Аб чым марыць пакарыцелька молата з Варнян Марыёла Букель

10:54 / 31.03.2020
Усмешлівая, таварыская, разважлівая, адкрытая і  ўлюбёная ў спорт – усё гэта пра дзяўчыну, якая не баіцца цяжкасцей, верыць у свае сілы і марыць трапіць на Алімпійскія гульні. Знаёмцеся: Марыёла Букель.

1.jpg


– Дзяўчына і молат – незвычайнае спалучэнне. Чаму выбралі ме­навіта гэты спартыўны снарад?

– Ды ўсё неяк само сабой атрымалася. У дзяцінстве мне падабалася танцаваць – хадзіла на гурток да Таццяны Ві­толь­даўны Клышко. А потым у школьным летніку неяк падсела на спорт, тады з намі займаў­ся трэнер Анд­рэй Уладзіслававіч Блашкевіч. Пасля ў верасні ён сказаў, што ў мяне ёсць здольнасці да лёгкай атлетыкі, і прапанаваў трэніравацца. Так усё і пачалося. 

– Але чаму молат?

– Ой, шчыра кажучы, я спачатку і ведаць не ведала, што гэта такое. (Усміхаецца.) Ды што там ведаць – ні разу не чула ні пра які спартыўны молат. Я выступала ў шматбор’і: бегала, скакала. Андрэй Уладзіслававіч хацеў, каб займалася бегам з бар’ерамі. Спрабавала, але асаблівых вынікаў не паказала – не ляжала ў мяне душа да гэтага віду спорту. Пасля атрымала траўму калена – і вырашыла з бегам завязаць. Пачала кідаць дыск, штурхаць ядро – быццам бы атрымлівалася, але ўсё роўна нешта было не тое. Падчас адных спаборніцтваў мяне заўважыла Наталля Уладзіміраўна Германюк, у якой я цяпер трэніруюся. Яна і прапанавала паспрабаваць кінуць молат. Спачатку сумнявалася: па-першае, я нічога не ведала пра гэты снарад, а па-другое, лічыла, што дзяўчаты, якія кідаюць молат, павінны быць, мякка кажучы, не худзенькімі. (Усміхаецца.) Неяк мы з сяброўкамі ў якасці гледачоў пайшлі на спа­борніцтвы па кіданні гэтага снарада. Паглядзела, а там нават хлопцы хударлявыя ды мініяцюрныя ўдзельнічалі, не кажучы пра дзяўчат. Вырашыла паспрабаваць і я. Як зараз памятаю, упершыню ўзяла молат чацвёртага жніўня – і гэта было захапленне з першага дотыку. Наталля Уладзіміраўна якраз набірала сабе групу – і пасля сёмага класа я паехала вучыцца ў Гродзенскае вучылішча алім­пійскага рэзерву.

3.jpg



– Не страшна было ў такім узросце змяніць Варняны на буйны горад? Як мама адпусціла?

– Ды як жа было не адпусціць – вочы ўсё гарэлі, як пра спа­борніцтвы рас­казвала, – далучаецца да гутаркі мама Марыёлы Валянціна Мар’я­наўна. – Я і сама ў юнацтве спортам захаплялася, толькі магчымасці не было раз­вівацца. Вось і падумала – хай дачка займаецца, раз ёй па душы.

– Першы час было складана маральна: сумавала па маме, бабулі, хаце. Паступова прывыкла. А трэніравацца заўсёды падабалася – у Андрэя Блашкевіча часам было цяжэй. Да таго ж адразу зразумела, што молат – гэта маё. І вынік не прымусіў доўга чакаць: праз два месяцы заняткаў кінула молат на 42 метры – усе казалі, што гэта вельмі добра. Крыху пазней былі рэспубліканскія спаборніцтвы – там перамагла з вынікам 52 метры. Многія здзіўляліся, што так хутка ўвайшла ў форму. У мяне ўсё пачалося з молата!

