Якія «абноўкі» набылі ў «Гервятах» да сяўбы
12:16 / 31.03.2020
– Нічога дзіўнага, – з усмешкай гаворыць галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – Паспяховасць правядзення пасяўной кампаніі залежыць ад некалькіх складнікаў: тэхнікі, кадраў, наяўнасці паліва і ўгнаенняў. Ні з чым з вышэй пералічанага ў нас няма праблем. Галоўнае, каб спрыяла надвор’е і не было прымаразкаў – тады своечасова адсеемся і, спадзяюся, будзем з ураджаем.
Дарэчы, да пачатку сяўбы гервятцы грунтоўна папоўнілі парк прычапных агрэгатаў: набылі аўстрыйскую камбінаваную сеялку фірмы Pottinger, сеялку для насення кукурузы, культыватар і прэс-падборшчык.
Аляксандр Кірксаў падвозіць збожжа з зернесклада на поле
Вадзіцель Анатоль Койра
У дзень майго прыезду на гервяцкіх палях збожжа і травы сеялі тры сеялкі, дзве СПУшкі падсявалі шматгадовыя травы, два культыватары з дзевяціметровым і два шасціметровым захопам прыкрывалі вільгаць у глебе.
Новую «аўстрыйку» даверылі маладому, але вопытнаму механізатару Рымантасу Трапшысу, які сеяў авёс.
– Унікальнасць гэтай сеялкі ў тым, што адначасова з насеннем у глебу ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, – гаворыць сейбіт. – Яшчэ гэты агрэгат, у адрозненне ад іншых, не такі адчувальны да камянёў.
Для Эдуарда Мілэйшы – да слова, партрэт мужчыны неаднаразова заносіліся на раённую Дошку гонару і прадпрыемства – сёлетняя пасяўная – пятнаццатая. У дзень майго прыезду мужчына сеяў сумесь райгасу.
– На жаль, з-за прымаразкаў у поле выязджаем значна пазней, чым звычайна. Цяпер за дзень засяваю каля дваццаці гектараў, а пры спрыяльных умовах – каля сарака, – гаворыць сейбіт. – Аб’ём работ залежыць ад культуры, якую сеем. Найхутчэй прыгортваць у глебу рапс.
Лепшы араты раёна Анджэй Ясевіч на сёлетніх вясенне-палявых работах апынуўся не ў сваёй стыхіі: «ходзіць» па полі не з плугамі, а за штурвалам трактара ў счэпцы з пасяўным агрэгатам.
– Дзень на дзень не прыходзіцца – працуецца па-рознаму. Чаму? – мужчына перапытвае. – Паліва ёсць, абеды прывозяць у поле, а вось добрага надвор’я не хапае. За дзень засяваю каля трыццаці гектараў.
Група яравых у «Гервятах» ні колькасна, ні якасна не змянілася ў параўнанні з мінулым годам. Падчас веснавой сяўбы тут плануюць пасеяць 3 589 гектараў, з якіх 1 300 зоймуць раннія збожжавыя культуры.
– Пад ячмень адвялі 900 гектараў, у тым ліку 150 – пад півавараны, авёс і зернебабовыя зоймуць па 200 гектараў, – працягвае галоўны тэхнолаг гервяцкіх палёў. – Сёлета адмовіліся ад яравой пшаніцы. Па-першае, у параўнанні з іншымі культурамі яе вырошчванне патрабуе шмат грашовых укладанняў, а па-другое – яна горш родзіць за азімую. У сённяшніх рэаліях трэба лічыць кожны рубель. Затое пад кукурузу на зерне запланавана на 100 гектараў больш, чым летась.
Цукровыя буракі «прапішуцца» на 500 гектарах. Калі ў мінулыя гады бралі насенне са Слуцкага цукровага завода ў лік будучага ўраджаю, то сёлета набываем яго за ўласныя сродкі. Летась на зіму пасеялі на 100 гектараў больш гібрыднага жыта – яно не патрабавальнае і на круг дае каля 60 цэнтнераў. Увогуле, з восені добра папрацавалі: пасеялі 2 701 гектар азімых – найбольш за апошнія гады.
Аднак не збожжам адзіным – якасныя кармы яшчэ ніхто не адмяняў. Па словах галоўнага агранома Аляксандра Кавалькі, сёлета ў гаспадарцы засеяць 200 гектараў люцэрнай – адной з найбольш карысных і спажыўных культур для жывёлы. Для гэтага ўжо набылі шэсць тон насення.
Глебу культывуе Іосіф Масевіч
Таксама ў КСУП «Гервяты» з восені пасеялі 170 гектараў жыта і свірэпіцы – эксперымент з паласнымі пасевамі цалкам апраўдаў сябе і больш таго – прыжыўся.
– Сутнасць тэхналогіі кулісных пасеваў – у высяванні палосамі жыта і свірэпіцы, – тлумачыць галоўны аграном. – Сумесь гэтых культур – адзін з самых ранніх варыянтаў паўнавартаснай зялёнай падкормкі для грамадскага статка.
Дарэчы, пад сяўбу яравых мінеральныя ўгнаенні гервятцы набывалі не праз «Гроднааблсельгастэхніку», а за ўласныя сродкі – гэта напалавіну зэканоміла грошы.
– Хто лічыць – той і мае, – на развітанне гаворыць Аляксандр. – А ў раслінаводстве галоўнае – прытрымлівацца тэхналогіі. Калі своечасова пасееш і падкорміш, апрацуеш ад шкоднікаў і пустазелля, будзеш з ураджаем. Толькі б надвор’е не падвяло…
ЛІЧБА: агульнымі намаганнямі трох пасяўных агрэгатаў за дзень у гаспадарцы засяваецца 185 гектараў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.