У тройцы лідараў пасяўной кампаніі – РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»

09:44 / 03.04.2020
Небывалы спрыт на пасяўной паказваюць хлебаробы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Яны нага ў нагу крочаць з пастаяннымі лідарамі асноўных сельскагаспадарчых работ –  КСУП «Гудагай» і «Гервяты». На пачатак красавіка гэтыя гаспадаркі засеялі раннімі збожжавымі і зернебабовымі культурамі больш за 70% плошчаў. 

У адведзеныя раённай інспек­цыяй дзяржтэхагляду тэрміны падрыхтаваць да сяўбы ўсе трактары ў саўгасных механізатараў не атрымалася – тэхніка прайшла праверку пазней. Цяпер ударнымі тэмпамі ў гаспадарцы сеюць раннія збожжавыя культуры. 

IMG_2639.jpg



– Восенню добра папра­цавалі: азімы клін збожжавых і рапсу склаў 1 500 гектараў – гэта на 300 больш, чым пазалетась, – расказвае галоўны аграном РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзмітрый Малючак. – Структура яравых пасеваў сёлета амаль не змянілася: плануем пасеяць 2 726 гектараў, з якіх 1 300 адвядзём пад збожжавыя: па 100 гектараў – пад авёс і зернебабовыя, 700 – пад ячмень, 400 – пад пшаніцу.

IMG_2609.jpg



Дарэчы, на першых палях –  насенне на іх было прыгорнута ў пачатку сакавіка – ужо прарос ячмень.

IMG_2680.jpg

Ад камення палі вызваляюць Вера Рабкоўская, Аляксандр Пясецкі і Ала Крывіцкая


– Надвор’е ў апошнія гады непрадказальнае. Летась засушыла, цяпер прымаразкі раніцай у поле сеялкі не пус­каюць, – працягвае галоўны тэхнолаг саўгасных палёў. – А ўвогуле азімыя рапс і збожжавыя перазімавалі добра, аднак мінусавая тэмпература – вялікі стрэс для раслін.

Цяпер на палях гаспадаркі працуюць тры глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты,  агульнымі намаганнямі якіх за дзень засяваецца да 75 гектараў. Адна СПУшка задзейнічана на падсеве траў. 

IMG_2624.jpg

Часлаў Селікоўскі возіць галоўнага агранома


IMG_2645.jpg

Вадзіцель Павел Селікоўскі працуе ў саўгасе другі год



Валерый Жэгарыс, які ў дзень майго прыезду сеяў пшаніцу, па прыкладзе бацькі стаў механізатарам – да слова, Іосіф Станіслававіч працуе ў саўгасе больш за 30 гадоў і кожнае лета на «Лідзе» ўбірае ўраджай. 

– Калі дазваляе надвор’е, то  працуем з 8 да 21 гадзіны, – расказвае сейбіт. – На сеялцы працую толькі другі сезон – падабаецца. Настрой на працу добры, толькі надвор’е падводзіць.

IMG_2605.jpg



Побач з полем на МАЗе «дзяжурыў» Дзмітрый Шэша: засыпаў збожжа, калі яно заканчвалася ў бункеры пасяўнога агрэгата. Кожны год разам з цесцем мужчына шчыруе на жніве: больш таго, летась упершыню за шмат гадоў гэты камбайнерскі экіпаж увайшоў у пяцёрку першых «тысячнікаў» раёна. За механізатарам замацавана некалькі адзінак  тэхнікі: МАЗ, касілка КЗР, збожжаўборачны камбайн.  

– Цяпер сеем, а праз некалькі месяцаў будзем жаць. Якія прагнозы раблю на новы ўраджай? – перапытвае мужчына. – Гэта залежыць ад майскага надвор’я, але і цяпер вільгаці ў глебе малавата. 

IMG_2617.jpg



Яшчэ адзін перадавік уборачнай кампаніі Іван Аўгуль пачас сяўбы культывуе глебу – летась мужчына перасеў на новы трактар МТЗ-1221. З тэхні­­кай механізатар на «ты» – новая машына яго не падвяла: па выніках раённага спаборніцт­ва сярод аратых Іван Часлававіч мінулай восенню заняў 2 месца. 

– За дзень рыхтую да сяўбы каля 20 гектараў глебы, – расказвае механізатар. – Каб не прымаразкі, у полі працавалі б з самага ранку, а так да гадзін 12 даводзіцца чакаць, пакуль адпусціцца зямля. Спадзяюся, што надвор’е хоць сёлета паспрыяе хлебаробам. Было б здароўе – за намі справа не пастаіць. 

IMG_2630.jpg



На іншым полі пшаніцу ў глебу прыгортваў Віктар Грыгаровіч. 

– У лепшым выпадку за дзень засяваю каля 30 гектараў, –  расказвае сейбіт. – Пратручанае насенне прывозяць з зернескладаў «Рытань» і «Падольцы». Думаю, за тыдзень-другі закончым са збожжавымі і возьмемся за кукурузу і цукровыя буракі. 

IMG_2660.jpg



…Спадзяёмся, што да канца пасяўной кампаніі саўгасныя хлебаробы не растрацяць спрыту – і надалей будуць крочыць нага ў нагу з гудагайцамі і гервятцамі.


Мы ў вобласці

▪ Паводле аператыўных даных сектара раслі­на­водства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і хар­чавання, на 2 красавіка на 4 677 гектараў трапіла насенне ранніх збожжавых і зернебабовых – гэта 61% ад плана. Для параўнання: на Гродзеншчыне яравы клін засеяны раннімі збожжавымі на 58 %. 

▪  З яравой сяўбой аграрыі Астравеччыны справіліся на 29%, у вобласці – на 23%.

▪  Па тэмпах падрыхтоўкі глебы пад сяўбу яравых культур астраўчане займаюць 3 месца ў вобласці – нашы механізатары падрыхтавалі 8 206 гектара.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич