Конкурс «Пазнай Астравеччыну»: дзясяты тур

08:53 / 27.03.2020
Пасля некалькіх крыўдных памылак нашых кан­кур­сантаў з адказам на пытанне пра палац Мінейкаў у Дубніках у дзявятым туры мы прапанавалі чытачам, на наш погляд, не вельмі складанае заданне: касцёл Міхала Арханёла ў Міхалішках хоць і зняты з не самага звыклага ракурсу, але ж фігура яго заступніка над уваходам  яскрава сведчыць пра прыналежнасць.

1.jpg



Большасць канкурсантаў расказалі, што гэты храм быў узведзены пры кляштары аўгустынаў, заснаваным у 1622 годзе, па розных звестках, у 1653 альбо ў 1662 годзе. 

А Вікторыя Іванцэвіч знайшла звесткі, што вядомы гісторык мастацтва Станіслаў Лёранц, які ў 1930-я гады займаўся вывучэннем помнікаў архітэктуры Віленшчыны, сцвярджае, што ў 1653-м у Міхалішках быў пабудаваны мураваны касцёл у гонар Яна Хрысціцеля, які ў архіўным інвентары 1654 года названы новым. У адзначаным інвентары касцёл прысвечаны Яну Хрысціцелю, а храм, які існуе і сёння, асвечаны толькі ў 1700 годзе ў  гонар св. Міхала Арханёла віленскім біскупам Цыпрыянам Паўлам Бжастоўскім – магчыма, гаворка ідзе пра дзве розныя святыні.

3.jpg



Аўтарам гэтага помніка беларускай культавай архітэктуры лічыцца Крыстафер Пэнс. Касцёл пабудаваны ў стылі «сармацкага» барока – гэта першае збудаванне ў падобным стылі ў гісторыі беларускай архітэктуры. Храм мае рысы пабудоў абарончага тыпу, але на самой справе абарончых функцый касцёл не мае.

Строгае, нават аскетычнае вонкавае аблічча храма кантрастуе з пышным барочным аздабленнем інтэр’ера, якое зрабіла ў 1684-1700 гг. група замежных майстроў-дэкаратараў у складзе Джавані Марыя Галі, Андрэа Капоне, Яна Пенса (сына архітэктара) пад кіраўніцтвам Пятра Іагана Перці (П’етра Пярэцці), які аздабляў і касцёл Пятра і Паўла ў Вільні. Замежным мастакам дапамагаў мясцовы майстар Мікалай Жылевіч. 

6.jpg



Ванда Вайшнаровіч расказала, што міхалішкаўскі касцёл моцна пацярпеў не толькі ў Першую сусветную вайну, але і падчас Другой: у яго трапіў снарад. Але адзіным пашкоджаннем стаў згарэлы дах  – пасля вайны яго накрылі саломай.  

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла – помнік гісторыка-культурнай каштоўнасці ІІ катэгорыі. Ён ніколі не зачыняўся. 

На гэты раз усе ўдзельнікі конкурсу правільна адказалі на пытанне – заліковыя ачкі атрымала 10 чалавек. Адзін бал налічаны Сяргею Жукоўскаму, па два – Алесі Абухоўскай, Ганне Мілашэвіч, Вандзе Вайшнаровіч, па тры – Святлане Марозавай, Жанне Волк-Леановіч, Алегу Драгану, Марыне Кімса, Вікторыі Іванцэвіч, Алене Памецька.

Пакуль што тройка лідараў не памянялася: Марына Кімса (26 балаў), Алег Драган і Алена Памецька (па 23 балы). На подступах да іх – Ганна Мілашэвіч (19 балаў) і Жанна Волк-Леановіч (18 балаў).

Магчыма, зменіць становішча ў тур­нір­най табліцы наступнае заданне – на наш погляд, даволі складанае.  


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Падказка: гэтая драўляная скульптура стаіць на могілках. Хацелася б даведацца, на якіх і чым быў знакаміты чалавек, на магіле якога ўстаноўлены такі арыгінальны помнік.

Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).


Текст: Нина Рыбик