Эпидемия страха страшнее, чем пандемия коронавиурса
11:36 / 24.03.2020
І звесткі, што перадаюць тэлеканалы, радыёпраграмы, газеты, сайты, маласуцяшальныя. Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла распаўсюджванне COVID-19 пандэміяй, эпіцэнтр якой з далёкага Кітая перамясціўся ў Еўропу, а гэта значыць – да нас. Краіны свету адна за адной аб’яўляюць каранцін і закрываюць межы – нават Расія, з якой у нас і граніцы як такой няма. Адменены чэмпіянат Еўропы па футболу, на няпэўны тэрмін перанесены песенны конкурс «Еўрабачанне» і Канскі кінафестываль.
Здаецца, свет звар’яцеў. Пустыя паліцы ў супермаркетах у тых краінах, дзе даўно забыліся слова «дэфіцыт». Бязлюдныя вуліцы ў мегаполісах. Зачыненыя школы і ўніверсітэты. Так, інфекцыя, так, небяспечная, асабліва для людзей з аслабленым імунітэтам, але ж большая частка нават тых, хто захварэў, паспяхова вылечваюцца ў адрозненне, скажам, ад таго ж СНІДу – а такое ўражанне, што каронавірусу цяпер баяцца больш, чым ядзернай пагрозы.
Ды і ў нашай краіне слова «каронавірус» цяпер вымаўляе без памылак нават бабулька з далёкага хутара. Пэўная частка беларускага грамадства таксама зайшлася ў істэрыцы: чаму Беларусь не закрывае граніцы, не ўводзіць каранцін – хоць логіка падказвае, што, калі агароджу паставілі ўсе твае суседзі, то ў цябе ўжо няма такой патрэбы… Калі вы баіцеся, каб ваша дзіця не прынесла са школы ці не прывезла з універсітэту вірус – то не пускайце яго туды. Як напісаў адзін карыстальнік інтэрнэту: хто забараняе вам прадоўжыць свайму дзіцяці канікулы на які заўгодна тэрмін, калі ёсць такая магчымасць? А калі магчымасці няма, то ўвядзенне каранціну яе не прадставіць, а хутчэй пагоршыць сітуацыю: калі зачыняцца школы-садкі і таты-матулі застануцца дома з дзецьмі, то хто будзе лячыць тых жа хворых у бальніцах, абслугоўваць нас у магазінах, прадаваць лякарствы ў аптэках і прымаць кліентаў-пацыентаў у іншых жыццёва важных установах? Не ўсе ж маюць магчымасць працаваць і вучыцца дыстанцыйна…
Мне здаецца, што ў сітуацыі з каронавірусам назіраюцца дзве крайнасці. Адна: усё прапала, свет на грані катастрофы, ратуйцеся, хто можа і як можа! Другая: ды пляваць мы хацелі на гэты COVID-19, не такое бачылі! Зараз сто грамаў шахнем, часнаком закусім – і на трактар! І хай паспрабуе дагнаць!
А ісціна, як заўсёды, недзе пасярэдзіне.
Канешне, не варта прымяншаць пагрозы, якую тоіць у сабе каронавірус, – паглядзіце хоць бы статыстыку памерлых ад гэтай інфекцыі ў свеце. Тысячы людзей, што пайшлі з жыцця, – гэта тысячы трагедый, і тое, што адбыліся яны ў сем’ях незнаёмых нам людзей, не прымяншае маштабаў бяды. А заразілася ўжо больш як 200 тысяч у 150 краінах свету! Так што, як бы ні хацелася мне і дзясяткам іншых раённых знатакоў у мінулы аўторак пагуляць у любімыя інтэлектуальныя гульні, мы з разуменнем успрынялі адмену ўсіх масавых мерапрыемстваў у раёне – беражонага Бог беражэ. І, вярнуўшыся з рэдакцыйнага задання ці проста з вуліцы, усе члены нашага калектыву ўзялі за правіла не толькі мыць рукі з мылам, але і апрацоўваць іх антысэптыкам – не варта гуляць у хованкі з агнём! І паездкі далёкія і блізкія адкладваюцца, і ў магазіны «на экскурсію» цяпер ужо ніхто не ходзіць – толькі па патрэбе.
Але і ўпадаць у паніку, як робяць некаторыя, і скупляць усё, ствараючы запасы круп і туалетнай паперы на год наперад, усё ж, напэўна, не варта. Па-першае, не факт, што ўсё гэта вам спатрэбіцца – ёсць верагоднасць, што яно сапсуецца раней, чым вы яго скарыстаеце. І хочацца спадзявацца, пандэмія скончыцца хутчэй, чым закончацца стратэгічныя запасы панікёраў: ужо прыходзяць абнадзейваючыя весткі з Кітая, дзе ўсё пачалося, ёсць паведамленні, што знайшлі лякарства ад каронавірусу ў Амерыцы, – прарвёмся!
Пры ўмове, вядома, што кожны будзе адказна ставіцца не толькі да свайго ўласнага здароўя, але і да тых, хто побач. Так, дзеці і моладзь, як правіла, не хварэюць – але могуць пераносіць вірус. Таму лепш ім самім і іх бабулям і дзядулям лішні раз памыць рукі, надзець маску, трымацца далей ад натоўпу. А калі вы вярнуліся з-за мяжы, то нават у цудоўным настроі і самаадчуванні, каб пераканацца, што ўсё ў вас добра, – здайце тэст: і вам спакайней, і іншым. А да «пафігістаў», якія, не маючы сімптомаў захворвання, могуць заразіць мноства людзей, трэба прымяняць сур’ёзныя меры: ну, калі не даходзіць, то трэба растлумачыць…
…І ўсё ж я пераканана – гаварыла пра гэта ўжо неаднойчы, і чатыры гады жыцця на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі таксама ўсё было незразумела і страшна, мяне лішні раз пераканалі ў гэтым, што страшней любой эпідэміі пандэмія страху, якая сёння рухаецца па планеце хутчэй за каронавірус: яна прыносіць больш шкоды здароўю, эканоміцы і нават нацыянальнай бяспецы, чым любая хвароба.
Таму давайце змагацца з каронавірусам усімі даступнымі сродкамі. Але пры гэтым не страчваць розуму.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.