KOptQBdtGQ8.jpg



– Студэнты перад экзаменамі клічуць халяву ці кладуць кніжку пад падушку. Ці ёсць нейкія рытуалы ў спартсменаў, і як паводзіце сябе перад спаборніцтвамі?

– Гэта ў кожнага індывідуальна. Я звычайна стараюся абстрагавацца ад усіх і ўсяго. Для гэтага слухаю музыку ў навушніках і стараюся ні аб чым не думаць. А ўжо дзесьці за некалькі хвілін да выхаду ў сектар пракручваю ў думках тэхніку, уяўляю, як і што буду рабіць. Я змагаюся не з саперніцамі – яны такія ж спартсменкі, як і я, – а са сваім вынікам. Іншым здаецца, што выступаю добра, а я заўсёды незадаволена, бо хочацца кінуць молат як мага далей. 

– Максімальная адлегласць, на якую давялося кінуць молат?

– Пакуль найлепшы вынік я прадэманстравала ў мінулым годзе падчас еўрапеўскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў Баку: кінула молат на 70,52 мет­ра – і гэта нацыянальны рэкорд Беларусі. 

IMG_3154.jpg



– Кумір сярод спартсменаў?

– Без варыянтаў – Іван Ціхан. Я часта трэніруюся з ім на зборах – гэта неверагодны чалавек. Ён так шмат ведае пра спорт, заўсёды дапаможа карыснымі парадамі і вельмі просты ў стасунках. Для мяне кожнае слова Івана Рыгоравіча пра тэхніку кідання молата – каштоўны вопыт. Ён круты спартсмен і цікавы чалавек!

– А зараз не пра спорт. Марыёла – рэдкае імя. Чаму такое? 

– Мяне так назвала мама. Шчыра кажучы, доўгі час я вельмі не любіла сваё імя. І толькі калі стала выступаць на адкрытых турнірах, міжнародных спаборніцтвах, зразумела, якое яно рэдкае і прыгожае. Нідзе не сустракала сваёй цёзкі – і гэта здорава.

– У маладосці я працавала швачкай у Польшчы, – дадае маці дзяўчыны. – Жыла на кватэры, а гаспадыню звалі Марыё­ла. Яна была вельмі добрай і спагадлівай. Вось тады і вырашыла: калі ў мяне будзе дачка – назаву Марыёлай.

– Якой, па-вашаму, павінна быць дзяўчына? 

– Самой сабой – такой, якая яна ёсць на самой справе. І тады абавязкова знойдзецца той, каму яна спадабаецца. А штучнасць у любым выпадку аднойчы адкрыецца – і будзе толькі горш.

– Пра што марыце?

– Пакуль ёсць магчымасць, зай­мацца молатам. Кінуць молат на 85 метраў. (Сусветны рэкорд зараз складае 82 метры. – Заўв.аўт.) Выступіць на Алімпійскіх гульнях – пра гэта марыць абсалютна кожны спартсмен. Апусціцца на дно акіяна і паплаваць з рыбкамі ці падняцца на высокую гару – люблю экстрым.

– Калі б вы выйгралі вялікую суму грошай, на што б патрацілі?

– Адкрыла б у Астраўцы ці дзесьці ў раёне сектар для кі­дан­ня молата. Адрэстаўрава­ла б наш дом. Астатнія грошы, калі б яны засталіся, уклала ў якую-небудзь справу: мая мама цудоўная швачка – магчыма, адкрылі б атэлье.

– Уявіце, што ў вас ёсць дзеці – аддалі б іх у вялікі спорт?

– Гэта было б толькі іх рашэнне. Я раскажу ім, што быць спартсменам вельмі няпроста, але перашкаджаць не буду і, па магчымасці, дапамагу парадамі. У іх будзе свой шлях, які яны пройдуць самастойна.

– Не задумваючыся, пра­доў­жыце фразу: я не люблю…

– Грэчку, ды і наогул амаль усе кашы, спякоту, вучыцца.

– А цяпер: я люблю…

– Маму, бабулю, молат, Варняны.

– Дзякуй за гутарку. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: