Гудагайцы – лідары яравой сяўбы
У апошнія гады надвор’е значна карэктыруе тэрміны галоўных сельскагаспадарчых работ: сёлетняя яравая сяўба – ранняя і нецярплівая.
Пра ход вясенне-палявых работ наш карэспандэнт даведаўся ў лідара пасяўной кампаніі – КСУП «Гудагай». Напрыканцы мінулага тыдня аграрыі гэтай гаспадаркі раннімі збожжавымі і зернебабовымі культурамі засеялі больш за палову ад запланаваных плошчаў.
У галоўнага агранома КСУП «Гудагай» Андрэя Ненартовіча, цікаўлюся, чым абумоўлены такі спрыт.
– Пазалетась набылі два пасяўныя агрэгаты аўстрыйскай і нямецкай вытворчасцей, сёлета дакупілі сістэмы «Ааўтапілот». Механізатары ўносяць даныя і разварочваюць трактары, а за дакладнасць сяўбы адказвае навігатар, – расказаў галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў.
Новыя сеялкі ў гаспадарцы даверылі вопытным механізатарам Пятру Сяргею і Вацлаву Кандратовічу.
У дзень майго прыезду трактар «Джон-Дзір» у счэпцы з пасяўным агрэгатам вытворчасці аўстрыйскай фірмы Pottinger працаваў побач з вёскай Мішкуці.
– Пазалетась на нашых палях пасяўны агрэгат праходзіў тэсціроўку – нараканняў не было, таму кіраўніцтва вырашыла яго набыць, – гаворыць сейбіт Вацлаў Кандратовіч. – У адрозненне ад «Амазоніі» тут дыскавая фрэза – сеялцы не страшныя камяні і дакладнасць высеву высокая. Тэхнікай можна кіраваць з дапамогай спутнікавай сістэмы: задаецца праграма і трактар у счэпцы з пасяўным агрэгатам ідзе роўна па лініі з кропкі А ў кропку Б. Нічога не скажаш – разумная сістэма!
За дзень сейбіт засявае да 40 гектараў.
– Добра, што пакуль сею ячмень. Адзін сорт – не трэба чысціць бункер, – працягвае сейбіт. – У бункер змяшчаецца каля дзвюх з палавінай тон насення – ім засяваю каля 11 гектараў. Два-тры разы на дзень «запраўляю» сваю «аўстрыйку» збожжам.
Следам за «Джон-Дзірам» у поле выходзіць мініяцюрная СПУшка – падсевам шматгадовых траў не першы год займаецца механізатар Аляксандр Замара.
– На кожную культуру свая норма высеву. Густа насенне прарасце – дрэнна, рэдка – таксама, – тлумачыць мужчына. – Таму трэба строга прытрымлівацца тэхналогіі.
Акрамя сучасных пасяўных агрэгатаў, на ўзбраенні ў гудагайцаў яшчэ адно новаўвядзенне: сёлета МАЗы абсталявалі спецыяльнымі загрузчыкамі насення – у бункеры сеялак збожжа паступае механізавана.
Да слова, структура яравога кліна ў КСУП «Гудагай» сёлета моцна не змянілася: пад збожавыя адвялі крыху больш за 1 300 гектараў, з іх пад ячмень – 705, авёс – 230, пад пшаніцу – 140, зернебабовыя – 250.
– У сувязі з адкрыццём цэха па перапрацоўцы насення рапсу на чвэрць павялічылі плошчы пад гэтай культурай. З восені пасеялі крыжакветкавы на 600 гектарах, – расказвае галоўны аграном. – Пад пшаніцу вырашылі адвесці крыху менш, чым ў мінулым годзе: яравая менш ураджайная за азімую і на круг дае на 10-15 цэнтнераў менш. Плошчы пад кукурузу і цукровыя буракі засталіся на ўзроўні мінулага года.
Не меш важная задача – своечасова падкарміць азімыя збожжавыя і рапс. У дзень майго прыезду механізатар Аляксей Сакалоўскі ўносіў сульфат амонію на пасевы крыжакветкавага.
– На першы погляд рапс падаецца непрыгожым. Атрымаўшы патрэбную дозу мінеральнай падпіткі, ён падужае і будзе развіваць вегетатыўную масу, – растлумачыў Андрэй Ненартовіч. – Вільгаці ў глебе хапае, мы актыўна яе закрываем. Галоўнае, каб не было прымаразкаў – гэта вялікі стрэс для раслін. А ў цэлым – гэтая пасяўная, як ніколі спакойная: ёсць фронт работ, кожны працаўнік ведае, за што адказвае.
ЛІЧБА ДНЯ
767 гектараў засеялі раннімі збожжавымі культурамі ў КСУП «Гудагай» па стане на 24 сакавіка.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.