе з 35 баламі. На подступах – Алег Драган і Алена Памецька, у якіх па 32 балы.
Дзе гэта, што гэта?
Фота Алеся Юркойця
Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.
Звяртаем увагу, што змяніліся тэлефоны, па якіх прымаюцца адказы на пытанні конкурсу: званіць можна па нумарах +375 29 3287599, 7-08-44, 2-03-64. Таксама адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).